Аб чым пісала пасляваенная газета? У выніку рэалізацыі творчага праекта “Вернемся ў мінулае на імгненне” мы перамесцім чытача з сённяшняга дня ва ўчарашні і наадварот

Рыхтуючыся сёлета адзначыць 80-годдзе “Дзянніцы“, рэдакцыйны калектыў вырашыў разам з чытачамі ўспомніць, пра што пісала “раёнка“ ў мінулым стагоддзі. У выніку рэалізацыі творчага праекта “Вернемся ў мінулае на імгненне” мы перамесцім чытача з сённяшняга дня ва ўчарашні і наадварот. Кожны з падпісчыкаў будзе мець магчымасць дакрануцца да той эпохі. Тым больш што цяпер, праз гады, на многія рэчы можна паглядзець пад іншым ракурсам.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднавіла свой выхад у свет Шчучынская раённая газета “Чырвоны сцяг“. Адрас прапіскі: горад Шчучын, плошча Свабоды, 29, тэл.: 22. Наклад – 1000 экзэмпляраў. Занятак: асвятленне жыцця ў раёне, а таксама прапаганда і агітацыя, паколькі газета была органам Шчучынскага райкама КП(б)Б і райсавета дэпутатаў працоўных. Дарэчы, у той час на тэрыторыі сучаснай Шчучыншчыны існавалі тры раёны: Шчучынскі, Жалудоцкі і Васілішкаўскі, і ў кожным была свая газета. У Васілішкаўскім – “Ленінскі шлях”, у Жалудоцкім – “За Радзіму”.
Як жа адрозніваецца “раёнка“ 40-х ад сучаснай газеты! Розны менталітэт, падыход да выбару тэм, стыль напісання, вельмі сціплае афармленне - без усялякіх ілюстрацый і разнастайнасці шрыфтоў, рэкламы, аб’яў. Першыя нумары “Чырвонага сцяга“ друкаваліся ў друкарні райгазеты і падпісаны рэдакцыйнай калегіяй. Захаваліся некаторыя з іх як рэліквія ў Гродзенскім дзяржаўным архіве. 

Пра што паведамляў “Чырвоны сцяг” у пасляваенныя гады?

Першыя пасляваенныя гады ў памяці большасці франтавікоў засталіся сапраўды шчаслівым часам. Перш за ўсё таму, што ўдалося вярнуцца дадому з франтоў, убачыць жывымі родных і любімых. Пасля пекла, які прайшлі нашы абаронцы, усё астатняе - галеча і неўладкаванасць быту, голад, адсутнасць працы - здавалася не такім ужо і важным. Усе верылі ў лепшае. Краіна-пераможца прыходзіла ў сябе, па-новаму абустрайвалася ў рэаліях пасляваеннага свету, будавала вялікія планы на будучыню. Гэтымі настроямі прасякнуты многія публікацыі раённай газеты.
Большая частка першай паласы выпуску №25 ад 12 мая 1945 года прысвечана падпісанню акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сілаў. Пасля атрымання звестак аб пераможным завяршэнні Вялікай Айчыннай вайны працоўныя Шчучынскага раёна з энтузіязмам працягваюць падпіску на 4-ю Дзяржаўную Ваенную пазыку і значную суму аплачваюць наяўнымі грашыма. Раніцай 9 мая па сельсаветах адбыліся мнагалюдныя мітынгі. Нельга перадаць пачуццё вялікай радасці, якое ахапіла сэрца кожнага савецкага чалавека. Людзі цалаваліся, віншавалі адзін аднаго з найвялікшым святам Перамогі. Глыбока ў сэрцы трымаў кожны шчырую падзяку Чырвонай Арміі-вызваліцельніцы і вялікаму Сталіну, які прывёў народ да перамогі.
У гэтым жа нумары друкаваўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб аб’яўленні 9 мая Святам Перамогі”, якое лічыць нерабочым днём. Водбліск Перамогі быў бачны і ў многіх наступных нумарах раённай газеты. Яна заклікала жыхароў раёна падмацоўваць ваенныя поспехі перамогамі на працоўным фронце.

Газета “Чырвоны сцяг”, №28 ад 31 мая 1945 года
У калгасе імя Калініна

Дружныя, раннія ўсходы яравых радуюць вока ў калгасе імя Калініна. У калгасе мала рабочых рук, недахоп цягавай сілы і павозак, але калгаснікаў цяжкасці не палохаюць. Яны хутка і добра справіліся з веснавым севам. Засеяна ўся яравая плошча ў 59 га, з якіх 50 га бабовых і зерневых. Скончаны пасеў бульбы, ільну, кармавых траў. Гатова расада тытуню на 0,5 га і капусты на 1 га, пад якія зараз падрыхтоўваецца глеба. Дружна і радасна працуюць калгаснікі на вольнай зямлі.

Фізкультурна-масавую работу – на належную вышыню

Прафсаюзна-камсамольскі крос, які праводзіўся па раёну з 16 мая гэтага года, паказаў, што многія кіраўнікі арганізацый і старшыні сельсаветаў не ўдзяляюць належнай увагі фізкультурнай рабоце. У кросе ўдзельнічала 983 чал. – лічба зусім недастатковая. Неабходна зараз прыняць усе захады да аднаўлення спортпляцовак як у горадзе, так і на сяле, выдзеліць і падрыхтаваць інструктароў фізкультуры і спорту, арганізаваць пярвічныя фізкультурныя калектывы на прадпрыемствах, арганізацыях і сельсаветах. 

Газета “Чырвоны сцяг”, №34 ад 3 ліпеня 1945 года
Нашы падарункі да свята

Калгасы раёна ўзнялі весь папар, скончылі праполку збожжавых і тэхнічных культур. Першы раз правялі акучванне ўсёй бульбы. Скасілі 9 га канюшыны і 14 га сенажаці. 
Рамонтная майстэрня МТС поўным ходам разгарнула падрыхтоўку да новага ўраджаю. Адрамантаваны ўсе трактары, 4 малатарні, 1 жнейка, 1 конныя граблі.
Стопрацэнтным выкананнем вытворчай праграмы сустрэлі свята рабочыя фанернага, кафельнага і вапеннага заводаў. Першая поўная загрузка печы цаглянага завода прыўрочана да 3 ліпеня.

Газета “Чырвоны сцяг”, №24 ад 3 ліпеня 1946 года
Таржаство беларускага народа

У гарадах і сёлах нашай рэспублікі шырыцца сацыялістычнае спаборніцтва за перавыкананне праграмы новай пяцігодкі. Вялікія поспехі за гэтыя два гады мае і наш раён. Сотні тысяч пудоў прадуктаў сельскай гаспадаркі далі краіне калгасы і сяляне-аднаасобнікі. Дзясяткі тысяч кубаметраў леса падрыхтавалі і вывезлі яны дзяржаве. У гэтым годзе пасевы ў калгасах і аднаасобных гаспадарках у выключна добрым стане і абяцаюць багаты ўраджай.

Клопаты аб здароўі працоўных

З моманту вызвалення Чырвонай Арміяй Шчучынскага раёна давялося нанава разгортваць сетку медыцынскіх устаноў. Зараз у раённым цэнтры працуюць 2 бальніцы – адна на 100 ложкаў з урачэбнай неадкладнай дапамогай на даму, другая на 45 ложкаў. З першага дня вызвалення працуюць раённая аптэка, амбулаторыя са спецыяльнымі кабінетамі, санітарная станцыя, дзяцяча-жаночая кансультацыя, дзяцячыя яслі на 45 ложкаў. Да канца года ў Шчучыне адкрыецца радзільны дом на 15-20 ложкаў.
Па дзве нормы ў дзень
У рабоце па рамонце дарог мясцовага значэння вялікую дапамогу аказвае насельніцтва раёна. Сяляне Ст. Герніцкага сельсавета адпрацавалі 480 чалавека-дзён, што складае 50 прац. планавага задання. Дэпутат вёскі Ст. Гернікі тав. Казнадзей вядзе шырокую растлумачальную работу сярод сваіх аднавяскоўцаў, сістэматычна кантралюе выхады на работу. Дарожны майстар Стальмашок вядзе дакладны ўлік выкананай працы.

Першы раённы жаночы з’езд

Больш за 300 перадавых жанчын раёна сабраліся 28 чэрвеня на першы раённы жаночы з’езд. З вялікаю ўвагаю слухалі жанчыны словы сакратара райкома КП(б)Б тав. Куляшова. Па пяцігадоваму плану ў нашай вобласці будуць пабудаваны першы Беларускі цукровы завод у Скідзелі; тонкасуконны камбінат, завод вырабу матораў, абутковая фабрыка ў Гродне; абутковая фабрыка “Ардэль” у Лідзе. 
Аб вялікіх клопатах партыі і ўраду аб жанчыне-маці расказала работніца райфо тав. Канонік. За час, які прайшоў з дня вызвалення раёна ад нямецкіх захопнікаў, 950 мацярэй атрымалі дзяржаўную грашовую дапамогу, 803 мацеры прадстаўлены да ўрадавай узнагароды…
Ішоў другі мірны год. Зямля толькі супакоілася ад выбухаў бомбаў і снарадаў, людзі ледзь асушылі слёзы гора і страт. Але жыццё не давала часу на адпачынак. Трэба было аднаўляць разбуранае. Людзі, якія страцілі ўсё, але здабылі свабоду, узяліся за справу. Упарта працавалі, аддавалі апошняе дзеля міру, перамогі, светлай будучыні для сваіх дзяцей.
 Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!