“Дзяжурная служба МНС Шчучынскага раёна.Чым Вам дапамагчы?”. Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Шчучынскага РАНС Віталій Станіслававіч Васюк пачынаў службу дванаццаць год назад камандзірам аддзялення ПАВП №17 аг. Ражанка.

Дзесьці праз паўгода вызвалілася месца дыспетчара, і ён перавёўся ў Шчучын. Якраз у той час у аддзеле фарміравалася спартыўная змена, і Віталій Станіслававаіч, які быў заядлым футбалістам, а таксама займаўся іншымі відамі спорту – тэнісам, валейболам, хадзіў на лыжах, быў залічаны ў першы каравул.

– Мая работа патрабуе пастаяннай сканцэнтраванасці і ўмення імгненна арыентавацца ў складанай сітуацыі, – расказвае Віталій Станіслававіч. – Я працую непасрэдна з насельніцтвам: не толькі прымаю паведамленні пра надзвычайныя здарэнні, але і даю кансультацыі па самых розных пытаннях. Прарвала трубу – тэлефануюць нам, а мы ў сваю чаргу пераключаем выклік дыспетчару РУП ЖКГ. У нашым раёне створана адзіная дыспетчарская дзяжурная служба, дзякуючы якой мы можам дзейнічаць аператыўна і абавязкова прасачыць, ці атрымаў чалавек патрэбную дапамогу. Гэта – пазіцыя МНС: нікога не пакінуць у бядзе.

Пры паступленні званка дыспетчар павінен на працягу адной хвіліны прыняць неабходнае рашэнне і накіраваць па выкліку патрэбныя службы, а ў выпадку пажару – тэхніку і аддзяленне РАНС. Поўную справаздачу пра здарэнне на працягу адной гадзіны неабходна адправіць у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Акрамя таго, менавіта ад дыспетчара ў многім залежыць душэўны стан чалавека, які звярнуўся па дапамогу: калі ён адчуе ў голасе спецыяліста ўпэўненасць і спакой, пачуе хуткія і дакладныя рэкамендацыі як дзейнічаць, будзе менш хвалявацца і зможа цярпліва дачакацца прыезду выратавальнікаў.

А тэлефануюць людзі па нумарах 101 і 112 з самымі рознымі праблемамі. Некалькі год таму ў каналізацыйны люк у раёне аэрадрома праваліўся конь. Пры дапамозе крана Шчучынскай МПМК-167 выратавальнікі даставалі бедную жывёліну. Прымярзаюць на возеры лебедзі – разам з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя работнікі Шчучынскага РАНС спяшаюцца ім на дапамогу. Зусім нядаўна ў пад’езд аднаго з дамоў у Васілішках забраўся сабака. Жыльцы не маглі выйсці са сваіх кватэр, таму што паводзіў ён сябе даволі агрэсіўна. І тут прыйшлося дзейнічаць выратавальнікам. І гэта ўжо не кажучы пра пажары і аварыі.

Нядаўна Віталій Станіслававіч прымаў удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства на званне “Лепшы дыспетчар органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці – 2018” і заняў першае месца. Выдатна выступіў і на рэспубліканскім этапе – стаў трэцім. Удзельнікі конкурсу дэманстравалі свае веды па аказанні першай дапамогі, правільныя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі, уменне размаўляць на замежнай мове, аператыўна прымаць рашэнне па высылцы сіл, аказваць псіхалагічную падтрымку чалавеку, які аказаўся ў надзвычайнай сітуацыі і іншае. Узнагароду за выдатнае выступленне Віталій Станіслававіч атрымаў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях акурат напярэдадні свайго прафесійнага свята – у чацвер.

Сёлета Мінск будзе прымаць ІІ Еўрапейскія гульні. Для таго, каб замежныя госці адчувалі сябе ў нашай краіне камфортна, работнікі МНС, міліцыянеры і прадстаўнікі іншых структур актыўна вывучаюць англійскую мову. Сярод іх і Віталій Станіслававіч Васюк, які разам са сваімі калегамі на працягу мінулага года займаўся ў спецыяльна сфарміраванай групе, а таксама праходзіў дыстанцыйнае абучэнне. Падчас гульняў ён будзе працаваць валанцёрам у Мінску або суправаджаць прыезджых на тэрыторыі нашага раёна.

Віталій Станіслававіч – выдатны сем’янін. Разам з жонкай Гражынай яны выхоўваюць дачушку, а ў хуткім часе яшчэ чакаюць папаўнення ў сям’і.

Адпачыць ад складаных дзяжурстваў яму дапамагае рыбалка. Часта бывае на Немане, у Азёрах. Самая вялікая рыба, якая трапіла на кручок, – сазан вагай 6 кг 800 г. А калі гасціў у родных у Растове-на-Доне, злавіў 12-кілаграмовага сома.

Дапамагаць людзям у складаных сітуацыях – галоўная місія выратавальнікаў. І Віталій Станіслававіч Васюк уносіць у яе сваю значную лепту.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.