Дэлегацыя Шчучынскага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 72-й гадавіне з дня стварэння Гур’еўскай гарадской акругі

Цесныя сяброўскія адносіны звязваюць Шчучын з горадам-пабрацімам Гур’еўскам Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Вось і ў мінулую суботу дэлегацыя нашага раёна ў складзе старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка і яго намесніка А.В. Садоўскага прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 72-й гадавіне з дня стварэння Гур’еўскай гарадской акругі.

– Гур’еўск славіцца сваёй гасціннасцю і мае цесныя сяброўскія сувязі не толькі з беларускім Шчучынам, але і з шэрагам польскіх гарадоў, прадстаўнікі якіх таксама не прапусцілі магчымасці пабываць на свяце, - гаворыць намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі. – А атрымалася яно проста выдатным! І вельмі душэўным.
Стартавала свята ў гур’еўскім парку культуры і адпачынку, дзе на галоўнай сцэне прайшоў тэатралізаваны пралог, на адным дыханні творчыя калектывы праз песні і танцы расказалі аб слаўнай гісторыі нашага горада-пабраціма. Удзельнікамі свята сталі ўсе тэрытарыяльныя кіраванні Гур’еўскай гарадской акругі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, работнікі сфер адукацыі, культуры і медыцыны, школьнікі, спартсмены і многія іншыя. Па добрай традыцыі гасцінныя гур’еўцы сустрэлі гасцей хлебам-соллю і пачаставалі духмяным караваем.

   
На тэрыторыі парку разгарнуліся падворкі: кожнае тэрытарыяльнае кіраванне прадставіла сваю праграму – з песнямі, танцамі, пачастункамі і выставамі вырашчанага ўраджаю. Кіраўніцтва Гур’еўскай гарадской акругі разам з афіцыйнымі асобамі з урада Калінінградскай вобласці і гасцямі з Польшчы і Беларусі наведала кожны падворак, каб ацаніць іх працу і ўзнагародзіць памятнымі прызамі і падарункамі.

 
Усіх удзельнікаў свята павіншавалі кіраўнік Гур’еўскай акругі А.Л. Курылаў і глава адміністрацыі акругі С.С. Падольскі, якія пажадалі моцнага здароўя, шчасця, мірнага неба над галавой і адзначылі, што галоўным багаццем муніцыпалітэта з’яўляюцца яго жыхары – актыўныя, неабыякавыя і вельмі працавітыя, улюбёныя ў свой край. Трымалі слова і прадстаўнікі дэлегацый з Беларусі і Польшчы, якія падзякавалі кіраўніцтву акругі за сардэчны прыём і такое выдатнае свята. Госці з гарадоў-пабрацімаў таксама пажадалі Гур’еўскай гарадской акрузе далейшага дынамічнага развіцця і поспехаў, росквіту яе жыхарам.
Вялікі гала-канцэрт з удзелам самых вядомых творчых калектываў муніцыпалітэта і Калінінградскай вобласці нікога з гледачоў не пакінуў абыякавым - песенныя і танцавальныя выступленні сталі сапраўдным упрыгожаннем свята. Затым на галоўнай сцэне адбылася цырымонія ўзнагароджання актыўных і вядомых дзеячаў муніцыпалітэта. Вячэрняя праграма святкавання Дня акругі пачалася з яркага, маляўнічага шоу “Новы Герой”. А потым усіх жыхароў і гасцей акругі чакаў сапраўдны сюрпрыз! Перад імі выступіла зорка расійскай эстрады Анастасія Стоцкая. Свята завяршылася феерверкам.

   
– Падчас насычанай святочнай праграмы дэлегацыя нашага раёна азнаёмілася з арганізацыяй навучальнага і выхаваўчага працэсу ў гімназіі і сучасным дзіцячым садзе горада Гур’еўска, – дзеліцца намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі. - Уражанні засталіся самыя пазітыўныя, а некаторыя крэатыўныя ідэі магчыма будзе рэалізаваць і ў нашым раёне. Падчас правядзення дзелавых сустрэч зацікаўленасць у наладжванні пабрацімскіх сувязяў выказалі прадстаўнікі гміны Нова-Мяста-Любаўске (Польшча), якія па запрашэнні старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка наведаюць у бліжэйшы час Шчучынскі раён. Плануецца падпісаць пагадненне паміж Шчучынам і гмінай Нова-Мяста-Любаўске аб далейшым супрацоўніцтве і развіцці пабрацімскіх сувязяў.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!