Да 100-годдзя крымінальнага вышуку: былы начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС Іван Саук прысвяціў сваёй прафесіі 31 год жыцця

Як пяць операў дзялілі адзін матацыкл і чаму Шчучыншчына была кузняй кадраў, расказаў былы начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС Іван Мар’янавіч Саук, які прысвяціў сваёй нялёгкай прафесіі 31 год жыцця.
Калі размова заходзіць пра аддзяленне крымінальнага вышуку, адразу на памяць прыходзіць вядомы серыял “Вуліца разбітых ліхтароў”, які распавядае пра цяжкую службу аператыўнікаў. Памятаеце? Чацвёрка сышчыкаў-прафесіяналаў умела размотвала клубок самых заблытаных і жорсткіх злачынстваў і добрасумленна ахоўвала закон.
Сустрэчы сам-насам са злачынцамі, пагоні, расследаванні, начныя дзяжурствы… Гэта ўжо не кадры з кінафільма, а штодзённыя будні тых, хто звязаў сваё жыццё з крымінальным вышукам, для каго кожны новы дзень – новы бой са злачыннасцю. 
Пра былых калег і суровыя міліцэйскія будні ветэран міліцыі Іван Мар’янавіч Саук можа распавядаць гадзінамі. Ён, як ніхто іншы, ведае, як гэта стаяць на пярэднім краі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і праяўляць вытрымку і самавалоданне. 


Пасля заканчэння Мінскай спецыяльнай школы міліцыі і Мінскай вышэйшай школы міліцыі Іван Мар’янавіч спасцігаў навуку вышуку на Шчучыншчыне. Вось толькі на практыцы аказалася, што ў кнігах шмат чаго не прапісана… Каб стаць сапраўдным аператыўнікам, неабходны прафесійны і жыццёвы вопыт. Прафесійная хватка прыйшла хутка, таму што часу на разважанні не было. 
– У Шчучыне ў 1984 годзе пражывала больш за 15 тысяч чалавек, – успамінае мой суразмоўца. – Да таго ж быў яшчэ і ваенны гарадок, трапіць на тэрыторыю якога можна было толькі па пропусках. Аднак злачынцы дабіраліся і туды, кралі магнітолы, колы, запчасткі да аўтамабіляў… Адным словам, спраў хапала. Асабліва калі ўлічыць, што ў раёне ў той час пражывала 73 тысячы жыхароў, а нас, аператыўнікаў, было ўсяго пяць чалавек. І на ўсіх… адзін матацыкл! 
Спачатку Іван Мар’янавіч Саук нёс службу ў горадзе, затым яго зонай абслугоўвання сталі: Лядскі, Дэмбраўскі, Астрынскі, Каменскі, Берштаўскі, Навадворскі і Першамайскі сельсаветы. 


– Як жа Вы своечасова паспявалі ўсюды? – цікаўлюся ў Івана Мар’янавіча. 
– Выратоўвала людская чуласць і дысцыплінаванасць. Я браў у дарогу папку з дакументамі, міліцэйскае жазло і аўтастопам дабіраўся ў любы пункт раёна.
Зона абслугоўвання паменшылася, калі штат павялічыўся на двух спецыялістаў. Побач працавалі асы сваёй справы: М.М. Батура, А.А. Дземідовіч, М.І. Грыневіч, А.Ю Шымук і іншыя. Разам мы спраўляліся нават з самымі складанымі задачамі і заўсёды маглі разлічваць на сяброўскую падтрымку. 
Ёсць што ўспомніць былому аператыўніку. Усё больш запаміналіся гучныя справы, забойствы… Адно такое злачынства ў свой час ускалыхнула ўвесь раён. 
У вёсцы Прудцы знікла адзінаццацігадовая дзяўчынка. Яна паехала ў суседнюю вёску ў магазін па хлеб і не вярнулася… Пошукі дзяўчынкі не спыняліся ні днём, ні ноччу. Праз пэўны час у мясцовай сажалцы знайшлі веласіпед дзяўчынкі. Спусцілі вадаём. Безвынікова. На беразе вопытны опер заўважыў макавую саломку. Мясцовыя жыхары расказалі, што ў вёску заязджалі наркаманы. У хуткім часе іх адшукалі. Падчас размовы высветлілася, што ўвечары да іх кампаніі далучыўся невядомы мужчына. Разлічваўся за “дозу” наркатычнай сумесі… напоем. Менавіта такі купіла ў магазіне дзяўчынка. 
Так тонкая нітачка прывяла супрацоўнікаў крымінальнага вышуку да злачынцы, які адабраў жыццё нявіннай дзяўчынкі і схаваў яе цела на хутары ў яме з бульбай… За свае дзеянні ён адказаў па ўсёй строгасці закону. Суд прыгаварыў яго да пажыццёвага адбыцця пакарання. Да таго ж, падчас даследавання высветлілася, што мужчына быў вінаваты ў забойстве жанчыны, якое ўчыніў у Гродне. У вёску ён прыехаў, каб схавацца ад следства… 
Памятае Іван Мар’янавіч Саук, як разам з калегамі раскрыў гучнае забойства на хутары Скарбы. Адзінока пражываючую жанчыну знайшлі забітай. У доме былі выбіты вокны, не на сваіх месцах знаходзіліся хатнія рэчы. Зламыснікаў не ўдавалася адшукаць на працягу двух месяцаў. Івану Мар’янавічу паступіла аператыўная інфармацыя, дзякуючы якой удалося выйсці на след злачынцаў. Імі аказаліся грамадзяне цыганскай нацыянальнасці з Радуні. Яны былі затрыманы і панеслі пакаранне. 
– У нас заўсёды ўсё атрымлівалася, таму што працавалі сумленна, на вынік, – адзначыў Іван Мар’янавіч. – Адметна, што многія начальнікі аддзяленняў крымінальнага вышуку вобласці, пачынаючы з 1962 года, былі выхадцамі са Шчучынскага РАУС, бо з’яўляліся сапраўднымі знаўцамі сваёй справы, – зазначае мой герой. – Так, у нашым РАУС пачыналі сваю міліцэйскую службу былы начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Ф.П. Гудзей, былы начальнік крымінальнага вышуку вобласці Ч.Я. Бяляўскі, былы начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь І.С. Сяргей. Я дапамагаў рыхтаваць матэрыял для кнігі, якая была прысвечана 90-годдзю крымінальнага вышуку, таму магу зрабіць экскурс у мінулае. 
Іван Мар’янавіч распавёў, што першым начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку з 1951 па 1957 гг. быў В.І. Домышаў. Яго змянілі І.П. Патэйка, Г.В. Юхнавец, А.А. Леташка, С.Ю. Кандыба, П.М. Грымута, І.С. Сяргей, М. М. Батура, М.І. Грыневіч, А.М. Кавалеўскі. Сам Іван Мар’янавіч узначальваў аддзяленне крымінальнага вышуку з 1999 па 2007 год. 
– Мяне змянілі на пасадзе А.К. Якусік, П.М. Кузняцоў, якія да гэтага пэўны час працавалі пад маім кіраўніцтвам, – з гонарам адзначыў суразмоўца.– Зараз аддзяленне крымінальнага вышуку ўзначальвае не менш вопытны спецыяліст А.Г. Качан. 
Падчас працы ў аддзяленні крымінальнага вышуку даводзілася ахвяраваць вольным часам і асабістым жыццём. Аднак Івану Мар’янавічу пашчасціла сустрэць сваё каханне ў родным РАУС. Наталля Купрыянаўна працавала следчым. Сумесная праца зблізіла двух маладых людзей. Наталля Купрыянаўна заўсёды добра разумела мужа, таму ніколі не наракала на занятасць на працы, цярпліва чакала з начных змен, хвалявалася, калі ехаў на пошукі злачынцаў…
 Па бацькоўскіх слядах пайшлі сын Павел і дачка Ганна. У Саукоў дастойная змена – дзеці носяць капітанскія пагоны і, як бацькі, стаяць на варце закону. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з асабістага архіва І.М. Саука.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!