Еду як хачу: ці ёсць у Шчучыне дысцыплінаваныя ўдзельнікі дарожнага руху?

На мінулым тыдні Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла комплекс дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы парушэнняў правілаў дарожнага руху пры праездзе перакрыжаванняў, пешаходных пераходаў, незахавання дыстанцыі.  
У сувязі з гэтым мы разам з супрацоўнікамі аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС вырашылі правесці сумесны рэйд. А далёка ездзіць не сталі і занялі пазіцыю непадалёку пешаходнага перахода насупраць міні-рынку “Захад”. Цікава было назіраць за ўдзельнікамі дарожнага руху, пакуль інспектары дарожна-патрульнай службы Дзмітрый Яўгеньевіч Жагунь і Арцём Юр’евіч Дзікевіч не пачалі кантраляваць сітуацыю. Хтосьці на сваім аўтамабілі вырашыў развярнуцца акурат на пешаходным пераходзе, хтосьці ехаў “транзітам”, нягледзячы на пешаходаў, а самыя “бясколыя” ўдзельнікі дарожнага руху часам нават не абцяжарвалі сябе тым, каб паглядзець направа-налева – смела ступалі на праезную частку, думаючы, па ўсім відаць, што яны заўсёды маюць рацыю. Дысцыплінаванымі аказаліся і далёка не ўсе веласіпедысты. Так, пераважная большасць спешвалася са свайго двухколага транспартнага сродку і пешшу перасякала пешаходны пераход. А былі і такія, хто ўмудраўся на веласіпедзе адным махам перасекчы два пераходы зараз: з плошчы Свабоды да міні-рынку, а затым да Белдзяржстраху. 


Як жа змянілася дарожная сітуацыя са з’яўленнем інспектараў дарожна-патрульнай службы! Вадзіцелі сталі ўраз уважлівымі да пешаходаў, а пешаходы і веласіпедысты адразу ўспомнілі правілы дарожнага руху. Дык для каго ж мы іх выконваем? Для супрацоўнікаў ДАІ? Ці ўсё ж для таго, каб не ствараць аварыйнай сітуацыі на дарозе, не рызыкаваць сваім жыццём і не “падстаўляць” іншага ўдзельніка дарожнага руху? 
Без сумнення, ёсць і дысцыплінаваныя ўдзельнікі дарожнага руху. Напрыклад, за больш чым дваццаць год вадзіцельскага стажу ў Мікалая Іванавіча Саковіча, які працуе інжынерам-механікам у РУП ЖКГ, не зарэгістравана ніводнага парушэння правілаў дарожнага руху. 


– Стараюся быць законапаслухмяным вадзіцелем, а таксама і пешаходам, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – Парушэнні правілаў дарожнага руху ні да чаго добрага не прыводзяць: можаш пацярпець не толькі сам, але і паставіць пад пагрозу жыцці іншых людзей.
Згодны з М.І. Саковічам і Дзмітрый Валер’евіч Дзенуць. Хоць за рулём ён крыху менш, але лічыць, што выконваць правілы дарожнага руху – абавязак кожнага. І вельмі важна сваім уласным станоўчым прыкладам вучыць правільным паводзінам на дарозе дзяцей. 
А вось яшчэ адзін шчучынец, які кіраваў мапедам, напэўна, вырашыў, што ён на дарозе – галоўная асоба. Навошта прапускаць пешаходаў? 
– І мяне не прапускаюць! – прывёў вельмі “важкі” аргумент парушальнік правілаў дарожнага руху. 
Толькі ў супрацоўнікаў ДАІ ў такім выпадку размова кароткая – не паважаеш іншых удзельнікаў дарожнага руху, парушаеш правілы  – плаці штраф. У даным выпадку – ад адной за пяці базавых велічынь. Дарэчы, з пачатку вадзіцельскага стажу ў гэтага кіроўцы зафіксавана пяць парушэнняў. Па ўсім відаць, нават матэрыяльнае пакаранне не вяртае яго на правільны шлях. 


– Усе ўдзельнікі дарожнага руху павінны разумець, што ад таго, наколькі ўважліва яны будуць паводзіць сябе на дарозе, выконваць правілы дарожнага руху, і будзе залежаць дарожная сітуацыя, – гаворыць Дзмітрый Яўгеньевіч Жагунь. – Штодзень у аварыях гінуць людзі, трапляюць пад колы транспартных сродкаў дзеці. Папярэдзіць такія трагедыі ў нашых сілах. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!