Адна дарога – у тысячнікі

Вадзіцель ААТ “Орля” А.Ю. Масталавіца першым у раёне перавёз тысячу тон зерня новага ўраджаю. Нягледзячы на тое, што для Аляксандра Юльянавіча гэта далёка не першая ўборачная кампанія, ён па-ранейшаму ўлюбёны ў сваю прафесію.

– Я нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Ліпічанка, – гаворыць вадзіцель-тысячнік А.Ю. Масталавіца. – З дзяцінства мяне цягнула да тэхнікі. Будучы школьнікам, часта прасіў суседа, які працаваў трактарыстам у гаспадарцы, узяць з сабою ў поле. Той часта згаджаўся, і я падоўгу прападаў з ім на жніве.

Не дзіва, што пасля заканчэння школы Аляксандр Юльянавіч паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум, дзе асвоіў прафесію механіка. Менавіта там ён упершыню сеў за руль грузавіка і адчуў, што гэта яго.

– Атрымаўшы дыплом, уладкаваўся вадзіцелем у родную гаспадарку, – працягвае наш суразмоўца. – Мне даверылі “ГАЗ-53” грузапад’ёмнасцю 2,5 тоны. Машына была не новая, прыйшлося яе ўсю перабраць, каб было камфортна працаваць. Крыху пазней перасеў на больш магутны “МАЗ”. Добра памятаю сваё першае жніво: я вельмі хваляваўся, каб паспець за камбайнамі і перавезці абмалочанае зерне без страт.

З тога часу прайшоў не адзін год, і ад няўпэўненасці ў Аляксандра Юльянавіча не засталося і следу. Ён умела ўпраўляецца з магутным “МАЗам” з прычэпам. За адзін рэйс перавозіць на ім 25 тон залатога грузу, за дзень – да 130 тон.

– Акурат перад пачаткам уборачнай кампаніі я замяніў на замацаваным за мной грузавіку рухавік, таму цяпер ён працуе бездакорна, – зазначае А.Ю. Масталавіца. – Безумоўна, дробныя паломкі здараюцца, але мы іх аператыўна выпраўляем. Да прыкладу, дзень таму ў мяне парваўся шланг гідраўзмацняльніка руля. Дык не прайшло і паўгадзіны, як вярнуў свайго “жалезнага каня” ў строй.

Аляксандр Юльянавіч праводзіць за рулём амаль увесь светлавы дзень. Часта кампанію яму складае яго старэйшы сын Арцём, якому на канікулах не сядзіцца дома. Ён праяўляе вялікі інтарэс да тэхнікі, таму, магчыма, пайдзе па слядах бацкі.

– 250 кіламетраў за дзень – гэта для мяне норма, – кажа А.Ю. Масталавіца. – Асабліва складана, калі прыгрэе сонейка: у кабіне няма кандыцыянера, і спёка моцна выматвае. Дадому вяртаюся часцей за ўсё ў прыцемках. Часам нават не атрымліваецца павячэраць у кругу сям’і. Мая жонка Вольга Казіміраўна не крыўдзіцца за недахоп увагі, бо разумее, што на жніве кожная хвіліна на вагу золата.

Аляксандр Юльянавіч прызнаўся, што падчас уборачнай кампаніі перавозіць да трох тысяч тон зерня. І бягучае жніво ў гэтым плане не стане выключэннем. Дык няхай дарога заўсёды будзе лёгкай, а колас – важкім!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!