Фінальныя гектары хлебнай нівы...На вытворчым участку “Амбілеўцы” ў ААТ “Дэмбрава” дабіліся самай высокай ураджайнасці

Камбайнер ААТ “Дэмбрава” В.Р. Вейка адзін з першых у раёне намалаціў дзве тысячы тон зерня новага ўраджаю. Перадавіка мы засталі ў полі ля вёскі Амбілеўцы, дзе Валерый Раманавіч убіраў апошнія гектары хлебнай нівы. Як толькі работа была скончана, механізатар заглушыў рухавік камбайна і з гонарам прамовіў: “Жніво завершана!”.

 

– Сёлета мы правялі ўборачную кампанію за тры тыдні, – зазначае Валерый Раманавіч. – Маглі б і аператыўней, але няўстойлівае дажджлівае надвор’е ўнесла свае карэктывы. Даводзілася спыняць работу ў полі, каб саспелыя каласы маглі падсохнуць. На жніве ніхто не лічыўся з асабістым часам, усе выкладваліся па поўнай. На сваім зернеўборачным камбайне я штодзень намалочваў каля 100 тон зерня, таму і перакрочыў двухтысячны рубеж. 

 

Як высветлілася, менавіта на вытворчым участку “Амбілеўцы” ў ААТ “Дэмбрава” дабіліся самай высокай ураджайнасці: з кожнага гектара хлебнай нівы аграрыі атрымалі тут 50 цэнтнераў зерня новага ўраджаю. А летась гэты паказчык не дацягнуў і да 40 цэнтнераў з гектара.

 

 

– Сёлета на нашым участку мы перагледзелі плошчы, адведзеныя пад зерневыя культуры: з 1000 гектараў 76% засеялі азімымі, – дзеліцца сакрэтам поспеху брыгадзір вытворчага ўчастка “Амбілеўцы” Віктар Тадэвушавіч Варэнік. – І, як бачыце, не прагадалі! Нягледзячы на капрызы надвор’я, вырасцілі дастойны ўраджай і своечасова ўбралі хлеб.

 

Усяго хлебаробы ААТ “Дэмбрава” намалацілі 14443 тоны зерня і тым самым зрабілі важкі ўнёсак у агульны каравай. Аднак з завяршэннем жніва клопатаў у аграрыяў не паўбавілася: яны актыўна прасуюць салому ў цюкі і вывозяць яе з палеткаў. Убраныя палі ўзворваюць і ўносяць мінеральныя ўгнаенні, рыхтуючы глебу пад новы ўраджай. Ужо 15 жніўня дэмбраўскія механізатары пачнуць сеяць азімы рапс.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!