Дабрачынная акцыя "У школу з Добрым Сэрцам" скончылася на Шчучыншчыне

На працягу месяца гараджане актыўна ўдзельнічалі ў ёй: спецыяльныя скрыні для збору хутка напаўняліся сшыткамі, альбомамі для малявання, алоўкамі ды фарбамі.

Зараз усю сабраную канцылярыю рабяты з ліку актывістаў БРСМ перадаюць тым сем'ям, якія маюць у гэтым патрэбу.

На мінулым тыдні валанцёры трэцяй гарадской школы прыйшлі ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яго наведваюць 12 дзетак, адзін з выхаванцаў знаходзіцца на хатнім навучанні.

Кожнаму з іх дзяўчаты прынеслі прыемныя падарункі – нехта з рабят адразу зацікавіўся скрыняй з фарбамі, кагосьці парадавалі рознакаляровыя вокладкі сшыткаў.

– Вельмі прыемна, што нас наведваюць валанцёры амаль з усіх школ горада і гімназіі, – расказвае  дырэктар цэнтра А.В. Краўчук. – Прыязджаюць нават з Васілішак і Ражанкі. Мы ў сваю чаргу стараемся запрасіць іх на свае святочныя мерапрыемствы. Вялікі дзякуй усім неабыякавым, хто стаў часткай гэтай добрай акцыі!

Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!