Больш за 200 чалавек, жыхароў Гродзенскай вобласці, сталі героямі кнігі “Гродненщина в лицах”, якую а мінулым тыдні прэзентавалі ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі

Не так даўно ўбачыў свет персаніфікаваны альбом “Гродненщина в лицах”, у падрыхтоўцы якога прынялі ўдзел і супрацоўнікі нашай рэдакцыі. Гэты альбом змяшчае гісторыі вядомых і знакавых для рэгіёна асоб, што ўнеслі значны ўклад у яго развіццё ў перыяд з 1991 года па сённяшні дзень. На мінулым тыдні кнігу прэзентавалі і ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. 

Сярод ганаровых гасцей – героі гэтай унікальнай энцыклапедыі, жыхары нашага раёна: Вінцэнты Іванавіч Казяк, Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч, Тамара Васільеўна Уласава, Мікалай Яўгеньевіч Жалязоўскі, Дзмітрый Іванавіч Самусік і ўдава Паўла Ісакавіча Зайца Эльвіра Уладзіміраўна. Увогуле альбом “Гродненщина в лицах” змяшчае звесткі пра амаль два дзясяткі шчучынцаў, якія зрабілі свой унёсак у агульнае развіццё не толькі раёна, вобласці, але і рэспублікі. 
– Сёння мы маем гонар дакрануцца да нашай гісторыі, паслухаць герояў, якія сышлі са старонак унікальнага выдання, – звярнулася да гасцей прэзентацыі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Больш за 200 чалавек, жыхароў Гродзенскай вобласці, сталі героямі кнігі. Сярод іх – Героі Беларусі, якiя ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, тыя, каму прысвоены ганаровыя званні за дасягненне высокіх вынікаў у розных галінах – сельскай гаспадарцы, прамысловасці, навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры і спорце.
У ліку першых атрымалі магчымасць пагартаць старонкі альбома і сустрэцца са сваімі вядомымі землякамі прадстаўнікі розных устаноў адукацыі нашага горада. З цікавасцю слухалі хлопцы і дзяўчаты ўспаміны Вінцэнты Іванавіча, Тамары Васільеўны і Уладзіміра Уладзіміравіча – у кожнага з іх быў свой шлях да поспеху.
Некаторыя знакамітыя шчучынцы, якія сталі героямі кнігі, ужо атрымалі гэтае выданне ў падарунак. Гасцям прэзентацыі ўручыла персаніфікаваныя альбомы Ганна Станіславаўна Хвядзюк. 
Урачысты настрой стварылі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” пад кіраўніцтвам Генадзя Аляксеевіча Панова.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!