Цэнтр турызму і краязнаўства пераедзе!

Зусім хутка Шчучынскі цэнтр турызму і краязнаўства зменіць сваё месца жыхарства і пераедзе ў будынак па вуліцы Фрунзэ, дзе раней размяшчаўся дзіцячы садок №3.
– Мы вельмі абрадаваліся такому рашэнню, – гаворыць дырэктар цэнтра Алена Іванаўна Арабчык. – Цяпер мы зможам рэалізаваць многія ідэі: у асобных пакоях установім скаладром, а таксама настольны тэніс, аформім міні-музей на тэму краязнаўства, будзем праводзіць віртуальныя экскурсіі, квэст-гульні, арганізоўваць розныя цікавыя мерапрыемствы. Акрамя таго, у нас з’явілася даволі вялікая прылеглая тэрыторыя, дзе мы зможам абсталяваць турыстычны палігон для спартыўнага арыентавання. 
Разам з гэтым у новым цэнтры будзе арганізаваны хостэл – бюджэтнае (недарагое) жыллё.
– Такая навіна вельмі даспадобы прыйшлася нашым спартсменам, – гаворыць Алена Іванаўна. – Цяпер іншагароднім удзельнікам розных спаборніцтваў, якія прыязджаюць у Шчучын, будзе дзе размясціцца. Нам толькі трэба закупіць ложкі і пасцельную бялізну.
Пакуль у будынку былога садка праводзіцца невялікі рамонт. Як плануе Алена Іванаўна, дзесьці на працягу месяца цэнтр канчаткова пераедзе. З наваселлем вас, турысты! 
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!