Элітная брыгада – выбар сапраўдных мужчын

Літаральна некалькі дзён таму астрынчанін Раман Кандратовіч пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы вярнуўся дамоў. Цяпер ён разважае над тым, па якім жыццёвым шляху накіравацца далей: перад спецназаўцамі в/ч 3214 адчынены многія дзверы. 
– Пасля заканчэння Астрынскай СШ я паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, – расказвае Раман. – Паспяхова атрымаў вышэйшую адукацыю. Калі надышоў час – выклікалі павесткай у ваенкамат. Ніякіх сумненняў у тым, што буду служыць, не было, хацелася толькі трапіць у такія войскі, дзе можна ўдасканаліць сваю фізічную форму, загартаваць характар. Начальнік групы прызыву на ваенную службу лейтэнант Дзмітрый Сяргеевіч Аксінюк параіў выбраць спецназ. Я згадзіўся. 
Служба была няпростай, але, як гаворыць Раман, менавіта за гэтым ён і ішоў у армію. Вялікая ўвага надавалася баявой падрыхтоўцы салдат. 
– Мы часта ездзілі на розныя мерапрыемствы і знаходзіліся ва ўзмацненні, – расказвае Раман. – Пабывалі ў многіх гарадах Беларусі. У выпадку якіх-небудзь беспарадкаў павінны былі рухацца на дапамогу АМАНу. Усе нашы дзеянні былі адпрацаваны да дробязей: кожны ведаў сваё месца, як дзейнічаць пры неабходнасці, і добра разумеў, што у адказе за свайго таварыша, які знаходзіцца побач. Усе ўсведамлялі: калі моцны “жывы” ланцужок са 150 чалавек разарвецца, можа пацярпець кожны. Мы цалкам давяралі сваё жыццё адзін аднаму, таму за асабістую бяспеку не хваляваліся. 
Падчас аднаго з мерапрыемстваў, што праходзіла на Чыжоўка-арэне, рабяты-спецназаўцы знаходзіліся ва ўзмацненні і сачылі за парадкам. Раман Кандратовіч разам з супрацоўнікамі міліцыі патруляваў тэрыторыю. Менавіта яны заўважылі чалавека, які ўчыніў крадзеж. Злодзей быў затрыманы, а Раман атрымаў нагрудны знак “За самаадданую службу”. Яшчэ адной армейскай узнагароды – значка “За отличие в службе” – ён быў удастоены за выдатнае нясенне службы на “Славянскім базары.” 
– Прыходзілася прымаць удзел і ў навядзенні парадку пры правядзенні розных грамадска-масавых мерапрыемстваў, – расказвае Раман. – Калі падчас матча “Дынама”-“Зеніт” на стадыёне “Дынама” сітуацыя пачала абвастрацца, мы выстраіліся перад трыбунамі ў поўнай экіпіроўцы і былі гатовы стрымліваць занадта эмацыянальных балельшчыкаў. Але ўсё абышлося. 
Разам з баявой падрыхтоўкай праводзілася і агнявая. Спецназаўцы рэгулярна наведвалі цэнтр, дзе стралялі з розных відаў зброі, вывучалі яе характарыстыкі. 
– Наш батальён часта прымаў удзел у паказальных выступленнях, у розных вучэннях, разам з іншымі мы шукалі хлопчыка, што прапаў у Белавежскай пушчы, забяспечвалі бяспеку ў Магілёве падчас сустрэчы беларускага і расійскага Прэзідэнтаў, – расказвае Раман. – Служба была вельмі насычанай. Я абсалютна задаволены, што трапіў менавіта ў гэту часць. Кожны дзень – гэта работа над сабою. Нават зарадка ў нас праходзіла з поўнай выкладкай: бег тры кіламетры, прыёмы рукапашнага бою, адцісканні, іншыя практыкаванні. Да ўсяго, я быў залічаны ў спецыяльны ўзвод, які ўдзельнічаў у спаборніцтвах паміж узводамі іншых рот і падраздзяленняў. А гэта трапная стральба, падняцце гіры, бег на “стометроўку”, пяцікіламетровая “палоска”, рукапашны бой і іншыя выпрабаванні. 
Бацькі Рамана Альберт Раманавіч і Маргарыта Багуславаўна цалкам падтрымалі імкненне сына служыць у войсках спецыяльнага назначэння. 
– Мой тата – гэта мой аднадумца, – ганарыцца Раман. – Ён заўсёды дасць слушную параду, падкажа, як правільна паступіць, мы аднолькава глядзім на многія рэчы. Ён – індывідуальны прадпрымальнік. Я гадоў з дзесяці працаваў разам з ім.
Сярод захапленняў Рамана, безумоўна, спорт. Яшчэ ў школе ён з задавальненнем гуляў у футбол, прымаў удзел у раённых спаборніцтвах.
– А яшчэ люблю музыку, замежныя фільмы з нечаканай канцоўкай, над якімі можна паразважаць, – дадае Раман. – Дарэчы, падчас службы мы таксама мелі магчымасць схадзіць у кіно, тэатр, наведаць музеі. 
У асабістым жыцці ў Рамана ёсць свае планы. Яшчэ на другім курсе ўніверсітэта ён сустрэў сваю палавінку – прыгажуню Вікторыю, якая вучылася разам з ім у адной групе. Дзяўчына цярпліва дачакалася Рамана з арміі. 
Год службы праляцеў непрыкметна. З многімі рабятамі склаліся ў Рамана сяброўскія адносіны, а вось моцная армейская дружба, якая завязалася з Уладзімірам Русаком, які таксама трапіў у спецназ з Гродзеншчыны, напэўна, застанецца на ўсё жыццё. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.