Астрынская гарпасялковая бібліятэка – равесніца Гродзенскай вобласці: сёння ладзіцца юбілейная ўрачыстасць з нагоды 75-годдзя

Астрынская гарпасялковая бібліятэка – равесніца Гродзенскай вобласці: у гэтыя прыгожыя вераснёўскія дні яна таксама ладзіць юбілейную ўрачыстасць з нагоды свайго 75-годдзя. Свята пройдзе заўтра – у Дзень бібліятэк. А віншаванні супрацоўнікі на чале са сваім кіраўніком Святланай Іванаўнай Ушкевіч прымаюць ужо на працягу некалькіх тыдняў. Юныя чытачы ў якасці падарункаў прыносяць свае малюнкі і паштоўкі, прымацоўваюць рознакаляровыя сэрцайкі з водгукамі і пажаданнямі, сям’я Дабравольскіх прысвяціла любімай бібліятэцы вершы і падрыхтавала цудоўны калаж, а адзін з чытачоў увогуле падарыў установе … каляровы прынтар, на якім друкуюцца распрацаваныя калектывам буклеты. 

 

Вось такая ўсталявалася роднасная повязь з чытачамі, якіх у Астрынскай бібліятэцы налічваецца 1750 чалавек. Сюды прыходзяць не проста абмяняць кнігі (дарэчы, кніжны фонд налічвае больш за 30 тысяч экзэмпляраў!) – тут утварыўся сапраўдны культурны цэнтр, дзе дзейнічаюць клубы па інтарэсах, можна атрымаць прававую інфармацыю, далучыцца да цікавых праектаў і краязнаўства.

 

Бібліятэкар Ганна Аляксандраўна Сцяпанчанка, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”, разам з энтузіястамі клуба “Спадчына” вядзе нястомную даследчую работу, адкрываючы ўсё новыя старонкі ў летапісе жыцця старажытнай Астрыны. Да прыкладу, па выніках работы па адраджэнні гісторыі мясцовай царквы Праабражэння Гасподня паводле ўспамінаў доўгажыхароў мястэчка, старадаўніх запісаў, фотаматэрыялаў і дакументаў Астрынская бібліятэка была ўзнагароджана Граматай Патрыяршага Экзарха за працу ў славу Святой Праваслаўнай Царквы. З такой жа цікавасцю даследуюць астрынскія энтузіясты і гісторыю касцёла, жыццё і трагічны лёс астрынскіх яўрэяў, якія пацярпелі ад фашысцкіх акупантаў.

 

Ганаровымі гасцямі ў бібліятэцы бываюць не толькі пісьменнікі, але і навукоўцы, госці з ЗША, Ізраіля, іншых краін, якія шукаюць свае карані на Астрыншчыне. І кожнаму тут падкажуць адрасы, накіруюць, дадуць параду, а то і правядуць распрацаванымі турыстычнымі маршрутамі.

 

Нездарма менавіта гэта ўстанова выходзіла пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, была ўдастоена прэстыжнага дыплома абласнога конкурсу “Бібліятэка года” і многіх іншых узнагарод, з якімі наведвальнікі знаёмяцца, пераступаючы парог гэтага храма кнігі, і, безумоўна, ганарацца.

 

– Не заўсёды так выглядала наша ўстанова, – вяртае ў мінулае былая загадчыца Астрынскай бібліятэкі Марыя Аляксандраўна Дарашкевіч, якая нядаўна адзначыла сваё 79-годдзе і пры гэтым больш за палову свайго жыцця прысвяціла бібліятэчнай справе, а цяпер застаецца актыўным чытачом і найпершым дарадчыкам. – Часта ўзгадваю, колькі сіл давялося прыкласці, каб адстаяць права на асобны будынак для бібліятэкі. Тады, у 70-х мінулага стагоддзя, нават рэспубліканская газета “ЛіМ” нам дапамагала ў гэтай праблемнай сітуацыі, але ўсё ж мы з чытачамі былі сапраўдныя барацьбіты і свайго дабіліся. Ды хіба можна параўнаць умовы таго часу, калі даводзілася паліць печкі? Аднак душэўнага цяпла і тады, і зараз хапала на ўсіх. А сёння паглядзіце, якія цудоўныя ўмовы для супрацоўнікаў і чытачоў! – шчыра радуецца за родную бібліятэку ветэран працы М.А. Дарашкевіч.

 

Самае цікавае, што Марыя Аляксандраўна перадала любоў да кнігі і прафесіі бібліятэкара сваёй дачцэ Святлане. Так-так, менавіта Святлана Іванаўна Ушкевіч дастойна працягвае справу, распачатую калісьці яе матуляй і прымнажае добрыя традыцыі. Кіраўнік ганарыцца сваёй хоць і невялікай, але баяздольнай камандай. Генератара творчых ідэй, паэтку і інтэлектуала Ганну Аляксандраўну Сцяпанчанку цудоўна дапаўняе Ірына Мікалаеўна Лістратава, якая таксама валодае дарам знайсці кантакт з людзьмі, заўжды памятае пра патрабаванне часу – аказанне платных паслуг, дзякуючы якім ёсць магчымасць развівацца, рэалізоўваць неардынарныя задумкі.

 

– А яшчэ жыццё бібліятэкі не было б такім цікавым і насычаным, каб не нашы сябры і партнёры, – падкрэсліваюць мае суразмоўцы. – Валанцёрскі атрад “Продвижение” и яго кіраўнік Н.В. Сонька, педагогі мясцовай школы, згуртаванне па месцы жыхарства “Сузор’е”, нашы адданыя чытачы дапамагаюць усе мерапрыемствы, літаратурныя сустрэчы, краязнаўчыя экспедыцыі рабіць незабыўнымі. Усе яны стануць нашымі гасцямі і заўтра – на свяце з нагоды 75-годдзя Астрынскай бібліятэкі, пра якую першы запіс у інвентарнай кнізе быў занесены ў ліпені 1944 года. Удумайцеся: толькі вызвалена тэрыторыя Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вакол – разруха і голад, а людзі прагнулі спажытку для душы, асветы для сябе і сваіх дзяцей. Праз веды, праз кнігу… 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!