Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” аднымі з першых у раёне пачалі пасяўную кампанію

Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” аднымі з першых у раёне выйшлі працаваць у поле: ва ўрочышчы Талачкі вопытны механізатар Іван Казіміравіч Канюк на трактары МТЗ-922.3 з прычапным агрэгатам СПУ-6 засеяў яравым аўсом 25 гектараў.

 

– Тэхніка дазваляе і болей, асабліва калі гон поля вялікі, але пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзена менавіта столькі, – зазначае Іван Казіміравіч. – Пры закладцы новага ўраджаю выкарыстоўваем толькі элітнае насенне, якое перад сяўбой абавязкова пратраўліваем, што вельмі важна. Калі гэтага не зрабіць, то верагоднасць захворвання раслін узрастае амаль на палову, а ўраджайнасць зніжаецца прыкладна на 30%. Шасціметровая сеялка, якую задзейнічалі, дазваляе змяшчаць зерне ў глебу на аптымальную глыбіню – 3-4 сантыметры, пры норме высеву 200 кілаграмаў на гектар. Тэхніка працуе без збояў, ды і як жа іначай? Я сам перабраў трактар да апошняга шрубка, і ён быў гатовы да выхаду ў поле яшчэ ў студзені!

 

 

Да масавай сяўбы яравых культур жалудоцкія аграрыі плануюць прыступіць, калі глеба прагрэецца да 10-12 градусаў. Усяго ім сёлета прадстаіць пасеяць 600 гектараў ячменю, 1200 гектараў кукурузы, а таксама 150 гектараў гароху і столькі ж аднагадовых траў. Для гэтага будуць задзейнічаны два трактары з прычапнымі сеялкамі СПУ-6. А пакуль у гаспадарцы вывозяць арганіку на палі, праводзяць дыскаванне і культывацыю палеткаў, падкормліваюць шматгадовыя травы каліем і ўносяць у глебу фосфарныя ўгнаенні пад будучы ўраджай.

 

– Зіма выдалася бясснежнай, з-за чаго на палях адчуваецца недахоп вільгаці, – канстатуе галоўны аграном філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Станіслававіч Аўсянік. – Каб затрымаць яе ў зямлі, аператыўна праводзім культывацыю.

 

На закрыцці вільгаці працуе механізатар Іван Іванавіч Клышэвіч: на энерганасычаным трактары МТЗ-3022 з прычапным дзесяціметровым культыватарам ён апрацоўвае да 60 гектараў у дзень.

 

 

– Раней я працаваў на кормаўборачным кайбайне, а летась мне даверылі новы трактар, – гаворыць Іван Іванавіч. – Гэты “волат” важыць 12 тон і не такі просты ў кіраванні, як можа паказацца на першы погляд. Але я даволі хутка разабраўся ва ўсім і ў мінулым сезоне накатаў на МТЗ-3022 тысячу(!) мотагадзін. У кабіне ўсталяваны камп’ютар, які кантралюе амаль усе вытворчыя працэсы і ў выпадку збою ці паломкі падае адпаведны сігнал. Глыбіню культывацыі выстаўляю ўручную, улічваючы асаблівасці кожнага поля.
Усіх работнікаў, якія працуюць у полі, гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем. Прычым плацяць яны за абеды толькі 10%, а астатнія выдаткі бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.

 

– Мы не без падстаў разлічваем на багаты ўраджай, – падводзіць вынік галоўны аграном Станіслаў Станіслававіч Аўсянік. – Пасевы азімых культур перазімавалі выдатна з-за адсутнасці моцных маразоў. Аднак разам з імі камфортна сябе адчуваюць і насякомыя-шкоднікі. Таму прадстаіць правесці некалькі інсектыцыдных апрацовак, каб знішчыць іх. Асабліва гэта тычыцца такой алейнай культуры, як рапс. Таму часу заспакойвацца ў нас няма!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!