Галіна Ірха – легенда шчучынскага мотакросу

Чаму кіраўніцтва абласнога ДТСААФ прыслала персанальны “Чызет-125” для шчучынкі? 
Ці лёгка было купіць “Яву” 35 гадоў назад і дзе праходзілі шчучынскія мотафестывалі? Пра гэта і многае іншае расказала кандыдат у майстры матацыклетнага спорту, пераможца шматлікіх спаборніцтваў сярод жанчын, удзельніца Чэмпіянату СССР Галіна Эдвардаўна Ірха.

Пасля адкрыцця ў нашым горадзе трасы для мотакросу ажывіліся людзі, якія ў свой час заклалі падмурак шчучынскага мотакросу. Арганізатарам стварэння першага ў нашым горадзе мотаклуба выступіў Руслан Гонта. На матацыклы селі Уладзімір Гонта, Віктар Місевіч, Аляксандр Ключнік, Юрый Аўсейчык, Валерый Вашчыла, Віталій Свірыдзенка, Генадзь Байгот, Вячаслаў Ленец, Анатоль Сяўко. Пасля эстафету ў вопытных спартсменаў перанялі – Іван Гонта, Юрый Вашчыла, Мікалай Іаскевіч і іншыя.


 Шчучынская каманда трэніравалася на кар’ерах у Тапілішках і на беразе Нёмана ля вёскі Берагоўцы. Для энтузіястаў не было перашкод. Можа таму, нягледзячы на адсутнасць прафесійнай трасы для трэніроўкі, шчучынцы давалі фору многім камандам Гродзеншчыны. Самыя апантаныя нават за свае грошы матацыклы куплялі. Так Юрый Аўсейчык купіў у мінскага спартсмена матацыкл з каляскай ды рухавік з вадзяным ахалоджваннем!
Сярод адважных хлопцаў была і адна бясстрашная дзяўчына – Галіна Ірха. 
 – Я заўсёды была шустрай і баявой, – успамінае сваё дзяцінства наша гераіня. – Памятаю, як брала ў бацькі без дазволу мапед. Мне падабалася ездзіць і, бачачы такую цікавасць да тэхнікі, бацька сам стаў дазваляць мне ездзіць за рулём. У 16 гадоў я пазнаёмілася з Уладзімірам Ірха. У яго быў цудоўны Мінскі матацыкл. Уладзімір вучыў мяне ездзіць. Хутка мы закахаліся адзін у аднаго і пажаніліся. 
На наступны дзень пасля вяселля маладога мужа прызвалі ў армію. Галіна ўладкавалася на працу на завод “Аўтапровад”. Дома, на радасць маме, падрастала маленькая дачушка Наталля. Пасля вяртання з арміі Уладзімір Ірха зноў падаўся ў матацыклетны спорт. Спаборніцтвы праходзілі з пятніцы па нядзелю, і маладой жонцы такі расклад зусім не падабаўся. 


 – Аднойчы я заявіла, што больш так доўжыцца не можа, – распавядае Галіна. – Мне хацелася больш часу праводзіць з сям’ёй, адпачываць разам. 
Уладзімір не разгубіўся, запрасіў каханую на трэніроўкі і прапанаваў… сесці на спартыўны матацыкл – “Чызет-125”. Галіна згадзілася. У хуткім часе ў Ваўкавыску праходзілі абласныя спаборніцтвы, і шчучынская каманда прымала ў іх удзел. Было вырашана, што Галіна проста праедзе трасу “для сябе”, павучыцца пераадольваць трампліны. Матацыкл давялося мужу і жонцы дзяліць на дваіх. Тады Галіна не проста праехала па новай трасе, а заваявала серабро! Так у 1980 годзе пачалася яе матацыклетная гісторыя. 
На беразе Нёмана ля вёскі Берагоўцы праходзілі спартыўныя фестывалі. Шчучынцы дэманстравалі там свае здольнасці. Берагоўскія жанчыны толькі ў далоні пляскалі, калі бачылі, як 20-гадовая невысокая дзяўчынка ўзлятала над зямлёй на матацыкле. “Ці ёсць у гэтага дзіцяці маці?” – перашэптваліся бабулькі паміж сабой. 
Маці была і хвалявалася за дачку больш за ўсіх. З нецярпеннем чакала яна разам з унучкай кожнага прыезду Галіны і Уладзіміра.
– Дачушка, ці ж табе гэта так моцна трэба? – спрабавала адгаварыць маці ад “не жаночага” віду спорту Галіну. А тая толькі галавой у адказ ківала, маўляў, трэба мама, трэба.


Часта бацькі бралі з сабой у дарогу маленькую дачушку. Наталля спакойна сядзела на матацыкле і нават разам з бацькам ездзіла па трэкам. Можа таму сёння яна з замілаваннем успамінае той час, калі ў паветры лунаў спартыўны дух, і з нецярпеннем чакае чарговых спаборніцтваў па мотакросе ў Шчучыне? 
Галіна Ірха часта вярталася са спаборніцтваў з перамогамі. Аб’ездзіла ўсю Беларусь, выязджала на спаборніцтвы ў Расію, Літву, Латвію. Ацаніла старанні спартсменкі і абласная арганізацыя ДТСААФ, якая даслала шчучынцы прыемны падарунак – новенькі “Чызет-125”. На дашчатай скрыні было напісана: “Спецыяльна для Галіны Ірха”. Дарэчы, за 10-гадовую спартыўную кар’еру Галіна “з’ездзіла” некалькі “Чызетаў”. 


Галіна прызналася, што з-за спорту прыйшлося нават работу змяніць. Ёй вельмі падабалася працаваць на заводзе, аднак даводзілася адпрошвацца кожную пятніцу. Аднойчы кіраўнік паставіў ультыматум: “Хочаш ездзіць на спаборніцтвы – ідзі кожную пятніцу па пісьмовы дазвол у райвыканкам. Дасць дабро раённая ўлада – і мы падпішам тваю заяву”.
 І што вы думаеце? Галіна кожную пятніцу сапраўды брала дазвол на выезд у раённага кіраўніцтва! Калі прапанавалі змяніць месца працы і перайсці ў ДТСААФ, дзяўчына доўга разважала. Аднак любоў да спорту ўзяла верх. Так кантралёр стаў інструктарам-метадыстам Шчучынскага ДТСААФ. Галіна Ірха навучыла ездзіць на матацыкле не адзін дзясятак шчучынцаў!
Дома ў Галіны і Уладзіміра быў уласны матацыкл “Мінск”, аднак калі пайшла мода на “Яву”, пара паспяшалася ў сталіцу за новенькай тэхнікай. 
 – Памятаю, мы запісаліся ў чаргу і паехалі катацца па Мінску, – расказвае Галіна. – Чакаць давялося да самага ранку, аднак гэта нас не спыніла. Дадому вярталіся з новенькай “Явай”! 


 Спытала ў нашай гераіні, ці былі ў яе спартыўным жыцці кур’ёзныя выпадкі?
 – Аднойчы мы паехалі на спаборніцтвы ў Мінск, і мой матацыкл зламаўся адразу пасля пробнага заезду, – успамінае Галіна. – Было вырашана вярнуцца ў Шчучын і распакаваць новенькі “Чызет-125”. Вось толькі была адна акалічнасць. Перад стартам любы спартыўны матацыкл трэба “аб’ездзіць”. Я невысокага росту, таму звычайна Уладзімір “падганяў” матацыкл пад мяне. Аднак на гэты раз часу не было, таму я на высачэзным матацыкле рушыла ў накірунку сталіцы. За мной выехаў на машыне муж. Доўга ехаць не давялося – спынілі супрацоўнікі ДАІ. Я так спяшалася, што ўсе дакументы пакінула ў машыне. Мне паверылі на слова, пажадалі добра выступіць на спаборніцтвах і адпусцілі. Вось толькі самой забрацца на высокі “Чызет-125” было цяжка, давялося прасіць дапамогі ў супрацоўнікаў ДАІ. Хлопцы трымалі матацыкл, а я забіралася на яго. Дарэчы, усе неабходныя дакументы маім памагатым у той дзень муж усё ж такі паказаў. 
Былі ў Галіны і менш вясёлыя моманты ў жыцці. На спаборніцтвах у Лідзе незнаёмая дзяўчына не заўважыла фінальнага сцяжка і ўрэзалася на хуткасці ў матацыкл Галіны. Дзяўчыну падкінула высока над зямлёй...
 – Думала, што памерла, дыханне “забіла”, – успамінае тое імгненне мая суразмоўца. – Аднак прызямлілася нармальна, без пераломаў. 
Давялося Галіне Ірха выступіць не толькі з жанчынамі, але і ў заездзе з юнакамі ў Баранавічах. На адным з паваротаў Галіна ўпала, а маладыя спартсмены сталі праязджаць акурат… праз яе! Дзяўчына толькі паспявала рукамі галаву прыкрываць. Добра, што і тады абышлося без сур’ёзных траўмаў. 
Траўма здарылася другім разам, але не фізічная, а душэўная. Ва ўзросце 30 гадоў трагічна загінуў Уладзімір Ірха… Гэта было сапраўднае выпрабаванне для Галіны. Са спортам яна развіталася назаўсёды…
Жыццё не стаіць на месцы. Галіна Ірха ўладкавалася на працу ў ЦРБ сястрой-гаспадыняй, разам з мужам Юрыем Аўсейчыкам выхавала цудоўную дачку, дачакалася ўнучак. Сёння яна ўсё тая ж актыўная Галіна.
 – А хацелі б паездзіць па нашай новай трасе? – пытаю ў сваёй гераіні.
 – Спадзяюся, што такая магчымасць выпадзе! І я ёй абавязкова скарыстаюся. Пераканана, што з трэкам спраўлюся. Прызнацца, ніколі не думала, што мотакрос вернецца ў Шчучын, што ў нас з’явіцца свая цудоўная траса! Гэта вельмі здорава. Цяпер будзем збіраць грошы на мапед для ўнучкі, якая кожны дзень просіць у мяне навучыць яе скакаць праз трампліны. 
Дастойная змена падрастае, а значыць, жыць мотакросу ў Шчучыне!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.