Другое дыханне вёскі Багушы

У вёсцы Багушы - другой па колькасці насельніцтва ў Дэмбраўскім сельсавеце, перамены бачныя няўзброеным вокам. На дарозе ляжыць свежы асфальт, абуладкаваны новы прыпыначны пункт. Насельніцтва таксама стараецца пафарбаваць агароджы каля дамоў, усталяваць малыя архітэктурныя формы і вазоны з кветкамі. Адчуваецца падтрымка раённай улады і мясцовага сельгаспрадпрыемства ў пытаннях навядзення парадку на зямлі.

Ясная справа, што без моцнай гаспадаркі, дзе людзі будуць працаваць і атрымліваць годную зарплату, надаць другое дыханне вёсцы праблематычна. Сёння на тэрыторыі сельсавета размешчана перадавое сельгаспрадпрыемства раёна - ААТ «Дэмбрава», дырэктар якога паспяхова накіроўвае свой працоўны калектыў на выкананне прагнозных паказчыкаў і развіццё тэрыторыі.


Да 1987 года Багушы былі цэнтральнай сядзібай калгаса імя Кірава. Тут была свая школа, адміністрацыйны будынак гаспадаркі, сельскі клуб, сталовая, лазня, цэнтральнае ацяпленне. З часам практычна ўсе будынкі перайшлі ў катэгорыю «маёмасць, якая не выкарыстоўваецца». Але некалькі гадоў таму ўсё пачало мяняцца ў лепшы бок.
На думку дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства А.В. Туля, новы імпульс для развіцця Багушоў надала рэканструкцыя змешчанай непадалёк малочнатаварнай фермы. Чатыры гады таму дэмбраўцы першыя ў краіне выйгралі тэндар на рэканструкцыю МТФ у вёсцы Рыча. На правядзенне будаўнічых работ затрачана чатыры мільёны семсот тысяч рублёў, з якіх тры мільёны дзвесце тысяч гэта сродкі ААТ «Банк Развіцця Рэспублікі Беларусь», адзін мільён шэсцьсот тысяч - грошы гаспадаркі.


- На ферме створаны новыя працоўныя месцы, тут працуюць практычна ўсе мясцовыя жыхары, - расказвае Аляксандр Віктаравіч. - Зарплата дастойная - амаль 800 рублёў у месяц. Усе, хто жадаюць працаваць, забяспечаны работай. Будаўнічыя работы ў гаспадарцы не спыняюцца. У гэтым годзе мы ўжо выканалі работ гаспадарчым спосабам на 600 тысяч рублёў. Да верасня 2019 года плануем у вёсцы Рыча пабудаваць будынак сухастою на 160 галоў жывёлы, а да 2020 года - будынак для ўтрымання трыста галоў цёлак. Тады на гэтай пляцоўцы будзе знаходзіцца каля 1500 галоў буйной рагатай жывёлы.
Сёння ў Багушах налічваецца 49 падворкаў. Пражывае 104 жыхары, з якіх 53 працаздольных, 28 пенсіянераў, тры шматдзетныя сям’і. Калі доля асоб пенсійнага ўзросту па сельсавеце складае 38 працэнтаў, то ў Багушах - 24.


- Перспектывы ў вёскі ёсць, - лічыць старшыня Дэмбраўскага сельскага Савета дэпутатаў М.М. Жогла. - У гэтым годзе завяршылі пракладваць асфальт. Новая дарога даўжынёй 3,7 кіламетра звязала вёскі Рыча, Багушы і Рыча Дзяржаўная. Выкарыстана амаль 400 тысяч рублёў. За апошнія два гады ў Багушах знесены пяць пустых дамоў. Праведзена рэкультывацыя стадыёна каля былой школы на плошчы каля 4 гектараў і тэрыторыя ўведзена ў палі севазвароту. У гэтым годзе ААТ «Дэмбрава» адрамантавала 4-х кватэрны жылы дом для сваіх работнікаў. Выгляд мяняецца, мяняецца і стаўленне людзей, якія таксама імкнуцца добраўпарадкаваць свае прысядзібныя ўчасткі.
Згодна са старшынёй сельсавета і стараста вёскі Багушы Я.Э. Шэйпак: «Цяпер у нас зусім іншая вёска. Пасля таго, як шчучынскія дарожнікі паклалі асфальт, а абочыну падсыпалі і засеялі травой, самі жыхары пацягнуліся да добраўпарадкавання сваіх дамоў і прылеглых тэрыторый, пасадкі кветак. Усе ўдзячны ўладзе і дарожнай службе раёна, якая пайшла ім насустрач у будаўніцтве сучаснай дарогі. Цяпер засталося зберагчы зробленае, тады вуліца будзе добраўпарадкаванай многія гады”. Стараста спадзяецца, што зараз і моладзь затрымаецца ў вёсцы. Новая дарога, добраўпарадкаваная вуліца, аўтобусны прыпынак - менш пылу і бруду.


У мінулым годзе ў Багушах быў усталяваны новы модуль магазіна, загадчыца якога А.У. Аверка гасцінна запрашае паглядзець умовы работы. Працуе яна ў магазіне з моманту яго адкрыцця. Тавар завозіцца рэгулярна, ёсць дастатковы набор прадуктаў, людзі могуць пакінуць заяўку на завоз неабходнага тавару. Таваразварот складае 11000 рублёў у месяц. З улікам таго, што раней жыхароў вёскі абслугоўваў аўтамагазін, цяпер іншая справа.


Памочнік начальніка комплексу, стараста вёскі Навасёлкі Т.І. Іванова таксама адзначае сур’ёзныя змены, якія адбываюцца і ў іншых населеных пунктах сельсавета. Пры падтрымцы кіраўніцтва ААТ «Дэмбрава» знесена шмат пустых дамоў. На створаныя ўмовы для пражывання і працы кажа той факт, што сюды прыязджаюць людзі з іншых рэгіёнаў. І людзі добрасумленныя і адказныя, з жаданнем працаваць.


Сярод іх М.Ю. Грамыка, якая разам з мужам і трыма дзецьмі прыехала ў Багушы з Украіны. Спачатку сям’я абуладкавалася ў Ваўкавыскім раёне ў сваякоў мужа. На пытанне, чаму выбралі менавіта Багушы, адказвае, што сельгаспрадпрыемства прадаставіла жыллё, заработная плата задавальняе, а дзеці вучацца ў школе і ходзяць у дзіцячы садок.


Разважаючы аб далейшых перспектывах развіцця тэрыторыі, дырэктар ААТ «Дэмбрава» А.В. Туля гаворыць, што ў наступным годзе плануецца злучыць дарогі з асфальтавым пакрыццём ад вёскі Рыча да аграгарадка Дэмбрава, ад Еўлашоў да Лядска. Добрая дарога - гэта камфорт для жыхароў, манеўранасць і захаванасць тэхнікі, патанненне прадукцыі на эканоміі паліва і запчастак. У гэтым годзе будзе завершана будаўніцтва дома ў аграгарадку Ляшчанка, у наступным - яшчэ аднаго. У планах будаўніцтва чатырохкватэрнага дома ў Дэмбрава. У 2019-2020 гадах плануецца пабудаваць яшчэ два дамы ў Багушах.
Развіццё вытворчасці выгадна для мясцовага насельніцтва, таму што ствараюцца новыя працоўныя месцы, на сяле можна нядрэнна зарабляць, а сельскі лад жыцця становіцца больш прывабным.
Сяргей Каспярчук.
Фота аўтара і Ганны Каспер.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!