Да 100-годдзя крымінальнага вышуку: вернасць службоваму абавязку

Гісторыя шчучынскай міліцыі беражліва захоўвае імёны тых, чые прафесіяналізм, вернасць службоваму абавязку, пачуццё адказнасці і справядлівасці ляглі ў маральны падмурак крымінальнага вышуку. На старонках нашай газеты мы раскажам пра людзей у пагонах, якія не адзін год свайго жыцця прысвяцілі Шчучынскаму РАУС. Казімір Станіслававіч Кажухоўскі – адзін з тых, каму зоркі не проста так сыпаліся на пагоны. За яго плячыма – амаль 14 гадоў службы ў аддзяленні крымінальнага вышуку. 

Казімір Станіслававіч Кажухоўскі, як сёння памятае той дзень, калі вырашыў звязаць сваё жыццё з міліцэйскай службай. У 1985 годзе тагачасны намеснік начальніка Шчучынскага РАУС М.І. Майко прапанаваў яму паступіць у Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі імя М. Фрунзэ. Малады, мэтанакіраваны хлопец з вёскі Лагады адразу ўхапіўся за такую ​​магчымасць і ў 1987 годзе скончыў гэту прэстыжную навучальную ўстанову з адзнакай.     
Спасцігаць на практыцы асновы міліцэйскай справы прыехаў у Шчучын. Не соладка прыйшлося ўчастковаму інспектару, бо тэрыторыя Ражанкаўскага сельсавета была зусім не лёгкай зонай. Мясцовыя жартаўнікі за вочы нават стаўкі рабілі: «На колькі хопіць маладога ўчастковага? Калі збяжыць?». Вось толькі градус адказнасці не дазваляў Казіміру Станіслававічу пасаваць перад цяжкасцямі, і ён аддана працаваў і днём, і ноччу.
– Я заваёўваў свой аўтарытэт працавітасцю, добрым стаўленнем да людзей, - успамінае наш герой.
Знайсці падыход да людзей маладому спецыялісту ўсё ж такі ўдалося. А неўзабаве ён стаў лепшым участковым раёна! Кваліфікаванага, добрасумленнага работніка заўважыла кіраўніцтва і прапанавала перайсці працаваць у аддзяленне крымінальнага вышуку. Казімір Станіслававіч Кажухоўскі разумеў, якая адказнасць ляжа на яго плечы, але прапанову прыняў. 
Так у 1989 годзе ў аддзяленні крымінальнага вышуку стала на аднаго «опера» больш. Службу наш герой пачаў з оперупаўнаважанага, затым быў старшым оперупаўнаважаным, старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах.
– У нас склаўся вельмі дружны калектыў, – успамінае Казімір Станіслававіч. – Калі пачынаў працаваць, начальнікам крымінальнага вышуку быў М.І. Грыневіч – чалавек патрабавальны, але справядлівы. Затым яго змянілі не менш годныя кіраўнікі – А.М. Кавалеўскі, І.М. Саук. Мы заўсёды працавалі на вынік і з максімальнай самааддачай, пралічвалі ўсё на некалькі крокаў наперад, прыслухоўваліся да парадаў старэйшых калег. І сёння ў мяне засталіся добрыя ўспаміны аб усіх, з кім давялося працаваць. З многімі калегамі мы сябруем да гэтага часу.     
Праца ў камандзе, аналітычны склад розуму, уменне ўвайсці ў давер да людзей – усё гэта дапамагала шчучынскім аператыўнікам раскрываць і папярэджваць злачынствы. Зона абслугоўвання ў Казіміра Станіслававіча была вялікая – Орлеўскі, Ракавіцкі, Ражанкаўскі і Шчучынскі сельсаветы, але ён з пастаўленымі задачамі заўсёды спраўляўся. 


Часам даводзілася разблытваць вельмі складаныя злачынствы. 
– Памятаю, як мы шукалі маладога хлопца, які прапаў без вестак, – успамінае наш герой адзін з выпадкаў. –- Толькі праз год мы знайшлі тую самую тонкую нітачку: атрымалі інфармацыю, што хлопца збіла машына. Прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб знайсці злачынцаў. Аказалася, што маладога чалавека збілі машынай, пасля загрузілі ў багажнік, адвезлі ў лес і ... закапалі. І гэта пры тым, што хлопец яшчэ быў жывы! Злачынцаў мы знайшлі! І яны панеслі пакаранне па ўсёй строгасці закона.
Запомніўся і крадзеж у асабліва буйных памерах. Быў зрэзаны кабель з тэлефонных слупоў уздоўж чыгункі ад Скрыбаўцаў да Мастоўскага раёна. Прыйшлося дамаўляцца аб падключэнні лініі з начальнікам Лідскай станцыі сувязі і браць, як кажуць, “на жыўца”. Задумка спрацавала! Тое гучнае злачынства мы таксама паспяхова раскрылі. 
У крымінальным вышуку К.С. Кажухоўскі прапрацаваў да 2003 года. Да 2010 года Казімір Станіслававіч быў старшым участковым службы аховы грамадскага правапарадку Ражанкаўскага сельсавета. Пакуль ён знаходзіўся на перадавой барацьбы са злачыннасцю, надзейны тыл прыкрывала жонка – Людміла Фёдараўна. Разам Кажухоўскія выхавалі дзвюх выдатных дачок - Вольгу і Кацярыну. Старэйшая – Вольга Пасцярняк – з дзяцінства марыла стаць, як тата, міліцыянерам. Мара збылася. Зараз дзяўчына служыць старшым інспектарам аддзялення інфармацыйнага забеспячэння. Малодшая дачка нашага героя Кацярына Бурдзей працуе судовым прыставам інспекцыі прымусовага выканання.
І сёння К.С. Кажухоўскі не сядзіць склаўшы рукі. У родных Лагадах заўсёды ёсць чым заняцца. Да таго ж у госці прыязджаюць любімыя ўнукі. Іх у нашага суразмоўцы ажно чатыры! Ёсць у Казіміра Станіслававіча і яшчэ адно хобі ... дрэсіроўка сабак! Нават дварняк у яго ўмее выконваць усе каманды, бо справа, як аказалася, не ў пародзе, а ў правільным выхаванні! Падчас сямейных святаў Казімір Станіслававіч адпачывае душой і часцяком грае на гармоніку, гітары або акардэоне. Вось такая тонкая натура ў былога аператыўніка! 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!