Дэмаграфія ў мінусе

У нашым раёне сітуацыя па агульнай смяротнасці і смяротнасці людзей у працаздольным узросце – адна з самых складаных у вобласці. Няма сумненняў, што віной таму ў шматлікіх выпадках – злоўжыванне насельніцтвам алкагольнымі напіткамі. Але, магчыма, першапрычыны крыюцца ў недапрацоўках ці проста ў адсутнасці належнага кантролю? Якія дадатковыя меры неабходна прадпрыняць у гэтым накірунку, абмеркавалі на мінулым тыдні на чарговым пасяджэнні райвыканкама.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік адзначыў, што на здароўе і, як вынік, дэмаграфічную сітуацыю ўплывае не толькі фізіялагічны стан, але і ўзровень жыцця людзей – паклапаціцца пра гэта павінны ўсе зацікаўленыя службы. Галоўнай перадумовай пераходу да дэмаграфічнага росту з’яўляецца фарміраванне сацыяльна-эканамічных і прававых умоў для самарэалізацыі грамадзян.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы С.Г. Амбрушкевіч прывёў канкрэтныя лічбы і прааналізаваў склаўшуюся дэмаграфічную сітуацыю ў раёне. За пяць месяцаў 2018 года памерла 440 чалавек (за аналагічны перыяд 2017 года – 398), а паказчык смяротнасці ў працаздольным узросце за апошнія пяць гадоў узрос з 6,4 да 6,9 на 1 тысячу працаздольнага насельніцтва, па выніках пяці месяцаў бягучага года гэты паказчык увогуле склаў 7,3. У 2018 годзе нарадзілася 128 дзяцей (за пяць месяцаў мінулага года – 145). З 2008 года агульная колькасць пражываючых у раёне скарацілася на 10,6 тысячы чалавек.

На думку Станіслава Георгіевіча, гэта звязана з многімі прычынамі. Так, у структуры насельніцтва раёна каля 38 працэнтаў займаюць асобы пенсійнага ўзросту (абласны паказчык – 25,4 працэнты), змяншаецца колькасць жанчын дзетароднага ўзросту, актывізуюцца міграцыйныя працэсы, назіраецца недахоп медыцынскіх кадраў.

Для стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне галоўны ўрач агучыў шляхі вырашэння праблемы. У прыватнасці, працягнецца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, павышэнні якасці правядзення медыцынскіх аглядаў, акцый па раннім выяўленні захворванняў і своечасовым аказанні медыцынскай дапамогі.

Але для дасягнення станоўчай дэмаграфічнай дынамікі намаганняў адных медыцынскіх работнікаў недастаткова, неабходна сфарміраваць у людзей разуменне важнасці клопату аб асабістым здароўі.

– Для зніжэння агульнай захворваемасці і смяротнасці насельніцтва кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны забяспечыць асабісты кантроль за паўнатой ахопу медыцынскімі аглядамі, праходжаннем дыспансерызацыі ўсімі працуючымі, выкананнем рэкамендацый медыцынскага персаналу, - падкрэсліў старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. – Паўплываць на зніжэнне смяротнасці насельніцтва ад знешніх прычын – гэта першачарговая задача. І галоўнае ў яе вырашэнні – прапаганда здаровага ладу жыцця, работа з сем’ямі, з працоўнымі калектывамі, з кожным чалавекам.

Сваё бачанне праблемы выказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама С.М. Сыцэвіч. Да асацыяльнага ладу жыцця і крайняй меры – суіцыдаў – людзей часцей за ўсё падштурхоўвае склаўшаяся асабістая сацыяльна-эканамічная сітуацыя, адсутнасць матывацыі, даступнасць спіртных напіткаў. Каб не дапусціць далейшага пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, у раёне працягнецца наступальная работа па папярэджанні парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.У. Шанчук у чарговы раз расказала прысутным пра сацыяльныя праграмы па аказанні адраснай падтрымкі розных катэгорый насельніцтва. На кантролі спецыялістаў цэнтра стаяць пытанні сацыяльнай абароны інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых сталых людзей. А на павышэнне нараджальнасці павінны паўплываць прымаемыя дзяржавай меры сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, пачынаючы ад сацыяльных выплат да дапамогі ў вырашэнні жыллёвых праблем.

– Праблемы дэмаграфіі пачынаюцца з сям’і, - адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок. – Важна, які лад жыцця вялі бацькі дзіцяці яшчэ да яго нараджэння, як яны ставіліся і працягваюць ставіцца да свайго здароўя. Дапамагчы ў вырашэнні дэмаграфічнай праблемы могуць рэгулярныя заняткі фізічнай культурай і спортам.

У працяг абмеркавання тэмы гучалі думкі аб тым, што спартыўныя залы школ не павінны быць пад замком, графікі работы спартыўных секцый павінны быць гібкімі, каб дзеці і дарослыя маглі іх наведваць у зручны час. Пастаўлена задача распрацаваць раённую праграму па вырошчванні экалагічна чыстых прадуктаў для далейшай арганізацыі харчавання дзяцей у школах і дзіцячых садках. Для захавання сямей ёсць неабходнасць прыцягнення сямейных псіхолагаў у выпадках, калі сямейныя праблемы толькі пачынаюцца.

Падводзячы вынік, старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік нацэліў усе службы на ўзаемадзеянне ў вырашэнні дэмаграфічных пытанняў. Павінна быць дакладнае разуменне сітуацыі, якая складваецца ў раёне. Акцэнт павінен быць зроблены на тое, каб медыцынскае абслугоўванне адпавядала колькасці зваротаў грамадзян за якаснай меддапамогай. Гледзячы на водгукі людзей, тут ёсць яшчэ пэўныя праблемы. Кіраўнік раёна даручыў дэталёва прааналізаваць работу медыцынскай галіны і прадугледзець меры па яе ўдасканаленні.

– Клопат аб пацыентах не церпіць фармальнага падыходу, - падкрэсліў Сяргей Васільевіч. – Кожнаму чалавеку, які звярнуўся на прыём да ўрача, павінна быць аказана прафесіянальная і своечасовая медыцынская дапамога, кожны павінен быць акружаны ўважлівымі і чулымі адносінамі. Безумоўна, шмат залежыць ад арганізаванага падыходу да рашэння дэмаграфічных праблем, аднак трэба памятаць аб персанальнай адказнасці кожнага з нас. За сваю сям’ю, за сваіх дзяцей і сваё жыццё.

– Усе мы разумеем, наколькі важнае і каштоўнае чалавечае жыццё, -- адзначыў кіраўнік раёна. – Сёння ёсць усё для таго, каб лячыць людзей, і мы павінны максімальна выкарыстаць усе магчымасці медыцыны.

Удзельнікі пасяджэння былі адзіны ў меркаванні, што для змянення сітуацыі ў лепшы бок усе сродкі добрыя. Выказаныя прапановы па павелічэнні нараджальнасці і працягласці жыцця, павышэнні статуса сям’і, паляпшэнні якасці правядзення медыцынскіх аглядаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя ляглі ў аснову прынятага рашэння райвыканкама.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!