Цёплы дом сабраў сяброў

Ведалі б вы, з якім нецярпеннем і радасцю чакаюць першы дзень лета выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната! Па добрай традыцыі тут ладзіцца свята, уражаннямі ад якога жывуць доўга-доўга. Сёння ў госці да рабят прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі  РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, студэнты-валанцёры і выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, сябры-свяшчэннаслужыцелі, шэфы з прадпрыемстваў і арганізацый. З вялікай карзінай слодычаў для хлопчыкаў і дзяўчынак завіталі ў дом-інтэрнат бліжэйшыя суседзі і спонсары -- дырэктар ААТ “Васілішкі” Уладзімір Серахан і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Святлана Габіс.  

У амфітэатры сярод старажытнага маляўнічага парка сабраліся дзеці і дарослыя, каб паўдзельнічаць у яркім шоу, дзе тон задавалі казачныя персанажы, а ў інтэрактыўных гульнях прымалі ўдзел усе -- ад маленькага да вялікага. Урачыстасць з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей адкрыў дырэктар Васілішкаўскага дома-інтэрната Здзіслаў Янкевіч, які выказаў словы падзякі свайму згуртаванаму, працавітаму калектыву, члены якога клапоцяцца пра дзетак з нялёгкім лёсам, ствараюць для іх камфортныя ўмовы пражывання.

-- Дзякуючы сацыяльна арыентаванай палітыцы беларускай дзяржавы ў нашых выхаванцаў ёсць усё неабходнае, належным чынам наладжаны быт і медыцынскае абслугоўванне, закуплена новае медыцынскае абсталяванне, -- падкрэсліў Здзіслаў Іосіфавіч. – А сябры і валанцёры дораць рабятам сваю ўвагу, цеплыню і сардэчнасць, запаўняючы нішу, якой так нестае.  

З паспяховым заканчэннем навучальнага года павіншавала школьнікаў дырэктар Галавічпольскага дз/с-СШ Жана Пашук. Пажаданні цудоўна адпачыць за лета адрасаваў дзятве прарэктар ГрДУ ім. Я. Купалы Васіль Сянько і падмацаваў гэтыя словы падарункам ад 20-тысячнага калектыву ўніверсітэта – камплектам турыстычных спальных мяшкоў і палаткай.

 – А наш падарунак вас чакае ў сталовай падчас святочнага абеду. Гэта – дэсерт, -- звярнулася да рабят старшыня прафсаюзнага камітэта раённага вузла паштовай сувязі Святлана Будзіловіч.

Крэатыўна вітаў сабраўшыхся кіраўнік рэспубліканскага валанцёрскага праекта “Цырк -- дзецям” Дзяніс Шэмет, цвёрда паабяцаўшы, што добрая традыцыя наведваць прадстаўленні на сталічнай арэне будзе працягвацца і далей. Грашовыя сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльнай базы перадалі дому-інтэрнату Уладзімір Серахан і Юрый Пашук. Цёплыя, прачулыя словы падтрымкі выказаў у адрас юных выхаванцаў ксёндз Андрэй з Бярозаўкі, які стаў духоўным настаўнікам рабят.

Тэатралізаванае прадстаўленне, дзе танчыў вясёлы Дожджык, гарэзнічалі Мышы і рыжы Кот, ладзіў гульні нястомны Гномік, смяшыла сваімі выхадкамі ўльтрасучасная Баба Яга, не на жарт захапляла і дзяцей, і дарослых. Цэлы дзень будзе доўжыцца сёння свята дзяцінства ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Выхаванцаў чакае яшчэ шмат сюрпрызаў і забаў. Прыедуць да рабят з канцэртам і артысты з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.     

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!