Дзятлаўшчына вітае ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” | Дзяннiца

Дзятлаўшчына вітае ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”

Версия для печатиВерсия для печати

Пераняўшы эстафету ад Слонімскага раёна, сёлета Дзятлаўшчына гасцінна прымала на сваёй зямлі ўдзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”.
Да свята Гродзенская вобласць падышла са значнымі дасягненнямі, у абласны вынік зрабілі важкі ўнёсак аграрыі кожнага з раёнаў Гродзеншчыны. Лепшым у вобласці па выніках сёлетняга жніва стаў Гродзенскі раён, які намалаціў больш за 223 тысячы тон збожжа (ураджайнасць 72,9 ц/га). Высокай ураджайнасцю вызначыліся Карэліцкі раён – 68,7 ц/га, Бераставіцкі раён – 63,3 ц/га, Зэльвенскі – 60,3 ц/га. Сярод гаспадарак вобласці лідарам па намалотах стаў СВК “Прагрэс-Верцялішкі” (ураджайнасць 104 ц/га), з добрымі вынікамі закончылі жніво СВК “Жухавічы” Карэліцкага раёна, СВК “Свіслач”, Калгас імя В. І. Крамко Гродзенскага раёна.

На фестывалі-кірмашы падвялі вынікі працы ў жывёлагадоўлі на Гродзеншчыне, назвалі лепшыя раёны і гаспадаркі. Самай высокай прадукцыйнасці кароў за 9 месяцаў гэтага года дасягнулі ў Гродзенскім і Бераставіцкім раёнах, дзе надоі склалі 5466 і 5199 кілаграмаў малака ад каровы адпаведна. Cамых прадукцыйных кароў гадуюць у СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна: тут сёлета ўжо надаілі 6736 кілаграмаў малака ад адной каровы. У СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна надоена 6703 кілаграма малака ад каровы, у СВК “Массаляны” Брэсцкага раёна – 6468 кілаграмаў.
Найбольшыя прывагі буйной рагатай жывёлы маюць Гродзенскі, Бераставіцкі, Шчучынскі і Карэліцкі раёны. У СВК “Алекшыцы” за студзень-верасень 2015 года сярэднясутачная прывага БРЖ склала 940 грамаў, а на прамысловым комплексе гэтай гаспадаркі – 1027 грамаў, у СВК “Сенькаўшчына” Слонімскага раёна – 872 грамы, у СВК “Гальшанскі” Ашмянскага раёна – 843 грамы.
У свінагадоўлі нязменнымі лідарамі застаюцца Калгас імя В. І. Крамко Гродзенскага раёна і СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна – сярэднясутачная прывага 726 і 701 грам адпаведна. Добрая прывага ў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” – 687 грамаў, у СВК “Доцішкі” Воранаўскага раёна – 679 грамаў.
Сваю працу ў абласны каравай уклалі і аграрыі Дзятлаўшчыны. Валавы збор збожжавых і зернебабовых у раёне дасягнуў амаль 70 з паловай тысячы тон (3321 тона звыш леташняга ўзроўню), сярэдняя ўраджайнасць павялічылася на 3,6 ц/га і склала 42,2 ц/га. Лепшай ураджайнасцю сёлета вызначыліся СВК “Граніт-Агра”, “Жукоўшчына” і “Русь-Агра” – 50,8 ц/га, 54,4 ц/га і 54,6 ц/га адпаведна.
Сёлета на Дзятлаўшчыне павялічыўся аб’ём прадукцыі жывёлагадоўлі: буйной рагатай жывёлы – 104,1% да ўзроўню мінулага года, свініны – 105,8%.
Дзятлаўшчына не адзін месяц рыхтавалася сустракаць гасцей на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”. У першую чаргу надалі ўвагу навядзенню парадку як у райцэнтры, так і на тэрыторыі ўсяго раёна. Пабудавалі і рэканструявалі 15 аб’ектаў, сярод якіх плошча 17 Верасня, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы фестывалю, гасцініца “Ліпічанка”, магазін “Міраж”, Дом быту, Цэнтр культуры і народнай творчасці. Напярэдадні свята адкрыліся новыя харчовыя і прамтаварныя магазіны. Змяніўся да лепшага і сам горад – пераўвасобіліся яго вуліцы Міцкевіча, Фрунзэ, быў пабудаваны новы корпус райвыканкама, мадэрнізаваны жылыя дамы па вуліцах Савецкай, Перамогі. У гэты ж час быў мадэрнізаваны харчблок гімназіі №1 горада Дзятлава, адрамантаваны корпус раённай бальніцы.
Шмат выдатных кветкавых кампазіцый пакінулі на памяць гораду майстры-азеляняльнікі, якія бралі ўдзел у конкурсе “Кветкавыя фарбы”, прымеркаваным да абласных “Дажынак-2015”. Старанна працавалі і самі мясцовыя жыхары, наводзячы парадак на сваіх падворках, актыўна выходзячы на раённыя суботнікі па навядзенні парадку на зямлі.
На сёлетніх “Дажынках” па традыцыі шанавалі не толькі хлебаробаў. На абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2015”, напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, былі адзначаны ўсе сферы аграпрамысловага комплексу. Лепшыя працаўнікі атрымалі ўзнагароды на сцэне Цэнтра культуры на абласным свяце. Тых, хто заняў 2-ія і 3-ія месцы, раённыя ўлады будуць віншаваць на мясцовым свяце працаўнікоў вёскі. У 14 раёнах Гродзеншчыны ў гэтыя выхадныя абласное свята працягваецца раённымі “Дажынкамі”.
Н. АВЯРЧУК.
"Перамога".