Аглянуцца не паспелі – мы ўжо выпускнікі!

Линейка в СШ №3

У апошнія майскія дні наш прыгожы вясновы горад яшчэ больш расцвітае ад шчаслівых усмешак выпускнікоў і дзетвары, ад яркіх букетаў і рознакаляровых шарыкаў. Якія мілыя дзяўчаты-адзінаццацікласніцы з белымі стужкамі ў косах, якія галантныя ў стыльных касцюмах юнакі!
Урачыста і кранальна прайшло свята апошняга школьнага званка ў сярэдняй школе №3 г. Шчучына. Як заўсёды, на сваіх дзяцей прышлі палюбавацца бацькі, парадавацца поспехам сваіх школьнікаў. Прыгожа і гарманічна выглядалі выпускнікі, праўда, часам не маглі стрымаць сваіх пачуццяў – усё ж такі ў роднай школе яны вучыліся, сябравалі, адпачывалі разам адзінаццаць год. Ганарацца сваімі вучнямі педагогі – многімі перамогамі папоўнілі школьную скарбонку дасягненняў юныя вундэркінды.

З заканчэннем чарговага навучальнага года павіншаваў настаўнікаў, вучняў і бацькоў дырэктар школы Павел Іванавіч Акрамешка. Поспехаў і здзяйснення ўсіх мараў пажадаў ён выпускнікам.
Удзельнікаў гэтай школьнай майскай урачыстасці шчыра вітала намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта.

– Пачынаецца лета – самая доўгачаканая пара, калі можна займацца любімымі справамі, весела бавіць вольны час, – звярнулася яна да рабят. – Самае галоўнае – добра адпачніце і 1-га верасня здаровымі вярніцеся за школьныя парты. Сёння ўся ўвага – выпускнікам, перад якімі адкрываюцца новыя магчымасці. Жадаю вам упэўнена крочыць наперад да новых перамог і дасягненняў, выдатна вытрымаць школьныя іспыты, паспяхова прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне і стаць студэнтамі.

Алена Васільеўна ўручыла заслужаныя ўзнагароды вучням. Самую высокую з іх – Падзяку старшыні Шчучынскага райвыканкама і старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў – атрымаў вучань 11 класа Сяргей Дубок за сур’ёзныя дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці. Падзяка за выхаванне сына аб’яўлена бацькам Сяргея – Дзмітрыю Сяргеевічу і Наталлі Лявонаўне.
Граматы за паспяховае заканчэнне навучальнага года ўручыў рабятам П.І. Акрамешка.
Яркім момантам святочнай лінейкі стаў флэшмоб: не маглі выпускнікі і іх бацькі «ператанцаваць» адны другіх. У выніку перамагла дружба: ўсіх аб’яднаў рытмічны танец.

Са словам на дарогу ад імя ўсіх бацькоў выпускнікоў да герояў урачыстасці звярнуўся Сяргей Міхайлавіч Мінько. У сваю чаргу не маглі не падзякаваць татам і мамам за любоў, падтрымку і разуменне рабяты. «Мама, я вырас…», «Тата, я вырасла…» – колькі светлага суму было ўкладзена ў гэтыя словы. Крадком змахвалі слязінкі мамы, не хавалі эмоцый дзеці, толькі мужна, па-мужчынску, трымаліся таты.

Сем незабыўных год правяла са сваімі вучнямі – сённяшнімі адзінаццацікласнікамі – іх класны кіраўнік Кацярына Юр’еўна Дзямідава.  Цікавыя паходы, яркія паездкі, алімпіяды, конкурсы і многае іншае ніколі не забыць выпускнікам. Самыя лепшыя пажаданні адрасавала сваім любімцам настаўніца.


Апошні школьны вальс… Адлятаюць у неба паветраныя шарыкі, а разам з імі і самыя запаветныя мары юнакоў і дзяўчат. Бывай, бесклапотнае дзяцінства, бывай, любімая школа!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!