Дзе моцныя карані, там густая крона

Вось ужо тры гады запар у першую суботу пасля свята Пятра і Паўла адзін з вясковых падворкаў невялічкай вёсачкі Дзякаўцы ажывае і напаўняецца шматгалоссем. Сюды спяшаюцца ўсе з роду Патапчыкаў. Здорава, калі за сямейным сталом збіраецца 20 і болей чалавек, а што, калі людзей, аб’яднаных роднаснымі вузамі, каля сотні? Як высветлілася, і гэта далёка не ўся радня…

Мы прыехалі ў Дзякаўцы загадзя, каб паспець пазнаёміцца з Патапчыкамі. Тут, удалечыні ад гарадской мітусні, жыццё ішло ціха і размерана. Невялічкі домік, які зараз належыць Івану Байготу, патанаў у зяленіве. Мядовы яблычны водар змешваўся з прыемным пахам сакавітай травы і, здавалася, перапаўняў паветра. А якая смачная вада з вясковай студні! Пад яблынямі ля гумна раскінулася вялізная палатка з драўлянымі сталамі ды лаўкамі. Відаць, хтосьці ўжо паклапаціўся аб месцы для шматлікіх сваякоў.

У хуткім часе адзін за адным пачалі прыязджаць і самі Патапчыкі. Ехалі цэлымі сем’ямі. Шчыра прызнацца, я далёка не адразу разабралася, хто каму кім прыходзіцца, таму ўсё больш з замілаваннем назірала, як цёпла і шчыра віталіся родныя людзі.

Каб увесці мяне ў курс справы, Патапчыкі прывезлі радаслоўнае дрэва, якое склалі Святлана Байгот і Жанна Барысевіч пад кіраўніцтвам Вольгі Пятроўны Кароткінай (у дзявоцтве Патапчык).

Вольга Пятроўна зараз жыве ў Магілёве, аднак прызналася, што сумуе па малой радзіме і прыязджае ў родныя Дзякаўцы некалькі разоў на год. Да таго ж летам тут праходзяць сустрэчы з аднакласнікамі.

Сваёй радзімай Вольга Пятроўна ганарыцца і збіраецца падрыхтаваць матэрыялы пра Шчучыншчыну, каб прэзентаваць іх сваім сябрам з ветэранскага клуба “Сустрэча”, кіраўніком якога яна з’яўляецца.

Вольга Пятроўна ведае пра сваіх родных бадай усё, таму і выступіла гідам па гісторыі свайго роду.

Аказалася, род Патапчыкаў бярэ свой пачатак ад Антона Патапчыка і яго жонкі Пелагеі Турчынскай, у якіх было ажно 10 дзяцей, – Ігнат, Аляксандр, Міхаіл, Антон, Іван, Надзея, Яўгенія, Марыя, Ганна і Вольга. Болей інфармацыі захавалася пра нашчадкаў Івана Патапчыка. Вядома, што ў пошуках лепшай долі ён з сям’ёй накіраваўся ў Амерыку, але па просьбе бацькоў у хуткім часе вярнуўся назад на радзіму. Яго дзеці – Пётр, Іосіф, Васіль, Іван, Уладзімір, Фёдар і Стэфаніда жылі дружна. Чацвёра з дзяцей нават вырашылі пасяліцца на адным хутары Крышылкі. Яны пабудавалі сабе вялізны дом з гаспадарчымі пабудовамі. Разам жылі і працавалі. У кожнага былі свае абавязкі. Аднак з цягам часу сем’і пачалі прырастаць дзецьмі і прыйшлося блізкім людзям, як кажуць, разбудоўвацца. Для месца жыхарства Патапчыкі абралі вёску Дзякаўцы, пабудавалі дамы побач адзін з адным, жылі на адной вуліцы. Дзеці іх разам выхоўваліся, сябравалі, да працы з маленства прывучаліся.

Мая суразмоўца – Вольга Пятроўна – патлумачыла, што яна – дачка Пятра Патапчыка. У яе два браты – Ігар і Анатоль, два сыны – Андрэй і Максім, і дзве ўнучкі – Алёна і Таццяна…

Працягваць радаслоўную Патапчыкаў, здаецца, можна бясконца! Родныя людзі раз’ехаліся па ўсім свеце. Зараз Патапчыкі жывуць у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, Казахстане, Германіі, Італіі, Чэхіі, Аўстраліі, Канадзе, ЗША…

Многія сталі знакамітымі людзьмі. Да прыкладу, Патапчыкі ганарацца Лявонціем Юльянавічам Патапчыкам – заслужаным майстрам спорту СССР (аўтаспорт), Аляксандрам Ігаравічам Патапчыкам – кандыдатам матэматычных навук, які жыве ў Канадзе, “афганцамі” – Анатолем Пятровічам, Сяргеем Васільевічам і Віктарам Міхайлавічам Патапчыкамі, настаўнікамі – Фёдарам Аляксандравічам Патапчыкам, Раісай Фёдараўнай Патапчык, Аленай Іванаўнай Байгот, урачом Аляксандрай Леанідаўнай Патапчык, святаром Іаанам Патапчыкам, рэдактарам газеты “Мінская праўда” Максімам Кароткіным, былым намеснікам Шчучынскага райвыканкама Іосіфам Іосіфавічам Патапчыкам і многімі іншымі.

Каб не губляцца і ведаць усё пра сваіх родных, неяк падчас свята на вялікім сямейным сходзе было вырашана збірацца разам кожнае лета. У мінулым годзе Патапчыкі дэталёва вывучалі свой радавод, сёлета дапоўнілі яго новымі імёнамі і вырашылі пагутарыць пра моладзь, даведацца, якіх поспехаў дабілася ў жыцці новае пакаленне. У той дзень вялікая сям’я наведала сямейную рэліквію – стары хутар, сваякі абмяняліся навінамі, паспявалі добрыя песні, прыпомнілі мінулае. Ім было аб чым пагутарыць...

Развітваючыся са сваімі героямі, я думала аб тым, якая ж гэта цудоўная традыцыя – збірацца вось так разам без усякай нагоды. Часам з-за паўсядзённых клопатаў і мітусні мы забываем аб чымсці асабістым і святым, забываем патэлефанаваць бацькам, выпадкова губляем нумары тэлефонаў родных… А разам з тым губляем і тую нябачную нітачку, якая на дзіва трывала звязвае нас з нашым родам, з нашымі продкамі. Кажуць, той, хто не ведае сваёй гісторыі, – не будзе мець будучага. Гледзячы на Патапчыкаў, я пераканалася, што ў гэтай сям’і будучыня ёсць! І праз некалькі гадоў ім, відавочна, прыйдзецца дастаўляць яшчэ адну палатку для новай радні.

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!