95-ая мірная вясна В.Л. Квача

Сёлетні год асаблівы. Хутка мы будзем святкаваць 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі. Асабістыя юбілеі адзначаюць сёлета і нашы паважаныя ветэраны.

 

Вадзіму Лявонцьевічу Квачу, які жыве ў Скрыбаўцах, 14 красавіка споўнілася 95 гадоў! Ён, як заўсёды, сустрэў нас на парозе добрай усмешкай, запрасіў у хату. Не верыцца, што гэтаму бадзёраму, жыццярадаснаму чалавеку 95.

 

З кветкамі, падарункамі і ўзнагародай да былога франтавіка завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, ваенны камісар Шчучынскага раёна падпалкоўнік У.Я. Чайко, старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама А.Я. Жэшка і іншыя. Госці ўручылі салдату Перамогі Ганаровую грамату Шчучынскага райвыканкама за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі, юбілейны медаль, кветкі і падарункі. Госці выказалі шчырую ўдзячнасць за мір і незалежнасць роднай зямлі, пажадалі здароўя і дабрабыту.
Дарэчы, да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўсе нашы паважаныя ветэраны і вязні будуць узнагароджаны юбілейнымі медалямі.

 

 

У Дзень свайго нараджэння В.Л. Квач быў вельмі расчулены аказанай увагай. Вадзім Лявонцьевіч трымаў адказнае слова: пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў і мірнага неба. У мінулым ветэрана – лютыя ночы ў Берліне, калі здавалася, што раніца ніколі не наступіць, свіст бязлітасных куль над галавой, страты… І сёння ўспаміны трывожаць душу.

 

 

 За баявыя заслугі наш зямляк узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Прагі” і многімі іншымі. У мірны час В.Л. Квач шмат працаваў. Вадзім Лявонцьевіч асвоіў прафесіі чыгуначніка, нарыхтоўшчыка, прараба-будаўніка. Але больш за ўсё шчыраваў на сельскагаспадарчай ніве: саўгасу “Вялікае Мажэйкава” ён прысвяціў 20 гадоў свайго жыцця. Сёння радасць ветэрана – у родных. Яго спадчына – дзеці, унукі і праўнукі.
Дзякуй вам, Вадзім Лявонцьевіч, што адстаялі нашы свабоду і незалежнасць, наша мірнае неба!

 

Ганна КАСПЕР. 

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!