Добрасумленнай працай заслужыў пашану

Днямі сваё 70-годдзе адзначыў ветэран працы Станіслаў Іванавіч Ярмак – былы кіраўнік калгаса “Чырвоны сцяг”, які ўзначальваў гэтае сельгаспрадпрыемства звыш 13 гадоў. Каб павіншаваць паважанага юбіляра з Днём нараджэння і ўручыць кветкі і падарункі, у аграгарадок Балічы прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха, а таксама дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык і старшыня прафсаюзнага камітэта гэтай гаспадаркі Алена Георгіеўна Слушко.
– Вы ўзялі на сябе кіраўніцтва калгасам “Чырвоны сцяг” у вельмі няпросты час, калі разваліўся Савецкі Саюз, – звярнулася да Станіслава Іванавіча Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Дзякуючы вашаму арганізатарскаму таленту, працавітасці і мэтанакіраванасці гаспадарка не разгубіла свой патэнцыял у 1990-я гады і ўпэўнена перакрочыла ў новае тысячагоддзе. У працоўным калектыве Вас заслужана цанілі і паважалі за дысцыплінаванасць, неабыякавасць і чуласць да чужых праблем. Прыемна, што Вы і сёння займаеце актыўную грамадзянскую пазіцыю. Заставайцеся такім жа бадзёрым і жыццярадасным!
Да слоў Ганны Станіславаўны далучыўся прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Феліксавіч Шандроха, які ў свой час узначальваў СВК “Жалудоцкі” і часта “перасякаўся” са Станіславам Іванавічам Ярмаком на працы. Ён высока ацаніў яго прафесіяналізм і ўменне ў складанай сітуацыі прымаць правільныя рашэнні.
Цёплыя словы ў адрас юбіляра выказала і дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык. Яна зазначыла, што працоўны калектыў гаспадаркі памятае заслугі Станіслава Іванавіча і паспяхова працягвае яго справу. 
Станіслаў Іванавіч Ярмак быў вельмі расчулены пачутым у свой адрас і не хаваў эмоцый:
– Калгасу “Чырвоны сцяг” я прысвяціў больш за 30 гадоў свайго жыцця. Прайшоў шлях ад ветурача да сакратара партыйнай арганізацыі, а потым і ўвогуле ўзначаліў гаспадарку. Заўсёды працаваў з поўнай самааддачай і таго ж патрабаваў ад сваіх падначаленых. Мабыць, таму мы і выстаялі ў ліхія “дзевяностыя”. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася: на змену старым трактарам і камбайнам прыходзіць энерганасычаная тэхніка, значны крок наперад зрабілі тэхналогіі. І хоць знаходжуся на заслужаным адпачынку, не магу спакойна праязджаць ля засеяных палеткаў: часта спыняюся, ацэньваю ўсходы, аналізую вынікі. Адным словам, прафесія не адпускае і сёння. Вельмі прыемна, што былыя калегі таксама не забываюць пра мяне: часта тэлефануюць, цікавяцца здароўем, часам завітваюць у госці. 
Пакуль мы гутарылі са Станіславам Іванавічам, яго хатні і мабільны тэлефоны літаральна “разрываліся” ад званкоў: здавалася, увесь раён жадае павіншаваць юбіляра са святам. Што ж, ён гэта заслужыў! Як кажуць: па працы і гонар! 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.