Году малой радзімы - годную працу. Шчучыншчына ўшаноўвала сваіх перадавікоў

Зямля, на якой мы нарадзіліся, выраслі і жывем, - гэта зямля нашых продкаў, няма больш ганаровай і годнай місіі, чым працаваць на ёй і аддаваць роднай зямлі сваю любоў і душу ... Гэтыя словы сталі дэвізам ўсяго жыцця для лепшых працаўнікоў Шчучынскага раёна. Іх нямала - людзей, якімі па праве ганарацца працоўныя калектывы і ўвесь шчучынскі край. Бо менавіта іх праца кладзецца ў аснову маштабнага будаўніцтва і развіцця, якое ідзе сёння ў раёне, вобласці і краіне.

Сёння ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася важная падзея ў грамадскім жыцці раёна - злёт перадавікоў вытворчасці і лепшых па прафесіі ў сацыяльна-культурнай сферы. У фае прадпрыемствы раёна разгарнулі выставы сваёй прадукцыі з дэгустацыяй, паказам працоўных спраў сваіх калектываў. Маляўнічыя выставы, фотастэнды і прэзентацыі вырабаў народнай творчасці арганізавалі ўстановы адукацыі і культуры.

Раздзялілі свята са шчучынцамі пракурор Гродзенскай вобласці В.М. Корзун, Ганаровыя грамадзяне горада Шчучына В.І. Казяк, Э.С. Дзікевіч, В.Л. Жоль, былыя кіраўнікі Шчучынскага раёна І.Ю. Сакалоўскі і А.П. Васько.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў злёту, старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік адзначыў, што ва ўсе часы галоўным багаццем Шчучыншчыны заўсёды былі і застаюцца працавітыя, таленавітыя, творчыя людзі, тыя, хто любіць свой раён і прыкладае для яго росквіту ўсе намаганні, укладвае ў гэта душу, сілы, творчасць.

Кіраўнік раёна спыніўся на ключавых аспектах развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

-- У мінулым годзе, працуючы разам, атрымалася дамагчыся нядрэнных вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, - падкрэсліў Сяргей Васільевіч. - Шчучыншчына дынамічна развіваецца, з'яўляюцца новыя вытворчасці і працоўныя месцы, будуюцца дарогі, жылыя дамы, важныя сацыяльныя аб'екты. Нам ёсць чым ганарыцца і ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, і ў адукацыі, сістэме сацыяльнай абароны, развіцці культуры і спорту. Сапраўдным залогам поспеху з'яўляецца ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы многіх жыхароў раёна.

Сяргей Васільевіч выказаў словы ўдзячнасці працаўнікам за высокапрадукцыйную, самаадданую працу, праяўленую настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэтаў і выказаў упэўненасць, што і ў будучым у Шчучынскім рэгіёне будзе нарошчвацца эканамічны патэнцыял, стварацца матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці і тым самым павышацца дабрабыт насельніцтва.

Словы падзякі за сумленную і высакародную працу лепшыя шчучынскія працаўнікі пачулі і ад пракурора Гродзенскай вобласці В.М. Корзуна, які таксама выканаў прыемную місію - уручыў Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама загадчыцы аддзела землеўпарадкавання Шчучынскага райвыканкама А.А. Кавалёвай і Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў начальніку аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі РАУС маёру міліцыі А.Г. Качану і мастацкаму кіраўніку РЦКіНТ М.І. Вінчэўскай.

Па традыцыі ў гэты дзень на святочную сцэну па чарзе падымаліся пераможцы спаборніцтваў у розных галінах і сферах дзейнасці. У іх гонар гучалі словы прывітання і падзякі таксама ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. Сяргей Васільевіч і Ганна Станіславаўна ўручылі Ганаровыя пераходныя сцягі працоўным калектывам ААТ “Шчучынскі завод «Аўтапровад», ААТ «Дэмбрава», МПМК №167, філіяла «Аўтапарк №12 г. Шчучына», актывістам Ражанкаўскага сельсавета.

Горача і сардэчна зала вітала пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прадпрыемстваў, малога і сярэдняга бізнесу, чый поспех - яркі прыклад працавітасці і адказных адносін да справы. 22 жыхары Шчучыншчыны на злёце перадавікоў атрымалі званне «Лепшы па прафесіі», дыпломы і грашовыя прэміі. Адметна, што ўручаючы сцягі, вымпелы і дыпломы, кіраўніцтва раёна знаходзіла час на тое, каб кожнаму сказаць свой асабісты “дзякуй” і пажадаць далейшых поспехаў у працы, здароўя і асабістага шчасця.

 Затым Падзякамі Шчучынскага райвыканкама і раённага камітэта ГА «БРСМ» за аказанне садзейнічання ў арганізацыі другаснай занятасці моладзі былі ўзнагароджаны шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Дыпломы і прэміі ўручылі і пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Заахвочваннямі ў выглядзе матэрыяльнай дапамогі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ўзнагароджаны пераможцы шматлікіх конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў: вучні Шчучынскай ДШМ Міхаіл Рэзчыкаў, Лізавета і Яўгенія Яўтушык, вучаніца Васілішкаўскай СШ Ксенія Скараход і іх педагогі. Падзячны ліст за ўклад у прапаганду беларускай нацыянальнай культуры атрымаў гаспадар аграсядзібы “Марчукова хата” Ф.Ф. Рудзевіч.

Самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, і навучэнцы устаноў адукацыі раёна сваімі таленавітымі выступленнямі стварылі святочную атмасферу ў зале.

   

Шчучыншчына – гэта сапраўды раён з велізарным патэнцыялам і разнапланавымі магчымасцямі. І мы маем дастаткова рэзерваў, каб у 2019 годзе станоўчыя змены толькі памнажаліся. Тым больш, што галоўная ўмова для дасягнення нават самых амбіцыёзных планаў на Шчучыншчыне ёсць – гэта людзі, прафесіяналы, сапраўды адданыя сваёй працы.

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фот
а Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!