90 выхаванцаў Шчучынскага РЦТіК сталі ўдзельнікамі турысцка-краязнаўчага палатачнага лагера перасоўнага тыпу “Вандроўнік”

Турыстычны лагер – гэта калейдаскоп новых уражанняў ад прыгажосці і непаўторнасці роднага краю, ад пачуцця задаволенасці сваімі турыстычнымі навыкамі, адшліфаванымі ў розных пагодных умовах на практыцы, ад шчырай сяброўскай падтрымкі і дапамогі, ад рамантыкі начнога вогнішча з песнямі пад гітару і вёрстаў новых маршрутаў. А яшчэ – гэта асаблівая атмасфера з’яднанага ўсім папярэднім калектыву. 
90 хлопчыкаў і дзяўчынак – выхаванцы Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, удзельнікі турысцка-краязнаўчага палатачнага лагера перасоўнага тыпу “Вандроўнік”, абралі для сябе такі від актыўнага адпачынку. Дзевяць турысцкіх груп пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў адправіліся ў падарожжа па роднай краіне, каб пазнаёміцца з новымі мясцінамі, цікавымі людзьмі і падзеямі. 
Так, у чэрвені дзве групы турыстаў пабывалі на старажытнай Навагрудчыне і авеяным легендамі возеры Свіцязь. Пазагаралі, парыбачылі, наведалі дзіўную сядзібу з цікавай назвай Літоўка, школьны музей Валеўскага дзіцячага сада-базавай школы.
У першыя ліпеньскія дні дзве турысцкія групы накіравіліся на Мастоўшчыну, прайшлі экалагічнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы “Нёманскі поплаў”, наведалі мемарыяльны комплекс савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму ў в. Шымкі.
Асабліва падрыхтаваныя ў турысцкім майстэрстве хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся у катэгарыйны паход па Гродзенскай і Мінскай абласцях, падчас якога яны наведаюць самыя прыгожыя мясціны Беларусі – возера Нарач і “беларускую Швейцарыю” – ландшафтны заказнік рэспубліканская значэння “Блакітныя азёры”. Адважныя турысты пройдуць нялёгкімі сцежкамі больш за 130 кіламетраў і па выніках паходу атрымаюць спартыўны разрад. 
І хоць не ўсім пашанцавала з надвор’ем, энергетыка турысцкіх вандровак застанецца надоўга з кожным яго ўдзельнікам. І я ўпэўнена, што ў наступным годзе гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова стануць удзельнікамі нашага турыстычнага лагера і прывядуць з сабой сяброў. А наперадзе – яшчэ чатыры непройдзеныя маршруты па Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях. Давайце пажадаем хлопчыкам і дзяўчынкам добрага надвор’я, спадарожнага ветру, новых адкрыццяў і шчаслівага вяртання дадому.
Алена АРАБЧЫК, дырэктар ДУА “Шчучынскі РЦТіК”.
Фота з архіва РЦТіК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!