“Алімп” на старце перамен – пачалася маштабная рэканструкцыя гарадскога стадыёна

У рамках рэалізацыі еўрапейскага праекта “Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур Польшчы, Беларусі і Украіны” пачалася маштабная рэканструкцыя гарадскога стадыёна “Алімп”. За рамонт спартыўнага аб’екта ўзяліся работнікі будаўніча-мантажнага трэста №19 з Ліды. 

 

– За гады інтэнсіўнай эксплуатацыі будынак істотна знасіўся як звонку, так і ўнутры, і ўжо не адпавядаў патрабаванням часу, – канстатуе намеснік галоўнага інжынера БМТ №19 Дзяніс Аляксандравіч Акулаў. – Прыбыўшы на месца, мы правялі дэмантажныя работы, і пакуль стаіць цёплае надвор’е, узяліся за зборку воданепранікальнага казырка, які надзейна абароніць балельшчыкаў ад непагадзі. Старыя пластыкавыя сядзенні знялі, а на іх месцы ўсталюем новыя. У будучым тут змогуць камфортна размясціцца 3200 гледачоў.
Значна зменіцца спартыўны аб’ект і ўнутры. Згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй тут будуць цалкам заменены ацяпленне, вадаправод і каналізацыя, па-новай праведзена электрыка і зроблена вентыляцыя. Лідскія будаўнікі адновяць сцены і столі, пакладуць на пол плітку, установяць міжпакаёвыя дзверы, прывядуць у парадак трэнерскія, раздзявалкі, душавыя і санвузлы.

 

– Прылеглую тэрыторыю таксама добраўпарадкуем, – дадае Дзяніс Аляксандравіч Акулаў. – Ужо паклалі звыш 1000 квадратных метраў тратуарнай пліткі. Хутка адрамантуем падпорныя сценкі, паставім новыя лавачкі. 

 

Ля футбольнага поля плануецца ўсталяваць вялікі цыфравы экран памерам 6 на 3 метры, які будзе выкарыстоўвацца як табло, а таксама для трансляцыі відэаролікаў. Пасля завяршэння рэканструкцыі гарадскі стадыён “Алімп” стане не толькі спартыўным, але і культурна значным аб’ектам: чакаецца, што разам з міжнароднымі спаборніцтвамі тут будуць праходзіць канцэрты творчых калектываў Беларусі, Польшчы і Украіны.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!