Акцыя "Збяром дзяцей у школу": напярэдадні навучальнага года сёлетнім першакласнікам уручылі школьныя партфелі

 Старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў  Ганна Станіславаўна Хвядзюк і старшыня раённага аддзялення РГА "Беларускі дзіцячы фонд" Дзіна Яўгеньеўна Войцюль наведаліся сёння ў некалькі шчучынскіх сем'яў, каб напярэдадні новага навучальнага года уручыць дзеткам – сёлетнім першакласнікам – школьныя партфелі і канцылярскія тавары, так неабходныя для заняткаў.

 Падчас акцыі "Збяром дзяцей у школу" многія прадпрыемствы і арганізацыі адклікнуліся на заклік раённага аддзялення "Беларускага дзіцячага фонду" і зрабілі свой пасільны ўнёсак у добрую справу. А грамадскія актывісты паклапаціліся, каб радасць прыйшла да 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Новенькія партфелі атрымалі юныя гараджане і вяскоўцы з Вялікага Мажэйкава, Дэмбрава і Балічаў.

Будучыя "першачкі" Мікіта, Уладзік і Ратмір са Шчучына з цікаўнасцю разглядалі падарункі і расказалі, што ўжо падрыхтаваліся да першавераснёўскай урачыстасці, з радасцю прадэманстравалі абноўкі. "Буду вучыцца на дзявяткі і дзясяткі!", – паабяцаў гасцям усмешлівы Уладзік.

Г.С. Хвядзюк і Д.Я. Войцюль пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам расці здаровымі і бадзёрымі, а таксама добрых адзнак у дзённіках. А іх татам і мамам наказалі любіць сваіх дзетак і заўжды клапаціцца пра іх.

Дарэчы, такія візіты службовых асоб у сем'і, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і ўвазе, напярэдадні Дня ведаў сталі ў раёне традыцыйнымі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!