Салдат Перамогі адзначыў 90-гадовы юбілей | Дзяннiца

Салдат Перамогі адзначыў 90-гадовы юбілей

Версия для печатиВерсия для печати

У гэтыя лютаўскія дні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Іосіфавіч Смяцюх з Жалудка адзначыў свой 90-гадовы юбілей

Акурат у дзень нараджэння да былога франтавіка ў госці з кветкамі і падарункамі завіталі ваенны камісар Шчучынскага раёна Аляксандр Генадзьевіч Гайдук, старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзь Іванавіч Цывінскі, а таксама былыя калегі і валанцёры.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Іосіфавіч Смяцюх у свой 90-гадовы юбілей сустракаў гасцей пры поўным парадзе і гасцінна запрашаў у дом. У гэты дзень ў адрас імянінніка прагучала нямала шчырых пажаданняў і цёплых слоў, а Г.І. Цывінскі ўручыў салдату Перамогі Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта.

-- Нават не верыцца, што за плячамі ўжо дзевяноста гадоў, -- прызнаецца ветэран. – У душы я адчуваю сябе зусім маладым!

Сапраўды, бадзёрасці Іосіфу Іосіфавічу не займаць. Нягледзячы на паважаны ўзрост, ён па-ранейшаму аптыміст і з усмешкай сустракае кожны дзень. Цяжка ўявіць, што гэты сціплы і жыццярадасны чалавек прайшоў праз усе жахі вайны.

-- Я паспеў закончыць толькі пяць класаў польскай школы, як на нашу зямлю прыйшлі фашысты, -- успамінае ветэран. – Нас з сябрамі адразу загналі на прымусовыя работы. Аднойчы, падчас расчысткі чыгункі, я ледзь не падарваўся на закладзенай міне. Пашчасціла, што выбуховае ўстройства не спрацавала.

Дарэчы, падчас ваеннага ліхалецця юнаку яшчэ не раз давялося рызыкаваць сваім жыццём.

-- У 1944 годзе, калі тэрыторыя Шчучыншчыны ўжо была ачышчана ад ворага, я добраахвотна пайшоў служыць у польскую армію, -- працягвае І.І. Смяцюх. – Скончыў скарочаныя трохмесячныя вадзіцельскія курсы і быў накіраваны ў асобны аўтамабільны батальён, які абслугоўваў 2-ую армію 2-га Беларускага фронту. Спачатку на легендарным ГАЗ-2А, так званай “палутарцы”, а потым на амерыканскім “студэбекеры” падвозіў да лініі фронту паліва і снарады. Не раз трапляў пад артылерыйскі абстрэл праціўніка, але, на шчасце, мяне не “зачапіла”.

Перамогу Іосіф Іосіфавіч Смяцюх сустрэў у 15 км ад Берліна. Сярод яго баявых узнагарод ордэн Айчыннай вайны другой ступені, грунвальдскі знак, медалі “За адвагу”, за ўзяцце Одэра і Нісы.

-- Дзякуй за ўвагу і клопат, -- не хавае эмоцый расчулены ветэран. – Сёння ў маім доме так шмат гасцей, а гэта найлепшы падарунак!

У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь хочацца павіншаваць у асобе Іосіфа Іосіфавіча ўсіх ветэранаў і ваеннаслужачых. Маладое пакаленне вучыцца ў такіх мужных людзей адданасці Айчыне, патрыятызму, гатоўнасці ў любы момант стаць на абарону Радзімы. А яшчэ мы вельмі цэнім мірнае неба над галавой і тое, што самі з’яўляемся гаспадарамі на сваёй зямлі. Дзякуй вам, ветэраны. Жывіце доўга і радуйце нас сваім аптымізмам, як цудоўны чалавек і адважны салдат Перамогі Іосіф Іосіфавіч Смяцюх.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.