Ці проста жыць у суседстве з бабрамі? Даведаліся ў жыхароў вёскі Бабічы і Русакі

Яшчэ некалькі год назад вёску Бабічы магутным  зялёным шчытом закрываў ад ліхіх вятроў альховы гай, што ўпрыгожваў берагі Свянціцы. Мяркуючы па назве, гэта рака бярэ свае вытокі са святых ракавіцкіх крыніц. Імклівая плынь у колішнія часы круціла жорны на двух млынах – у тых жа Бабічах і ў суседніх Русаках. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, вада ў рацэ была на дзіва чыстая і студзёная. Тут вадзіліся ракі і ўсялякая рыба -- нават сліжы і вугры. Цяпер жа  любімая Свянціца на вачах вяскоўцаў ператвараецца ў балота, бо яе берагі разбураны, а замест маляўнічых зялёных відарысаў, толькі амярцвелы лесапавал.  

 

 

Аказваецца, гэтыя, не сказаць, каб глухія мясціны (побач жа вёска і аўтадарога!) аблюбавалі … бабры: сталі абуладкоўваць хаткі, узводзіць запруды. Такое суседства мясцовыя жыхары, якія насамрэч вельмі любяць прыроду, ахвотна б прынялі, каб не наступствы ад кіпучай дзейнасці грызуноў. Ствалы прыгожых, стромкіх вольхаў і магутных вербаў, што так пахуча цвілі па вясне,  бабры бязлітасна выгрызлі і павалілі. Запруды спынілі імклівы бег рачулкі да Нёмана, вада разлілася па сенажацях і агародах.

 

 

 

Цалкам загубіўшы бабічоўскі зялёны аазіс, на месцы якога зараз жахліва тырчаць сухія рагаціны, бабры неўзабаве ўзяліся наводзіць свае парадкі і ў Русаках.

 

 

 – Куды ж тут нам звяртацца па дапамогу? – са скрухай у голасе пытае  Яніна Аляксандраўна Заенчукоўская, чыя хата знаходзіцца найбліжэй да ракі. – З агароду ніякага ўраджаю не ўдалося сабраць, бо градкі ўвесь час падтапляе. Хутка вясна, нават не ведаю, ці ёсць сэнс штосьці саджаць… Але ж і без агароду ў вёсцы ніяк не абыдзешся.

 

 

 

Яніна Аляксандраўна расказвае, што рачная вада з-за бабрынай запруды падступіла ледзь не да парога.  Сын прыязджаў, на працягу двух дзён разбіраў бабровую плаціну, пабудаваную з галля, драўніны, гліны ды гразі так маналітна, што не зрушыць. Усю спіну сарваў, а гарантыі, што бабры адступяць – ніякай.

 

 

Стараста вёскі Бабічы Мікалай Сцяпанавіч Байгот разам з сабачкам Таксікам паказваюць мне бабровую хатку. Бывалы паляўнічы распавядае, як тут на сцежцы, недалёка ад уласнага дома, аднойчы сустрэў бабра, з вачэй якога градам сыпаліся … слёзы.

 

 

 

 

 -- Гэта была неверагодная і вельмі кранаючая карціна, -- смяецца Сцяпанавіч. – Мілыя звяркі, але радасці ад суседства з імі мала. Людзям яблыні пагрызлі, раку ў балота ператварылі… Разам з тым, я як паляўнічы ніколі б ружжо на бабра не наставіў, хоць мяса яго, кажуць, дужа смачнае і дыетычнае. У нас у Забор’і, адкуль я родам, заўжды старэйшыя людзі казалі: “Заб’еш бабра – не будзе табе дабра!” І праўда, у таго, хто падымаў руку на гэтага звярка, нешта няладнае ў гаспадарцы здаралася.

 

 

 

 -- Бабры такія ж вялікія працаўнікі, як і мы, вясковыя людзі. Лічу, што забіваць іх нельга, а вось адсяліць, каб нашу прыроду прыгожую не марнавалі, каб гаспадарчы ўрон людзям не наносілі – гэта ў самы раз, -- дапаўняе мужа Ганна Міхайлаўна Байгот. -- Са сродкаў масавай інфармацыі мы ведаем, што такія прыклады ў рэспубліцы ёсць. Вось бы і нам хто дапамог.

 

 

Размаўляючы са старастам вёскі Бабічы, даведваюся, што было ў яго жаданне спілаваць сухія вольхі. І не столькі сабе на гаспадарчыя патрэбы, а каб нейкі парадак навесці пры ўездзе ў вёску. Аднак работы ў прыродаахоўнай зоне патрабуюць вялікай колькасці дазволаў і дакументаў. У выніку намеры засталіся ў мінулым. А вось бабрам дазволаў не патрабуецца, і тое, што яны па-сутнасці мяняюць экасістэму, чамусьці лічыцца нормай.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!