Беларусь спартыўная. На Дні інфармавання абмеркавалі вынікі правядзення II Еўрапейскіх гульняў

Пра развіццё спорту ў нашай краіне, выніках выступлення беларускіх спартсменаў на розных міжнародных спаборніцтвах і II Еўрапейскіх гульнях ішла гаворка на сустрэчах з насельніцтвам падчас правядзення ў чацвер адзінага дня інфармавання.

У ААТ «АграГЖС» адбылася сустрэча працоўнага калектыву з інфармацыйна-прапагандысцкай групай у складзе начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкага, выконваючага абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.В. Гваздоўскага, начальніка штаба РАУС П.М. Кузняцова і дырэктара ЦБП №424 філіяла №400 ААТ "АСБ Беларусбанк" В.М. Догель.

Акцэнтуючы ўвагу прысутных на пытаннях развіцця спорту ў Рэспубліцы Беларусь, І.В. Гваздоўскі адзначыў, што за апошнія 25 гадоў у краіне значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база спартыўных аб’ектаў. Рэканструяваны цэнтральныя стадыёны, алімпійскія спартыўныя комплексы. Створаны ўмовы для развіцця масавай фізічнай культуры, дзіцячага, юнацкага спорту, росту майстэрства беларускіх спартсменаў.

Яскравым прыкладам развіцця спорту з’яўляецца Шчучынскі раён, дзе гэтым пытанням надаецца асаблівая ўвага з боку старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка. Іван Вікенцьевіч падрабязна спыніўся, у прыватнасці, на тых фактарах, якія спрыяюць, каб нашы спартсмены дабіваліся значных вынікаў на рознага роду спаборніцтвах. У раёне створана і працягвае ўдасканальвацца спартыўная база. За апошнія гады праведзена рэканструкцыя спорткомплексу па вуліцы Авіятараў у раённым цэнтры, новая хакейная пляцоўка функцыянуе ў аграгарадку Орля, праведзены рамонт спартыўных залаў у трэцяй гарадской школе і гімназіі. Ідзе да завяршэння работа па добраўпарадкаванні футбольных стадыёнаў усіх трох гарадскіх школ: тут вядуцца работы па поўным абнаўленні футбольных палёў і стварэнні якаснага газона, новае асфальтавае пакрыццё чакаюць і бегавыя дарожкі. Пасля правядзення тэндара пачнуцца работы па рэканструкцыі гарадского стадыёна “Алімп” ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. У стадыі праектавання і лядовая арэна на ўездзе ў горад, у планах – будаўніцтва тэнісных кортаў.

-- У мінулым годзе на базе спартыўных аб’ектаў раёна праведзена 25 абласных і каля 80 раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў, -- падкрэсліў І.В. Гваздоўскі. -- Нашы спартсмены займаюць прызавыя месцы не толькі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, але і міжнародных. Дзякуючы спартыўным перамогам шчучынскіх атлетаў фарміруецца імідж раёна, выхоўваецца патрыятызм.

Ішла гаворка і аб выніках правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. На гэта мерапрыемства беларускаму боку не прыйшлося затрачваць гіганцкія сумы, паколькі фінансаванне рэканструкцыі і будаўніцтва шэрагу новых спартыўных аб'ектаў было прадугледжана яшчэ задоўга да абвяшчэння Мінска месцам правядзення гульняў. Усяго на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2017-2019 гадах выдаткавана каля 270 мільёнаў долараў ЗША, пры гэтым бюджэтныя сродкі складаюць каля 133 мільёнаў долараў. Для параўнання: бюджэт I Еўрапейскіх гульняў у Баку склаў 1,12 мільярда долараў ЗША.

Спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў былі праведзены ў 15 відах спорту, у якіх прынялі ўдзел 3666 спартсменаў з 50 краін Еўропы. Пераможцай у камандным медальным заліку стала зборная Расіі (109 медалёў). Зборная Беларусі заняла 2-е месца, заваяваўшы 69 медалёў (на I Еўрапейскіх гульнях 2015 года беларускія спартсмены занялі 7-е месца ў камандным заліку). Правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў умацавала пазіцыі Беларусі на сусветнай спартыўнай арэне, а таксама спрыяла стварэнню станоўчага інвестыцыйнага іміджу Беларусі ў Еўропе і свеце ў цэлым.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся таксама пытанні вытворчага траўматызму, крымінагеннай абстаноўкі ў раёне, захавання бяспекі людзей падчас наведвання лясных масіваў, фінансавай граматнасці. У ходзе правядзення адзінага дня інфармавання ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць свае пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы.

Сяргей КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!