Чужая хата не павінна быць з краю

Пачатак сельскага сходу, які прайшоў на днях у вёсцы Ашмянцы Жалудоцкага сельсавета, быў не зусім звычайным. На выязным пасяджэнні суда Шчучынскага раёна разглядалася грамадзянская справа аб накіраванні аднаго з жыхароў сельсавета на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Мужчына дайшоў да таго, што дазволіў сабе з’явіцца на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Дарэчы, да гэтага ён ужо двойчы бываў у ЛПП, аднак ніякіх вывадаў не зрабіў і на пытанне суддзі: “Што можа прымусіць вас перастаць піць?”, асабліва не разважаючы, адказаў: “Накіруйце зноў у ЛПП!”. Склалася такое ўражанне, што гэты чалавек сам на сябе махнуў рукою. Яго пажаданне суд задаволіў.

– Хацелася б, каб гэты сумны прыклад прымусіў і іншых аматараў спіртнога задумацца пра сваё жыццё, – пракаменціраваў сітуацыю старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі. –  Менавіта гарэлка становіцца прычынай амаль усіх бед і няшчасцяў. 
У такіх выпадках самі дарослыя робяць свой выбар. А вось дзеці… Іх бяспека цалкам залежыць ад тых, хто знаходзіцца з імі побач – таты і мамы. І як крыўдна, калі з-за бяспечнасці самых блізкіх людзей абрываецца жыццё гэтых маленькіх чалавечкаў… Мала каму з прысутных у зале ўдавалася стрымаць слёзы, гледзячы на жудасныя кадры фільма, што расказвалі аб выпадках гібелі дзяцей у пажарах, на вадаёмах… Большай трагедыі нават уявіць сабе немагчыма…
Берагчы сваё жыццё, выконваць правілы бяспекі, аддаць перавагу здароваму ладу жыцця заклікалі ўдзельнікаў сходу рабяты з агітбрыгады Жалудоцкай СШ. Яны падрыхтавалі яркае, пераканаўчае  выступленне.


Удзел у сельскім сходзе прымалі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвя­дзюк, намеснік на­ча­ль­ніка Гродзенс­ка­га абласнога ўп­раў­лен­­ня МНС А.Я. Ясеў, прадс­таўнікі раённых служ­баў і арганізацый. Ка­рыс­най і змястоўнай атрымалася размова. 
Прычыны, па якіх загінулі ў пажарах сем жыхароў Шчучыншчыны, яшчэ раз нагадаў намеснік начальніка  Шчучынс­кага РАНС  С.В. Які­мо­віч. Сцэнарый “выпіў-закурыў-заснуў” дзейнічае практычна ў кожным выпадку. Сяргей Валер’евіч звярнуўся да вяскоўцаў з просьбай не заставацца ў баку і не займаць пазіцыю “мая хата з краю”, калі хтосьці з суседзяў або знаёмых балансуе паміж жыццём і смерцю: ужывае спіртное, грэбуе правіламі пажарнай бяспекі, робіць невыносным жыццё блізкіх людзей. Ён заклікаў дарослых не выпускаць з поля зроку дзяцей і ўнукаў, не дазваляць ім адным накіроўвацца на вадаёмы, вучыць выконваць правілы дарожнага руху.
Палепшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года крымінагенная сітуацыя на тэрыторыі Жалудоцкага сельсавета. Аб гэтым расказала старшы інспектар прафілактыкі Шчучынскага РАУС Н.М. Бірук. Сёлета зарэгістравана шэсць злачынстваў, большасць з якіх – крадзяжы, у мінулым годзе – 19. А вось колькасць учыненых адміністрацыйных правапарушэнняў вырасла з 45 да 66. Вялікая праблема – незаконны абарот алкагольнай прадукцыі. За шэсць апошніх месяцаў у Жалудоцкім сельсавеце канфіскавана 27,5 л самагону, 95 літраў брагі і два самагонныя апараты. Наталля Мікалаеўна прывяла прыклады, якія яскрава сведчаць аб тым, да якіх страшных трагедый можа прывесці спіртное: сын хацеў зажыва спаліць маці, сужыцелька запаліла дом сужыцеля і мужчына згарэў у агні, жанчына нанесла ўдар нажом мужчыну… 
Невыкананне правіл эксплуатацыі газавага абсталявання стала прычынай пажару, які здарыўся на тэрыторыі сельсавета ў в. Баяры Лябецкія некалькі год таму. Аб гэтым нагадаў вяскоўцам Г.І. Цывінскі. А майстар уліку газу Шчучынскага раёна газазабеспячэння Т.У. Кутарэева расказала, як пазбегнуць такіх няшчасных выпадкаў. Таццяна Уладзіміраўна акцэнтавала ўвагу і на тым, што вяскоўцам і гараджанам неабходна замяняць старыя газавыя пліты, каб не здарылася аварыйнай сітуацыі. Яна нагадала правілы бяспекі пры карыстанні газам у быце, а жыхарам Ашмянцоў паведаміла аб тым, што ў іх ёсць магчымасць правесці прыродны газ у свае дамы. Не лішнім было ўдакладненне Г.І. Цывінскага,  што заяву на правядзенне прыроднага газу можна пісаць у тым выпадку, калі належным чынам аформлены ўсе дакументы на домаўладанне, у тым ліку і на зямельны ўчастак.
Прычынай няшчасных выпадкаў часта становіцца дрэнны стан электраправодкі і  парушэнне правілаў яе эксплуатацыі, сярэдні тэрмін службы якой не павінен перавышаць 30-40 год. Пра гэта расказаў удзельнікам сходу інспектар інспекцыі Энерганагляду С.А. Куроўскі. Падоўжыць тэрмін службы электраправодкі можна, калі змясціць яе ў спецыяльныя пеналы. Станіслаў Адольфавіч парэкамендаваў таксама карыстацца толькі аўтаматычнымі пробкамі, якія найбольш бяспечныя.  


Да бяды прыводзіць  алкаголь. Гэта думка чырвонай ніткай праходзіла праз кожнае выступленне. Нядаўнімі прыкладамі з работы прыёмнага пакоя Шчучынскай ЦРБ падмацавала яе ўрач-нарколаг Л.Я. Чудоўская. 23-гадовы малады чалавек у стане алкагольнага ап’янення спрабаваў пайсці з жыцця. Гэта своечасова заўважылі людзі і дасталі яго з пятлі. Пазней, калі змог усвядоміць, што спрабаваў зрабіць, быў вельмі ўдзячны за сваё выратаванне і сцвярджаў, каб не выпітае, ён такога не ўчыніў бы. Шэсць дзён правёў у рэанімацыі, а затым лячыўся ў стацыянары. А якія выдаткі панесла бальніца! І, на жаль, такіх выпадкаў, калі гарэлка у прамым сэнсе аднімае ў людзей розум, не адзін і не два. 
Падчас сельскага сходу ўзнімаліся таксама пытанні навядзення парадку на тэрыторыі Жалудоцкага сельсавета. Самыя праблемныя месцы, дзе ў бліжэйшы час неабходна прыбраць тэрыторыю, абазначыла ў сваім выступленні ўрач-энтамолаг Шчучынскага ЦГіЭ М.У. Дарашкевіч.  
Актуальная праблема на сённяшні дзень – захворванне буйной рагатай жывёлы на надулярны дэрматыт. Як ад яго ўберагчы хатнюю жывёлу, расказала прадстаўнік ветэрынарнай службы – урач-эпізаатолаг В.В. Міцура. 
Пажарную сітуацыю на Гродзеншчыне прааналізаваў А.Я. Ясеў. З 24 загінуўшых у пажарах у нецвярозым стане былі 19 чалавек. Кураць, засынаюць і гараць… Папярэдзіць бяду можа дапамагчы пажарны апавяшчальнік. Гэтыя невялікія прыборы з пачатку года выратавалі жыцці 11 чалавек. Асобую ўвагу Аляксандр Яўгеньевіч сканцэнтраваў на папярэджанні дзіцячага свавольства з агнём.
Вынікі размовы падвяла Г.С. Хвядзюк. Яна яшчэ раз падкрэсліла, што самае галоўнае – берагчы свае жыцці і жыцці родных людзей. 
– Раскажыце, калі ласка, сваім блізкім, знаёмым, сябрам пра тое, што вы пачулі сёння на сходзе, – звярнулася да прысутных з просьбай Ганна Станіславаўна. – Магчыма, гэта інфармацыя прымусіць некага задумацца, наколькі важна захоўваць правілы бяспекі. 
Напрыканцы сходу жыхары Ашмянцоў і іншых населеных пунктаў, карыстаючыся магчымасцю,  уздымалі пытанні, якія іх хвалююць. Сярод іх – арганізацыя футбольнай пляцоўкі для дзяцей. Вырашэнне абазначаных праблем Ганна Станіславаўна ўзяла пад асабісты кантроль.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)