Дачакацца бусла дапамогуць урачы абласнога перынатальнага цэнтра

У рамках рэспубліканскай акцыі “За нараджэнне”, арганізаванай па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, спецыялісты Гродзенскага абласнога перынатальнага цэнтра правялі ў Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы “круглы стол” і шэраг бясплатных кансультацый. Практыка, калі абласныя спецыялісты прыязджаюць у рэгіёны і тым самым робяць крок насустрач сваім пацыентам, вельмі зручная для людзей. 
 – Шчучынскі раён ужо дванаццаты ў нашай “экспедыцыі”, накіраванай на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёнах, – зазначае Святлана Анатольеўна Разіна, загадчыца паліклінікі Гродзенскага абласнога перынатальнага цэнтра. – Стартавала акцыя 6 ліпеня ў Ваўкавыску. За гэты час мы правялі вялікую інфармацыйную работу, расказалі пра магчымасці нашага цэнтра, за дзясятак год дзейнасці якога на свет з’явілася больш за тысячу немаўлят у сем’ях, дзе з дапамогай кваліфікаваных спецыялістаў пацыенты пераадолелі праблему бясплоддзя. У нас распрацоўваецца агульны план абследавання, паслядоўнасць дыягнастычных працэдур і вядзецца пошук сучасных варыянтаў лячэння, пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца навейшыя тэхналогіі. А каб аптымізаваць наведванне жыхароў з рэгіёнаў, спецыялісты цэнтра гатовы правесці тэлекансультаванне. 
На жаль, рэпрадуктыўнае здароўе зніжаецца, і не толькі жаночае. Працэнт бясплоддзя супружных пар у Беларусі складае 15-18 працэнтаў, што аднак адпавядае сярэднесусветным паказчыкам. Надзвычай важна адначасова абследавацца і жонцы, і мужу. Карыстаючыся выпадкам, да С.А. Разінай і яе калегі – акушэра-гінеколага кабінета па жаночаму бясплоддзю кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” Т.В. Кунцэвіч на прыём прыйшлі сем супружных пар. Урач-уролаг першай гарадской паліклінікі г. Гродна Д.У. Смірноў тым часам пракансультаваў пацыентаў стацыянара.
А пасля адбылося пасяджэнне “круглага стала” ў канферэнц-зале, куды завіталі як жыхары Шчучына, так і самі работнікі райбальніцы. Да гасцей далучыліся галоўны ўрач ЦРБ І.У. Загароўскі, выконваючая абавязкі намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце К.І. Красноўская, загадчыца гінекалагічнага аддзялення В.І. Гудач. Размову распавялі пра тое, як зрабіць мацярынства і бацькоўства шчаслівым, правільна планаваць цяжарнасць, як змоладу зберагчы сваё здароўе.  
Прысутных цікавіла, на якіх умовах можна зрабіць паглыбленае абследаванне ў Гродзенскім абласным перынатальным цэнтры, прайсці лабараторную дыягностыку, правесці тэст на сумяшчальнасць. Жанчыны ў зале закранулі тэму магчымасці выкарыстання тэхналогіі ЭКА. На ўсе пытанні спецыялісты адказвалі цікава і вычарпальна. Удзельнікі “круглага стала” адзначылі зручнасць такой формы супрацоўніцтва абласных спецыялістаў з рэгіёнамі, а І.У. Загароўскі выказаў словы падзякі гасцям за гэту карысную сустрэчу.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Дар’і ТРАХІМОВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!