Будзем памятаць, жыць і мір берагчы

Шчучыншчына адзначае Дзень Перамогі

Сёння мы сустракаем 72-ую гадавіну перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 72-ю мірную вясну. Так, родная беларуская зямля даўно залячыла свае раны, але да гэтай пары вайна стукае ў нашы сэрцы. Для краіны, якая страціла ў барацьбе з фашызмам кожнага трэцяга свайго жыхара, вайна ніколі не стане далёкім мінулым, а навечна застанецца ў памяці.  І не толькі пакалення пераможцаў, але і іх удзячных нашчадкаў, якія лічаць сваім абавязкам, сваёй свяшчэннай місіяй захаваць праўду пра тыя суровыя і гераічныя гады, ганарацца вялікім подзвігам народа.

Больше фото здесь

Дзень Вялікай Перамогі – знакавая дата, светлае і дарагое свята і для жыхароў Шчучыншчыны. Сёння кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны Узброеных Сіл, навучэнцы і моладзь прыйшлі ў гарадскі сквер на ўрачысты мітынг “Ваш подзвіг жывы, непаўторны і вечны!”, каб адаць даніну памяці героям, падзякаваць за мірны дзень ветэранам Вялікай Айчыннай, пацвердзіць сваё адзінства і намер захоўваць самую галоўную заваёву – Вялікую Перамогу.

Ля помніка загінуўшым воінам і партызанам пульсаваў Вечны агонь, у ганаровым каравуле застылі выхаванцы патрыятычнага клуба "Дружына", гучалі ваенныя песні і вершы... Адчувалася, у гэты момант тут свайго эпагею дасягнула канцэнтрацыя двух пачуццяў – памяці і ўдзячнасці…

-- Каля трох мільёнаў сваіх сыноў і дачок страціла Беларусь у ваеннае ліхалецце. За гады акупацыі гітлераўцы поўнасцю ці часткова разбурылі больш за 200 гарадоў і пасёлкаў, звыш 9 тысяч вёсак. Такая жорсткая і горкая рэальнасць тых даўно мінулых дзён, -- падкрэсліў, выступаючы на мітынгу, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік. – Менавіта таму наш народ так глыбока шануе памяць аб загінуўшых, беражэ мір і свабоду, з глыбокай павагай і клопатам адносіцца да тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу, любіў і самааддана абараняў ад ворага родную зямлю.

Больше фото здесь

Незагойную рану пакінулі фашысты і на шчучынскай зямлі, нагадаў Сяргей Васільевіч. За гады акупацыі нелюдзі знішчылі больш за сем з паловай тысяч мірных грамадзян, большасць з якіх жанчыны, дзеці і старыя. І сёння болем адгукаецца ў сэрцы ўспамін пра трагедыю нашых вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні. Толькі ў Зіняках  22 студзеня 1944 года ад рук гітлераўцаў прынялі пакутніцкую смерць 419 жыхароў гэтай вёскі і 65 – з суседніх. Роўна 75 год назад фашысты ўчынілі жорсткую расправу над вязнямі гета, якое знаходзілася на тэрыторыі раёна: больш за 6 тысяч чалавек былі бязлітасна расстраляны...

Але насіллем і тэрорам акупанты не запалохалі і не зламалі волю народа да перамогі. Сіла патрыятызму і нянавісць да фашысцкіх захопнікаў аказаліся мацнейшымі. Ужо ў канцы 1941 года на Шчучыншчыне ўзніклі першыя партызанскія і падпольныя групы, якія з часам сталі вялікай сілай супраціўлення і барацьбы з ненавісным ворагам. Выстаялі і перамаглі!

-- Перамога была агульнай: салдата, які праліваў кроў на полі бою, партызана, што разбураў камунікацыі і ваяваў у тыле ворага, сялянкі, якая вырошчвала хлеб для абаронцаў Радзімы… Усіх. Магчыма, таму так шчыра, цёпла і сардэчна адзначаюць гэта свята ў Беларусі, так прызыўна і шчымліва гучаць у гэты дзень званы ўсіх храмаў, -- адзначыў Сяргей Васільевіч.

Кіраўнік раёна запэўніў: колькі б год ні мінула з мая 1945-га, мы заўжды будзем памятаць аб загінуўшых, аб подзвігах салдат-вызваліцеляў, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу, захоўваць у сэрцы ўдзячнасць гэтым людзям, а таксама тым рупліўцам, што ўзнялі з руін разбураныя вайной гарады і вёскі.

На ўрачыстасці, як і заўжды ў дзявяты дзень мая, было месца і светламу суму, і шчырай радасці. У эпіцэнтры ўвагі знаходзіліся ветэраны. На жаль, іх рады няўмольна прарэджвае час. Вось і ў нашым раёне гэтых заслужаных людзей засталася ўжо маленькая жменька – 18 чалавек… І ўсё ж яны трымаюцца, гэтыя моцныя духам людзі! Вось і сёння наперакор гадам і хваробам прыйшлі на свята Мікалай Мікалаевіч Юр’еў, Альберт Львовіч Смірноў, Таццяна Сяргееўна Осіпава… Звяртаючыся да іх, Сяргей Васільевіч назваў ветэранаў выратавальнікамі Свету, шчыра падзякаваў за подзвіг, наказаў жыць доўга. І заклікаў прысутных на мітынгу зберагчы бясцэнны дар свабоды для наступных пакаленняў. А ў заключэнне сваёй прамовы С.В. Ложэчнік сказаў важныя словы:

-- Моцная і квітнеючая Беларусь – лепшы помнік загінуўшым і жывым. Усім, хто ў жорсткіх бітвах адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны.

На мітынгу сёння гучала шмат пранікнёных слоў, якія знаходзілі водгук у сэрцах людзей. Многія крадком выціралі слёзы радасці і журбы. Пра ўдзячнасць за гераізм, мужнасць, адвагу і доблесць гаварыў намеснік старшыні раённага савета ветэранаў, падпалкоўнік запасу, сын ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Віктар Мікалаевіч Анашкін. Ён падзякаваў ветэранам за мірнае неба над галавой, за падоранае нам жыццё, за цудоўную краіну, якая будуецца, развіваецца і прыгажэе з кожным днём. Заўжды захоўваць памяць аб вялікіх падзеях таго гераічнага часу, быць дастойнымі прадаўжальнікамі слаўных спраў старэйшага пакалення паабяцаў ад імя моладзі навучэнец ДУА “Гімназія г. Шчучына”, выдатнік вучобы, фіналіст рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" Антоній Мархоцкі.

Дарэчы, многа навучэнцаў устаноў адукацыі прыйшло на гэты ўрачысты мітынг. Дзяўчаты і хлопцы ў знак даніны пашаны салдатам Перамогі паставілі на граніце вакол Вечнага агню запаленыя лампадкі і нізка схілілі галовы...

Больше фото здесь

Каб ніколі не адышла ў нябыт памяць пра тых, хто заваяваў нашу свабоду і незалежнасць, сёння па галоўнай вуліцы Шчучына пад гукі аркестра партрэты герояў пранеслі іх родныя і блізкія. Дарэчы, шарэнгі ўдзельнікаў шэсця памяці “Навек у страі” сёлета сталі большымі. Воіны і партызаны, падпольшчыкі і блакаднікі Ленінграда – усе героі з партрэтаў былі сёння маўклівымі ўдзельнікамі мітынгу, ад чаго жывых ахоплівала асаблівае пачуццё. А ўдары метранома падчас хвіліны маўчання, здавалася, пакідалі засечкі на сэрцы…

Ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў, ганаровых гасцей і проста ўдзячных гараджан да падножжа помніка былі ўскладзены кветкі і вянкі. Прагучаў аружэйны салют. У нябесную высь запусцілі шары колераў дзяржаўнага сцяга...

Дарэчы, сёння шчучынцы годна ўшанавалі на мітынгу-рэквіеме, які адбыўся на магіле ахвяр фашызму ў раёне былога аэрадрома, памяць расстраляных 75 год таму мірных жыхароў. Схілілі яны галовы, усклалі кветкі і ля помніка ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі прайшлі таксама ля памятных мясцін на тэрыторыі сельсаветаў. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што да якіх слаўных дат не набліжалі б нас гады, вясны, народжанай у сорок пятым, мы не забудзем ніколі!

Увогуле ў канве святочнага дня было шмат цікавых акцый і мерапрыемстваў. Так, у фае раённага Цэнтра культуры працавалі тэматычныя пляцоўкі "І ў памяці навекі імёны", "Голуб міру" і "Яблынька Вялікай Перамогі", арганізаваныя РК БРСМ і членамі савета музея СШ №1. Побач супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Цёткі ўручалі трохкутнікі – "пісьмы з фронту", а аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прадстаўляў новы праект – выставу творчых работ "Маўклівыя сведкі гісторыі".  Тым часам у актавай зале цэнтра адбыўся канцэрт выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 Між іншым на плошчы Свабоды і цяпер яшчэ ладзяцца забавы для дзяцей, працуюць аб’екты гандлю, свае вырабы прапануюць рамеснікі. А вечарам шчучынцаў запрашаюць на выступленне творчых калектываў Шчучынскага і Мастоўскага раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці, стаць удзельнікамі святочнай дыскатэкі і акцыі “Спяём “Дзень Перамогі” разам!”.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА і Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!