Героі сяўбы атрымалі заслужаныя ўзнагароды

Днямі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха пабываў у гаспадарках раёна, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды перадавым механізатарам, якія выдатна спрацавалі на сяўбе яравых культур.

Механізатара ААТ “АграГЖС” Станіслава Вацлававіча Тумаха мы засталі ў полі ля вёскі Малятычы, дзе той на трактары МТЗ-82 з прычапным агрэгатам сеяў травы. 
– Прызнацца, не ставіў перад сабой задачу перамагчы ў раённым спаборніцтве на сяўбе яравых, працаваў, як і заўсёды, з поўнай аддачай, – гаворыць Станіслаў Вацлававіч. – Выходзіў у поле засветла і пакідаў кабіну трактара калі сонца ўжо хавалася за гарызонт. Сілкаваўся тут жа, ля свайго “жалезнага каня”: усіх работнікаў, занятых на сяўбе, гаспадарка забяспечыла двухразовым гарачым харчаваннем. Кожны дзень засяваў да 40 гектараў. Нягледзячы на такі напружаны рытм, тэхніка не падвяла. Усяго на маім рахунку 537 засеяных яравымі гектараў.
Генрых Феліксавіч Шандроха пажадаў Станіславу Вацлававічу новых працоўных перамог і ўручыў перадавіку Падзячнае пісьмо і грашовую прэмію прафсаюза работнікаў АПК. 
У гэты дзень узнагароду ад прафсаюзнага лідара аграрыяў раёна атрымаў яшчэ адзін механізатар ААТ “АграГЖС” У.Б. Адамчык, які падчас пасяўной кампаніі засеяў яравымі культурамі 421 гектар.
– За 40 гадоў, што працую ў гаспадарцы, асвоіў розныя віды тэхнікі, – кажа Уладзімір Бернардзінавіч. – Па дасягненні пенсійнага ўзросту не змог “завязаць” з любімай прафесіяй. Кіраўніцтва гаспадаркі пайшло мне насустрач, і я па-ранейшаму кірую МТЗ-82. Нядаўна мы закончылі сяўбу яравых, але работы менш не стала. Цяпер заняты на нарыхтоўцы кармоў.
Не абмінуў Г.Ф. Шандроха і ААТ “Шчучынаграпрадукт”, дзе ўшанаваў механізатараў Г.В. Лукашэвіча і С.У. Палубятку, якія таксама вызначыліся працай на сяўбе. 


– Свой “фронт” работы я добра ведаю наперад, – зазначае Сяргей Уладзіміравіч Палубятка. – Зараз займаюся ўзворваннем палеткаў. Калі закончу – вазьмуся касіць травы. Затым пасею азімы рапс і перасяду на камбайн “Holmer” для ўборкі буракоў. 
Не менш напружаны працоўны графік і ў механізатара ААТ “Васілішкі” Генрыха Генрыхавіча Залогі, які за дасягненне высокіх працоўных паказчыкаў падчас пасяўной кампаніі таксама быў адзначаны Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй прафсаюза работнікаў АПК.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)