Дэпутацкі прыём. Законы пішуцца з жыцця

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 В.І. Саўко рабоце ў акрузе надае не меншае значэнне, чым заканатворчай дзейнасці ў парламенце. Вось і нядаўна ён пабываў у аграгарадку Каменка, дзе правёў прыём грамадзян. Сустрэча народнага абранніка з людзьмі прайшла ў пашыраным фармаце – пры удзеле дэпутата Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў, дырэктара СВУ "Пратасаўшчына" В.А. Семяновіча і старшыні Каменскага сельскага Савета дэпутатаў С.А. Панаса.

 Гэты дэпутацкі прыём у чарговы раз пацвердзіў спрадвечную ісціну: многія жыццёвыя пытанні больш спадручна вырашаць сумесна. Так атрымалася і пры абмеркаванні звароту наконт дрэннага стану дарогі Каменка-Кісялі. Дэпутаты былі аднадушныя – трэба прымаць меры. Больш таго, Віктар Анджэевіч Семяновіч паабяцаў сіламі сельгаспрадпрыемства прывесці разбіты тэхнікай шлях у парадак. Дарэчы, звярнуў увагу на гэтую дарожную праблему жыхар аграгарадка, нераўнадушны чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Падчас прыёму мужчына таксама выказаў уласнае меркаванне і па іншых злабадзённых тэмах. Так, вясковец лічыць, што ланцужок працэдур пры прыняцці спадчыны, у прыватнасці, далёка не новага жылля, для чалавека ў гадах занадта клапотны, да таго ж патрабуе значных грашовых выдаткаў. Свой пункт гледжання ў вяскоўца на пытанні пенсійнага забеспячэння і медыцынскага абслугоўвання.

Прыйшоўшы на прыём да дэпутатаў, дапамогі папрасіла жыхарка аднаго з дамоў па вуліцы Школьная ў Каменцы. Жанчына расказала, што падчас моцнага дажджу труба невялікага дыяметра, пракладзеная для сцёку вады, не спраўляецца з патокам, таму ён "накрывае" прылеглыя сядзібы. Валерый Іосіфавіч узяў пытанне пад свой кантроль, дэпутацкі запыт будзе накіраваны ў спецыялізаваныя арганізацыі.

Парламентарыі зацікаўлены ў падтрыманні пастаяннай зваротнай сувязі са сваімі выбаршчыкамі, падкрэсліў В.І. Саўко.  Часта выказаныя людзьмі прапановы і ініцыятывы знаходзяць увасабленне ў рэальных законах. Паколькі ў хуткім часе мяркуецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў артыкулы КоАП Рэспублікі Беларусь, якія датычаць правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, дэпутат сустрэўся з дырэктарам Шчучынскага лясгаса М.В. Сушчэўскім і папрасіў яго выказацца па гэтым пытанні з пазіцыі вопытнага практыка.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!