7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі | Дзяннiца

7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Версия для печатиВерсия для печати

Гісторыю не перапішаш
Заўтра на плошчы Свабоды ў Шчучыне, напэўна, не будзе мнагалюдна. Але нехта ўсё ж пакладзе кветкі да помніка Леніну і ўспомніць сваю камсамольскую маладосць, калі ў гэты дзень, 7 лістапада, нязменна крочыў у калоне дэманстрантаў.
Кастрычнік 1917 года назаўсёды ўвайшоў у сусветную гісторыю, паклаў пачатак пабудове новага грамадства. За 92 гады, якія аддзяляюць нас ад тых лёсавызначальных для краіны падзей, многае змянілася. Як ставяцца да гэтай даты людзі сёння, ці лічаць 7 лістапада святам, ці адзначаюць яго?
З такімі пытаннямі мы выйшлі “у народ” напярэдадні знамянальнай даты.

Васіль Іосіфавіч Аляхновіч,
жыхар Шчучына, пенсіянер, былы вадзіцель аўтакалоны №12:

– Для людзей майго пакалення гэта свята было адным з галоўных. Работнікі нашай арганізацыі рыхтаваліся да дэманстрацыі, стараліся добра ўпрыгожыць сваю калону, каб выглядала дастойна. Ва ўсіх настрой у гэты дзень быў добры, прыўзняты.
Памятаю, быў выпадак, калі мы схадзілі на дэманстрацыю, а потым працавалі да цемры, вывозілі з палёў цукровыя буракі, бо ўдарылі моцныя замаразкі. Чамусьці сельгасработы зацягнуліся тады, гэта былі 70-ыя гады. Начальнік сказаў нам: “Праца нашых матуль не павінна прапасці!” І мы стараліся выратаваць ураджай.
Дзень 7 лістапада я і цяпер лічу святочным. Гэта наша гісторыя, якую не перапішаш.
Альфрэда Валянцінаўна Яхімчык,
жыхарка Шчучына, пенсіянерка:

– На мой погляд, не трэба ганьбіць той час, калі мы жылі ў СССР. Шмат добрага можна ўспомніць. У нас была вірлівая маладосць. Мы вучыліся, працавалі, цікава адпачывалі. Мелі магчымасць вандраваць. Я, напрыклад, пабывала  ў Індыі, пабачыла многа расійскіх гарадоў у час экскурсій.
А кастрычніцкія святы прыносілі радасць і добры настрой. На дэманстрацыю выходзілі сем’ямі, дзеці ішлі ў калону школьнікаў, дарослыя – у свае. Дома шарыкі надзімалі, кветкі рабілі папяровыя. Памятаю сыну “пяцёрку” драўляную зрабіла. Ён выдатна вучыўся і з гонарам крочыў з “пяцёркай” у калоне.
З трыбуны ўшаноўвалі перадавікоў, людзі ганарыліся, што іх адзначылі за сумленную працу.
А якім прыгожым быў наш горад у гэты святочны дзень! Плошча ў рознакаляровых флагах, іграе духавы аркестр, людзі прыбраныя, усміхаюцца.
Усё гэта было, і не трэба гэта забываць.
Аляксандр Іванавіч Капіца,
жыхар Шчучына, ваенны пенсіянер:

– Добрае свята было. Я шмат разоў браў удзел у парадзе. Мы, вайскоўцы, шмат трэніраваліся, каб прыгожа прайсці па плошчы. Увогуле, парад быў не толькі на 7 лістапада, але на 1 і 9 Мая.
Ваенны стаж у мяне 28 гадоў. Давялося паслужыць на Далёкім Усходзе, у Польшчы. Кастрычніцкае свята ўсюды адзначалі. І цяпер яно не забыта ў нашай сям’і.
У мяне захаваўся камсамольскі білет. Вось якую рэліквію маю!
Яніна Міхайлаўна Ярошык,
сакратар Орлеўскага сельвыканкама:

– 7 лістапада – свята маёй маладосці. Так было весела, цікава, дэманстрацыя, на вуліцах народу – не прайсці, музыка, гоман. У Навагрудку вучылася – там на дэманстрацыі хадзіла, потым працавала ў Гродне, там таксама з радасцю ішла ў калоне дэманстрантаў.
І сёлета свята адзначым з сяброўкай Ларысай Уладзіміраўнай Касцюкевіч, былым дыспетчарам-бухгалтарам СВК “Орля”. Стол накрыем, пасядзім, маладосць успомнім. Цудоўны час быў…
Алёна Ханько і Вераніка Пятроўская,
вучаніцы 10 “А” класа Жалудоцкай СШ:

– З падручнікаў гісторыі мы ведаем, што 7 лістапада адзначаецца 92-я гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Шмат цікавага расказвала нам па гэтай тэме і настаўніца гісторыі Ірына Іванаўна Кунцэвіч. Раней праходзілі дэманстрацыі ў кожным горадзе. Напэўна, гэта было здорава! Шкада, што мы не пабачылі гэтага!
Прызнацца, мы не чакалі, што ўсе нашы суразмоўцы будуць аднадушнымі ў адносінах да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, выкажуць настальгію па часах, калі мы жылі ў адной вялікай дзяржаве, і светлы сум па мінулай маладосці. Але што ёсць, тое ёсць. Значыць, у мінулым засталося шмат таго, пра што ўспамінаюць з ахвотай і радасцю.
У народ хадзілі Ала УЛАДЗІМІРАВА і Аляксей БІБІКАЎ (фота).