Дыялогі былі адкрытымі, зацікаўленымі і карыснымі для абодвух бакоў. Прыём грамадзян правялі Ю. М. Аляксей, Г. С. Хвядзюк і Т. І. Зубрыцкая

"Перадайце дэпутатам нашу вялікую падзяку".  Такі наказ далі вяскоўцы сваёй зямлячцы, калі даведаліся, што тая збіраецца пайсці на дэпутацкі прыём.

На гэты раз прыём грамадзян вялі дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Астрынскай выбарчай акрузе №59 Юрый Мар'янавіч Аляксей, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк і старшыня Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Іванаўна Зубрыцкая.

Размова адбывалася спачатку ў памяшканні ДУА "ВПК Галавічпольскі д/с - СШ", а потым у адміністрацыйным будынку сельвыканкама ў Васілішках. Дыялогі былі адкрытымі, зацікаўленымі і карыснымі для абодвух бакоў. Уздымаліся пытанні медыцынскага абслугоўвання, рамонту дарог і іншыя.

Дарэчы, жыхарка вёскі Галасавічы выканала абяцанне – ад імя вяскоўцаў падзякавала за тое, што пасля звароту да дэпутата была прыведзена ў належны стан дарога і заменена лінія электраперадач. Яна ж закранула пытанні медыцынскага абслугоўвання. Г.С. Хвядзюк, выслухаўшы жанчыну, заўважыла, што ў раёне шмат робіцца для вырашэння кадравага пытання ва ўстановах аховы здароўя. Гэтаму паспрыяе і рэканструкцыя прышкольнага інтэрната у Шчучыне пад маласямейкі для маладых спецыялістаў, у тым ліку і медыкаў.

А жыхарка Глебаўцаў падзялілася сваёй бядой -- вада ў калодзежы на ўласным падворку дрэннай якасці, не прыдатная для ўжывання. Паколькі чыстка калодзежа не дала эфекту, магчыма, варта прабурыць свідравіну, параілі жанчыне. Дарэчы, гэта ж вяскоўка пацвердзіла, што людзі заўважаюць і цэняць зробленае для іх камфортнага пражывання: "Дзякуй Тамары Іванаўне Зубрыцкай. І дрэвы спілаваць дапамагае, і дамы старыя ды разваленыя ў Глебаўцах па яе ініцыятыве знеслі, на іх месцы цяпер пасевы".

А галавічпольцы папрасілі заасфальтаваць месца ля магазіна, дзе робяць разварот аўтобусы. Абласны дэпутат Ю.М. Аляксей агледзеў пляцоўку і пагадзіўся, што людзі маюць рацыю. Заслугоўвае ўвагі і просьба жыхара Васілішак аб асфальтаванні скрыжавання вуліц 70 год Кастрычніка і Маладзёжнай. Едучы па гэтым участку, чалавек, ухіляючыся ад сустрэчнай машыны, патрапіў у яму -- пашкодзіў аўтамабіль, панёс матэрыяльныя страты. Праблема рамонту вуліц аграгарадка будзе абмеркавана з кіраўніцтвам РУП ЖКГ, на балансе якога ў гэтым населеным пункце знаходзіцца 9 шляхоў зносін.

На прыёме грамадзян прысутнічаў таксама дырэктар ААТ "Васілішкі" У.Ч. Серахан – чалавек, які актыўна дапамагае сельсавецкай уладзе ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Ю.М. Аляксей уручыў Уладзіміру Часлававічу кнігу "Гродненщина в лицах", у якой апавядаецца і пра гэтага кіраўніка.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.