Асаблівасці зімняй рыбалкі па-шчучынску, або Як злавіць шчупака на кручок

Январскія маразы не сталі перашкодай для аматараў падлёднай лоўлі. У гэтым мы пераканаліся самі, калі прыехалі на старыцу ля вёскі Забор’е. На беразе вадаёма адзінока стаялі некалькі машын: рыбакі пакінулі сваіх “жалезных коней” і, “узброіўшыся” вудамі і жарліцамі, выйшлі на лёд, каб злавіць чарговыя трафеі.

 Шчучынец Аляксандр Уладзіміравіч Галоўкін прыехаў на рыбалку, калі сонца яшчэ толькі-толькі выглянула з-за гарызонту. Сабраўшы рыбалоўныя снасці, ён выйшаў на лёд і прабурыў лункі. У частку з іх устанавіў жарліцы са сцяжкамі, а ля адной прысеў і закінуў безматылку.


– У 6 гадоў бацька мяне ўпершыню ўзяў на рыбалку, з той пары я ўжо 40 гадоў займаюся гэтым промыслам, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Сярод маіх трафеяў шчупак вагой 6,5 кілаграма, 5-кілаграмовы сом, сазан на 8 кілаграмаў і іншыя. Аднойчы на Нёмане нават злавіў вусача амаль на 9 кілаграмаў. Паколькі дадзеная рыба занесена ў Чырвоную кнігу, яе прыйшлося адпусціць у раку, але гэта ніяк не паменшыла асалоду ад трыумфу. Учора тут злавіў кілаграмовага шчупака і каля пятнаццаці маленькіх платвіц і акунёў. А вось сёння пакуль не шанцуе: толькі закінуў вуду ў лунку, як шчупак адарваў блешню. Аднак сонца яшчэ высока, таму ўпэўнены, што без улову я дадому не вярнуся!
Дома Аляксандра Уладзіміравіча чакае жонка, якая не ўяўляе свайго рацыёну без рыбы: “дробязь” яна соліць і сушыць, а вялікую – фаршыруе або проста смажыць.
А вось Вольга Ваціславаўна Шляхтун са Шчучына не змагла ўседзець дома і паехала на зімовую рыбалку разам з мужам.


– Навучыў на сваю галаву! – усміхаецца Аляксандр Віктаравіч Шляхтун. – Затое цяпер лавіць рыбу ўдвая весялей. Толькі паглядзіце, якога шчупака выцягнула мая каханая!
Глянуўшы на лёд, я адразу заўважыў ля лункі вялікую рыбіну вагой не менш за 3,5 кілаграма. 
– Гэта пакуль мой самы важкі трафей, – зазначае Вольга Ваціславаўна. – Злавіла шчупака на жарліцу. Калі прыедзем дадому – зафаршырую яго і запяку ў духоўцы. Наша чатырохгадовая дачушка Мілана вельмі любіць рыбныя стравы. А калі прывозім улоў дадому і часова выпускаем у ванну, – дастае рукамі рыбу і хахоча. Упэўнена, з яе вырасце выдатны рыбак! 
Аматар падлёднай лоўлі Мікалай Паўлавіч Рубін, які ў той дзень таксама рыбачыў на старыцы ў Забор’і, хоць і выходзіць на промысел 6-8 разоў у месяц, сам рыбу рэдка ўжывае ў ежу. 


– На зімнюю рыбалку звычайна езджу адзін, а летам мы выбіраемся на возера ўсёй сям’ёй, – дзеліцца Мікалай Паўлавіч. – Нярэдка застаёмся начаваць – гэта выдатная магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні, палюбавацца прыродай і пабыць разам. Мая дзевяцігадовая дачушка Кацярына ў такія дні проста квітнее ад шчасця. Ёй падабаецца сядзець ля вогнішча, сачыць за прыгатаваннем ежы, частавацца духмянай юшкай. 
І хоць для многіх рыбалка – гэта ў першую чаргу адпачынак, грэбаваць правіламі бяспекі нельга, асабліва зімою!
– Зусім нядаўна я па неасця­рожнасці наступіў на сваю ж палонку: лёд вакол яе трэснуў, і нага пайшла пад ваду, – гаворыць шчучынец Дзмітрый Аляксандравіч Супрун. – Пашчасціла, што глыбіня вадаёма ў тым месцы была ўсяго да калена. Аднак прыйшлося разводзіць вогнішча, каб як след абсохнуць. Увогуле ніколі не выходжу на тонкі лёд, чакаю пакуль яго таўшчыня не перавысіць 7 сантыметраў. Да ўсяго абавязкова надзяваю страховачную камізэльку. Бо галоўнае – не багаты ўлоў, я здаровым вярнуцца дадому!


Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!