“Будзем, брат, служыць!”: шчучынцы Віктар і Вадзім Макара апранулі міліцэйскую форму, каб падтрымліваць правапарадак і ахоўваць наш з вамі спакой

У братоў Віктара і Вадзіма Макара шмат агульнага. Абодва – маладыя і мэтанакіраваныя, абодва закончылі Акадэмію МУС і сталі афіцэрамі. І нават сваю службу пачыналі ў аддзеле ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама на аднолькавай пасадзе – участковага інспектара міліцыі. Ды і на пагонах у братоў па тры зорачкі. Пакуль што. Бо молада – не зелена: Віктар Іванавіч і Вадзім Іванавіч ужо дабіліся добрых вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці, высокую ацэнку іх рабоце дае кіраўніцтва райаддзела і ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

 

Адна прафесія для дваіх

 

Першым, у 2011 годзе, у міліцэйскую акадэмію на факультэт міліцыі паступіў Віктар. Праз два гады ў радах курсантаў з’явіўся яшчэ адзін Макара – яго брат Вадзім. Пашанцавала, бадай што, малодшаму: пры падтрымцы брата знаёмства з месцам службы, казармай, дысцыплінай і парадкам прайшло хутка. Дарэчы, вызначаліся хлопцы з будучай прафесіяй без аглядкі на персаналіі і аўтарытэты. Ацанілі свае школьныя веды і схільнасці да вывучэння асобных прадметаў і спынілі выбар на міліцэйскай ВНУ. Без праблем паступілі, атрымалі дыпломы і прыбылі да месца службы.

 

 

Віктар Макара: “Адлягло ад сэрца – не крымінал”

 

У службу ўчастковых інспектараў міліцыі Віктар Макара прыйшоў чатыры гады таму. Пачынаў пад кіраўніцтвам калегі з вопытам – маёра міліцыі Уладзіміра Мікалаевіча Палубяткі. Разам дзялілі адказнасць за правапарадак у паўднёва-заходнім мікрараёне Шчучына. Віктар расказвае, што з першага дня на пасадзе ўчастковага інспектара з галавой акунуўся ў работу. Матэрыялы праверак, пратаколы, рэагаванне на сямейна-бытавыя канфлікты, дзяжурствы – такім быў своеасаблівы “курс маладога байца”, у нашым выпадку – маладога лейтэнанта. Прайшоў яго дастойна. Памятае Віктар і сваю першую справу, як кажуць участковыя, “на зямлі”:

 

 

– З бальніцы паведамілі: паступіла пацыентка з сур’ёзнымі парэзамі. Што гэта – бытавы выпадак ці наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў? Трэба разбірацца. Сама пацярпелая страціла шмат крыві, аслабела і гаварыць з ёй было складана. Таму найперш агледзелі дваровую тэрыторыю. Знайшлі мяшок, які яна быццам бы цягнула і на які ўпала. А ў ім аказаўся акрываўлены кавалак шкла. Адразу адлягло ад сэрца – не крымінал!

 

 

І ўсё ж такі першым, так бы мовіць, баявым хрышчэннем маладога афіцэра міліцыі стаў іншы дзень. Зімой у пустым доме знайшлі жанчыну без прыкмет жыцця. Памерла ці крымінальны след? Паднялі на ногі ўсіх участковых інспектараў міліцыі, якія працуюць у горадзе. Віктар Макара і яго калега Аляксандр Заруба выехалі на пошукі сужыцеля грамадзянкі. Мужчына вёў асацыяльны лад жыцця, таму найперш абследавалі гарадскія прытоны. Адзін, другі… Нарэшце гаспадар адной з сядзіб пацвердзіў: чалавек, якога шукаюць, тут.

 

 – На двары ляжаў снег, і калі я ступіў са святла ў чорны закураны калідор дома, нічога бачна не было, – прыгадвае гэты эпізод Віктар Іванавіч. – І тут у прасвеце з’явіўся сілуэт. Мужчына трымаў у руках цясак. “Кінь нож!” – скамандаваў яму. “Не!” – запярэчыў незнаёмец і направіў лязо… сабе ў жывот. Давялося ратаваць, выклікаць хуткую. На шчасце, раненне аказалася не смяротным. Мужчына потым тлумачыў: хаваўся, бо баяўся быць абвінавачаным у забойстве. Яны ж з сужыцелькай часта канфліктавалі. Дарэчы, экспертыза пацвердзіла: у смерці жанчыны нічыёй віны не было.

 

 

Цяпер старшы лейтэнант Віктар Макара абслугоўвае частку Васілішкаўскага сельсавета – каля 30 вёсак. Працуе разам з напарнікам Валерыем Сарока. Расказвае, што і вясковую цішыню часам узрушваюць рэзанансныя злачынствы. Але галаўны боль – п’яніцы: на глебе злоўжывання алкаголем “растуць” і крадзяжы, і сямейныя канфлікты, і іншыя непрыемнасці. Таму вялікую ўвагу надае прафілактычнай рабоце з асобамі, якія знаходзяцца на розных відах уліку. У арсенале міліцыянера і гутарка, і вячэрні рэйд, і адміністрацыйны “бізун”. “Часам можна зайсці ў адзін дом і сустрэць там усіх, каго хочаш убачыць, – расказвае Віктар. – Звычайна нашы дыялогі праходзяць спакойна. І ўсё ж работа навучыла быць асцярожным”.

 

Вадзім Макара: “Заяўнік – не абавязкова пацярпелы”

 

Вадзім Макара таксама пачынаў участковым інспектарам міліцыі ў Шчучыне. Праз год яму прапанавалі перайсці оперупаўнаважаным у аддзяленне крымінальнага вышуку. Кіраўніцтва райаддзела не памылілася: з маладога афіцэра атрымаўся добры сышчык. Дарэчы, днямі старшы лейтэнант Вадзім Іванавіч Макара быў запрошаны ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама: там ва ўрачыстай абстаноўцы яму ўручылі Падзяку начальніка УУС як лепшаму маладому супрацоўніку. За бездакорнае выкананне службовых абавязкаў і рэзультатыўную работу на сваёй тэрыторыі адказнасці.

 

– У мінулым годзе мы з калегамі раскрылі больш за 80 працэнтаў ад усіх злачынстваў, учыненых у горадзе. І гэта адзін з лепшых паказчыкаў, за ім – напружаная праца, – дзеліцца малады опер. – Я задаволены, што разам са мной Падзяку начальніка абласнога ўпраўлення атрымаў і мой настаўнік – старшы оперупаўнаважаны Віталій Станіслававіч Кавальчук. Яго навука вельмі дарэчы.

 

Гаворачы пра работу, Вадзім адзначае: няма злачынстваў-блізнюкоў, няма і адзінай схемы для іх раскрыцця. І прыгадвае адзін досыць павучальны эпізод. У міліцыю звярнуўся грамадзянін, які настойваў: пакуль знаходзіўся ў месцах не вельмі аддаленых, былая сужыцелька ўкрала яго маёмасць. Мужчына паказаў вялікі спіс, а ў ім – розны будаўнічы інструмент. Аднак сышчыкі засумняваліся: заяўнік – не самы гаспадарлівы чалавек, з крымінальным мінулым, адкуль у яго такі запас? Самі пытанне паставілі – самі і адказ знайшлі. Высветлілі: “пацярпелы” працаваў у прадпрымальніка, у якога і сцібрыў інструмент. Той чалавек прыйшоў, каб вярнуць сваё. І сужыцелька проста аддала ўкрадзенае сапраўднаму ўласніку.
– Заўсёды трэба глыбока разбірацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі, – падкрэслівае Вадзім Макара. – Заяўнік – гэта не абавязкова пацярпелы. Памылковае меркаванне: хто першы звярнуўся ў міліцыю, той і мае рацыю. Насамрэч гэта не так.

 

“Я запрасіць хачу на танец Вас, і толькі Вас…”

 

Прагаварылі мы з братамі Макара і пра дом, і пра іх блізкіх. Афіцэры расказалі, што нарадзіліся ў Кемянах, але цяпер жывуць у Шчучыне, куды сям’я ў свой час пераехала. Што мама Таццяна Чаславаўна загадвае аддзелам камплектавання раённай бібліятэкі, а тата Іван Генрыкавіч – ляснік Шчучынскага лясніцтва. Дарэчы, яны з разуменнем аднесліся да выбару сынамі такой адказнай і неспакойнай прафесіі. І цяпер, безумоўна, ганарацца імі. Малодшы Вадзім жыве ў адной кватэры з бацькамі, а ў Віктара ўжо свая сям’я. Можна сказаць, служба і пазнаёміла з будучай жонкай. А было так. Напрыканцы 2017 года ў палацы Друцкіх-Любецкіх ладзіўся абласны міліцэйскі баль. Сярод афіцэраў, якія закружыліся ў вальсе, быў і Віктар Макара. А побач танцавала супрацоўніца РЦКіНТ Марына Мілеўская, праўда, з іншым партнёрам. Прыгожыя хлопец і дзяўчына не заўважыць адзін аднаго не маглі… Летась пажаніліся, набылі жыллё. Марына прывыкае быць жонкай супрацоўніка міліцыі, падтрымлівае мужа, стварае камфорт у доме.

 

“А ў Вас ёсць сімпатыя?” – пытаюся і ў Вадзіма, маючы на ўвазе, ці ёсць на прыкмеце асоба, да якой хіліцца сэрца хлопца. “Сімпатыя ёсць. Да работы!” – смяецца малады чалавек. – А наконт выбару палавінкі, то ўсяму свой час”.

 

Мае суразмоўцы заспяшаліся – чакала служба. Нялёгкая, але пачэсная і такая патрэбная. Дзякуй вам, браты-афіцэры, і вашым калегам за правапарадак у нашым агульным доме і наш спакой.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!