Францыск Cкарына: след чалавека – след жыцця

На працягу цэлага года гімназісты рыхтаваліся да святкавання 500-гадовага юбілею горада і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дзве вялікія даты былі акрэслены на літаратурна-навуковых Скарынаўскіх чытаннях, якія праходзілі на працягу двух дзён у гімназіі. Асаблівай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя друкарскага варштата па ўзоры скарынаўскага, зробленага шчучынскімі майстрамі.

Ідэя правядзення свята ў такім фармаце належыць настаўніцы гісторыі гімназіі А.Я. Лісоўскай і шчучынскаму святару Сергію Сямашку. Мерапрыемства складалася з некалькі блокаў: навуковае пасяджэнне, літаратурна-музычная гасцёўня, гімназічная канферэнцыя.

З віншавальнымі словамі да прысутных звярнуліся запрошаныя госці: І.В.Гваздоўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Георгій Рой, протаіерэй, кандыдат багаслоўя, настаяцель Гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, Максім Цыгель, протаіерэй, сакратар Лідскай епархіі.

 

Размову працягнулі вядомыя навукоўцы,  якія займаюцца даследаваннем жыцця і творчасці беларускага першадрукара. Мітрафорны протаіерэй, прафесар, клірык Мінскага кафедральнага сабора, член Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай царквы Сергій Гардун у сваім выступленні раскрыў хрысціянскія  погляды Францыска Скарыны. Цікавыя даследаванні прапанавалі ўвазе прысутных пробашч Каталіцкай парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне Вітольд Пяцельчыц, прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры славістыкі БДУ І.А. Чарота, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” пры Беларускім педуніверсітэце імя М.Танка, эксперт асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” С.Б. Савелава.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя друкарскага варштата па ўзоры скарынаўскага. Айцец Сергій Сямашка прызнаваўся, што напачатку меліся зрабіць усяго бутафорскі станок, але неўзабаве акрыліла ідэя “ўдыхнуць у яго жыццё”. Шмат шчучынскіх энтузіястаў адгукнуліся, каб рэалізаваць гэты незвычайны праект. Самыя цёплыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць Г.І.  Паўловічу, В.Л. Баравіку,  С.С.  Калошу, А.М. Нюнько, М.В. Шашко, С.В. Фаміных, М.М. Маскевічу. Іх імёны ўпісаны на лісце падзякі, які прымацаваны на варштаце.

Па папярэдніх падліках наш друкарскі варштат здольны выдаваць 14 лістоў за дзве гадзіны. Значыць, на адзін ліст адводзіцца да 8 хвілін. Калі ўлічыць, што перакладзеная і выдадзеная Скарынам Біблія прыкладна складаецца з  2400 старонак, то нам спатрэбілася б каля 26 гадоў, каб паўтарыць подзвіг славутага полацкага асветніка. Трэба ўлічваць, што слаўны сын Лукі з Полацка не толькі перакладаў Слова Божае, але сам складаў прадмовы і пасляслоўі, падбіраў гравюры, віньеткі, упрыгожваў літары чырвонага радка. Магчыма, таму і называюць яго Тытанам Адраджэння. Але нам здаецца, што Ф.Скарына працаваў не адзін, побач з ім былі такія ж майстры - нераўнадушныя і зацікаўленыя людзі. Гэтая таямніца патрабуе сваіх даследчыкаў…

 

З захапленнем усе разам мы спасцігалі магчымасці друкарскага станка,  рабілі маленькія кніжкі, на якіх “майстры” ставілі экслібрысы, распрацаваныя настаўнікам мастацтва  гімназіі А.М.Сяховіч.

З заміраннем сэрца сачылі прысутныя, як сам Францыск Скарына, у вобраз якога выдатна ўжыўся адзінаццацікласнік Уладзімір Пяшко, дастаў з варштата надрукаваны ліст. І менавіта ў гэты момант па-сапраўднаму моцна кожны адчуў усю веліч таго духоўнага подзвігу, які пяцьсот год таму здзейсніў полацкі першадрукар.

Нават не стараліся ўдзельнікі гэтага незвычайнага мерапрыемства хаваць свае пачуцці. Усхваляваныя, напоўненыя нейкай асаблівай радасцю, яны дзяліліся сваімі ўражаннямі і дзякавалі арганізатарам. Усе госці атрымалі на памяць свежанадрукаваныя лісты, сертыфікаты ўдзельніка навуковых чытанняў.

А “Скарынаўскія чытанні” працягваліся і на наступны дзень.Тэмы 18-ці работ, прадстаўленых гімназістамі 7-8 класаў, былі самымі рознымі. І кожная з іх яшчэ больш дапаўняла вобраз беларускага  першадрукара, раскрывала шматбаковасць яго асобы і той эпохі, у якую  давялося жыць і працаваць нашаму слаўнаму продку.

Прыемна ўсведамляць, што асоба Францыска Скарыны аб’яднала не толькі людзей розных канфесій, розных сацыяльных слаёў, узросту, прафесій, але і сапраўдных майстроў сваёй справы, нераўнадушных і шчырых людзей. Дзякуй, табе, Скарына!

Алена ПАСЮТА, дырэктар дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына.

Средняя: 5 (3 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)