Даць клятву партызана і прайсці сцежкамі народных мсціўцаў сёння мелі магчымасць удзельнікі ваенна-спартыўнага квэсту

12 ліпеня, у дзень вызвалення раёна, у рамках грамадска-культурнай акцыі “Дарогамі вызваліцеляў” ля мемарыяльнага комплексу “Музей-зямлянка” ў Зачэпічах прайшоў мітынг “Ніхто не забыты – нішто не забыта!”, у якім бралі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Гваздоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Ганчарук, старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Шэршань, вучні і настаўнікі ўстаноў адукацыі.

Орлеўскія школьнікі падрыхтавалі цікавы аповед аб гераічнай гісторыі тутэйшых мясцін, дзейнасці партызанскага злучэння легендарнага Сцяпана  Шупені, прачула расказалі сваім равеснікам, як захоўваюць патрыятычныя традыцыі. З прамовай да прысутных на мітынгу звярнуўся ваенны камісар Шчучынскага раёна Аляксандр Гайдук, які пажадаў нашым сучаснікам ніколі не зведаць жахаў вайны, а рабятам --  з поспехам пераадолець усе іспыты ў ходзе прыгодніцкай гульні, што падрыхтавалі для іх энтузіясты раённага цэнтра турызму і краязнаўства.

Хвіліна маўчання… Да абеліска ляглі букеты кветак як знак павагі да тых, хто аддаў жыццё за незалежнасць роднай зямлі. І вось ужо педагог-арганізатар РЦТіК Наталля Мяткоўская дае старт квэст-гульні “Партызанскімі сцежкамі”.

 

Удзельнікам шасці каманд з Орлеўскай, Жалудоцкай, Ражанкаўскай, Скрыбаўскай, Мажэйкаўскай і Ракавіцкай школ давялося спаборнічаць у спрыце, вынослівасці, веданні гісторыі сваёй малой радзімы. А зрэшты – няхай і ненадоўга, але на сабе адчуць тыя цяжкасці, што з дня ў дзень пераадольвалі героі Вялікай Айчыннай, зачастую і іх равеснікі.

У зямлянцы юнакоў і дзяўчынак прымалі ў атрад, дзе маладыя людзі давалі клятву партызана. Затым каманды адна за другой пераадольвалі іспыты. Юныя мсціўцы паўзлі па-пластунску, балансавалі па гаці, расшыфроўвалі перададзенае па рацыі паведамленне, стралялі на трапнасць з пнеўматычнай вінтоўкі, аказвалі меддапамогу таварышам пры “раненнях”… На этапе “Пісьмо з фронту” прадстаяла паказаць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

З гэтымі няпростымі заданнямі рабяты справіліся дастойна. Членам журы нялёгка было вызначыць лепшых, і ўсё ж… Першае месца між сабою падзялілі каманды “Спецназ” (Ракавічы) і “Полымя” (Жалудок), на другім месцы – каманда “Патрыёт” (Мажэйкава), а на трэцім – “Арляняты” з Орлі. Віншуем пераможцаў!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.