Да акцыі “Збяром дзяцей у школу” далучыліся актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Да акцыі “Збяром дзяцей у школу” па традыцыі далучыліся актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на чале са старшынёй Г.С. Мацюк.

 

-- Мы размясцілі свае “скарбонкі” ў многіх шчучынскіх магазінах, каб бацькі, збіраючы сваіх сыноў і дачушак у школу, маглі штосьці з вучнёўскіх прылад набыць і для рабят, сем’і якіх апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, бо, як вядома, не бывае чужых дзяцей, -- гаворыць Галіна Станіславаўна. – Але, як падказвае жыццё, найбольш прадуктыўна, калі з такой просьбай звяртаешся да людзей напрамую. Нашы валанцёры, дзевяцікласнікі СШ №1 г. Шчучына, на гэтым тыдні працавалі на рынку, заходзілі ў гандлёвыя кропкі, і людзі найчасцей адгукаліся на заклік прыняць удзел у акцыі.

 

За некалькі гадзін прадпрымальнікі, што гандлююць у палатках, пакупнікі і проста прахожыя сабралі школьных тавараў і грошай на суму каля 400 рублёў. Да прыкладу, прадпрымальнік Валянціна Станіславаўна Кахновіч прапанавала адзенне: прыгожыя абноўкі будуць да твару школьнікам!  

 

Акцыя працягваецца. Вучнёўскія прылады і адзенне раённая арганізацыя БТЧК перадасць у няпоўныя сем’і і тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу.

 

Да акцыі “Збяром дзяцей у школу” далучылася таксама большасць прадпрыемстваў і арганізацый Шчучыншчыны. Па месцу работы бацькоў аказана матэрыяльная дапамога 243 мнагадзетным сем’ям, дзе выхоўваюцца 507 школьнікаў, на агульную суму 35859 рублёў. Сярод тых, хто выдзеліў дапамогу бацькам вучняў, заводы “Аўтапровад”, “Праймілк”,  масласырзавод, сельгасарганізацыі “Шчучынаграпрадукт”, “Дэмбрава”, саўгас “Вялікае Мажэйкава”, прадпрыемствы РУП ЖКГ, ООО “Логал-Біа”, СООО “Клубніка-Плантс” і многія іншыя.

 

– Такая пазіцыя кіраўнікоў прадпрыемстваў нас вельмі радуе, і мы ўдзячны калектывам, якія падтрымліваюць нашых школьнікаў, -- зазначае Жана Іванаўна Мецько, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. – Бацькам вучняў, якія па нейкіх прычынах аказаліся без працы, выдзяляецца дапамога з бюджэтных сродкаў. Усяго ў рамках падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” аказана матэрыяльная падтрымка да новага навучальнага года 406 мнагадзетным сем’ям, дзе  выхоўваюцца 845 школьнікаў, на суму 45999,96 рублёў: у сярэднім на аднаго вучня – 54,43 рублі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Галіны МАЦЮК.