“Дзяцінства ў салдацкай пілотцы” – у новую кнігу пад такой назвай увайшлі ілюстрацыі школьнікаў Шчучыншчыны

Сумесны беларуска-расійскі праект двух выдавецтваў – “Планета” (г. Масква) і “БяловаГруп” (г. Мінск) – рэалізоўваўся ў рамах Выдавецкай праграмы Урада Масквы. У выніку атрымалася цікавая і змястоўная кніга ў цудоўным паліграфічным выкананні, якая выйшла ў свет у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выданне ўяўляе сабой зборнік твораў рускіх і беларускіх пісьменнікаў і паэтаў на ваенную тэматыку. Аўтары – такія знакамітасці, як А. Гайдар, К. Сіманаў, В. Быкаў, К. Чорны, М. Лынькоў, А. Савіцкі і іншыя. Кожны твор -- як жыццёвы ўрок падрастаючаму пакаленню, каб лепей зразумець горкую праўду вайны, яе ўвесь трагізм і незаменную страту чароўнага свету дзяцінства.

Унікальнасць выдання яшчэ і ў тым, што ілюстрацыі зрабілі самі дзеці – больш за восем дзясяткаў юных мастакоў з Масквы, Мінска, шматлікіх гарадоў і гарадкоў Расіі і Беларусі. Сярод аўтараў -- выхаванцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў. Работы Ксеніі Варонік, Андрэя Мацко і Данііла Новікава па-сапраўднаму ўпрыгожылі кнігу “Дзяцінства ў салдацкай пілотцы”, тыраж якой, між іншым, складае 7 тысяч экзэмпляраў.

Дарэчы, прэзентацыя кнігі адбылася ў дзень адкрыцця ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. На гэтым урачыстым мерапрыемстве беларускі бок прадстаўляла наша зямлячка Кацярына Аксёнава, якая з’яўляецца адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў выдавецтва “БяловаГруп”. Яна ж і перадала Шчучынскай школе мастацтваў некалькі кніг “Дзяцінства ў салдацкай пілотцы”.

-- Наш выдавецкі праект  з’яўляецца сімвалічнай данінай памяці і павагі ўдзячных нашчадкаў усім тым, хто падараваў нам мірнае жыццё, -- адзначыла Кацярына Сяргееўна. – А тое, што малюнкі таленавітых рабят са Шчучыншчыны ўвайшлі ў гэту прыгожую кнігу, выклікае ў мяне асаблівы гонар за землякоў. Магчыма, першая спроба ў ілюстратарскім мастацтве для кагосьці з юных аўтараў стане стартам у будучую прафесію.

Прымаючы кнігі, класны кіраўнік рабят, загадчыца мастацкага аддзялення Шчучынскай ДШМ Святлана Віктараўна Бярозкіна падзякавала арганізатараў за высокую ацэнку работы яе выхаванцаў і прапанавала ўсім вучням, якія ў той дзень стаялі за мальбертамі, не проста пралістаць, а ўважліва прачытаць усе надрукаваныя ў кнізе творы і ацаніць першую ілюстратарскую спробу сваіх равеснікаў.

Усхваляванымі і радаснымі былі і самі героі дня.

 – Мы і не думалі, што з такой колькасці прадстаўленых з усяе Беларусі і Расіі работ адбяруць нашы малюнкі, -- у адзін голас гаманілі Ксюша, Андрэй і Данііл. – Аднак гэта цудоўны стымул для далейшай творчасці.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.