Ці гатовы работнікі РУП ЖКГ і дарожнікі да сустрэчы з непагаддзю?

Зіма не за гарамі, а з ёй на тэрыторыю Шчучыншчыны прыйдуць маразы і снегапады. Ці гатовы работнікі РУП ЖКГ і дарожнікі да сустрэчы з непагаддзю? Наколькі раён падрыхтаваны да барацьбы са снежнымі заносамі і галалёдзіцай?

– Наша дыспетчарская служба працуе кругласутачна ва ўзмоцненым рэжыме, – зазначае начальнік участка добраўпарадкавання РУП ЖКГ Дзмітрый Тадэвушавіч Місюк. – Мы ўважліва сочым за змяненнямі надвор’я і ў любы момант гатовы накіраваць на расчыстку гарадскіх вуліц і дарог 9 снегаўборачных машын, 4 пагрузчыкі і 7 адзінак грузавой тэхнікі. Зараз Шчучын убіраюць 29 нашых работнікаў, але пры неабходнасці павялічым колькасць дворнікаў. 
Для барацьбы з галаледзіцай у РУП ЖКГ ужо назапасілі больш за 120 тон пясчана-салявой сумесі. І яе колькасць з кожным днём павялічваецца. Ля важных сацыяльных аб’ектаў, а таксама на многіх гарадскіх вуліцах камунальнікі ўстанавілі 66 скрыняў з пяском на выпадак вялікіх снегападаў. На патэнцыяльна небяспечных участках дарог усталявалі папярэджваючыя знакі.
Адказна падрыхтаваліся да сустрэчы са снежнай стыхіяй і шчучынскія дарожнікі.


– Мы абслугоўваем звыш 1000 кіламетраў дарог, – гаворыць начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок. – Для іх расчысткі ў нас стаяць у “баявой гатоўнасці” 3 аўтагрэйдары, 3 “Амкадоры”, 7 трактароў з адваламі і столькі ж МАЗаў. Пры неабходнасці гатовы наняць яшчэ 8 адзінак снегаўборачнай тэхнікі. Для пасыпкі дарог назапасілі 1920 тон пясчана-салявой сумесі і 1200 тон пяску, што складае 75% да плана. Спецыяльная сістэма маніторынгу “ДІС”, якая звязана з інтэрнэтам, дае нам магчымасць аналізаваць даныя метэастанцыі. Кожныя дзве гадзіны мы атрымліваем свежыя даныя, а на ноч робім раздрукоўку з прагнозам надвор’я. Таму снежная стыхія не застане нас знянацку.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.