МіГ-19: куды прызямліцца самалёту? | Дзяннiца

МіГ-19: куды прызямліцца самалёту?

Версия для печатиВерсия для печати

Падчас падрыхтоўкі нашага горада да святкавання Дня беларускага пісьменства праходзіла маштабная рэканструкцыя цэнтральнай часткі Шчучына. У прыватнасці, распрацавалі праект добраўпарадкавання вадаёма і прылягаючай тэрыторыі, які быў накіраваны на ўзгадненне ў Міністэрства культуры, бо закранаў ахоўную зону помніка архітэктуры – палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Эксперты прызналі самалёт МіГ-19С як дысанансны аб’ект, які разбурае цэласнасць візуальнага ўспрымання палаца. У выніку ў Міністэрстве культуры прыйшлі да высновы, што самалёт павінен быць вынесены за межы ахоўнай зоны.

Напярэдадні свята пісьменства будаўнікі павінны былі дэмантаваць пастамент, а самалёт перавезці на захаванне ў склад РУП ЖКГ. І якраз на гэтым этапе “ўскалыхнулася” грамадскасць. Некаторыя жыхары былога ваеннага гарадка вырашылі, што самалёт  парэжуць на металалом альбо камусьці прададуць. Пачаліся калектыўныя звароты ў райвыканкам, званкі на “гарачую лінію» і г.д. Дзеля таго каб патлумачыць сітуацыю, была арганізавана сустрэча з жыхарамі вуліцы Астроўскага, на якой прадстаўнікі ўлады выслухалі ўсе прапановы, растлумачыўшы, што самалёт будзе абавязкова ўстаноўлены ў горадзе, але вярнуць яго на ранейшае месца не атрымаецца ў любым выпадку.
Прадстаўнікі грамадскасці прапанавалі вызначыць месца размяшчэння самалёта на тым жа беразе возера. Аднак, па-першае, зона аховы архітэктурнай спадчыны ахоплівае фактычна ўсю прыбярэжную тэрыторыю з паўночнага боку. А па-другое, уздоўж гэтага берага пракладзены газавыя камунікацыі. А значыць, прапанаваны варыянт ажыццявіць немагчыма. 
Якія варыянты разглядаюцца сёння
Пасля працяглай перапіскі і кансультацый з Міністэрствам культуры, аналізу ўсіх магчымых варыянтаў размяшчэння самалёта былі абраны два найбольш верагодныя месцы: на паўднёвым беразе вадаёма за мостам або каля спарткомплексу па вуліцы Авіятараў (там, дзе раней знаходзіўся МіГ-25ПУ). Мы прапануем усім зацікаўленым прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні прапанаваных месцаў размяшчэння самалёта. 
З панядзелка на сайце газеты «Дзянніца», а таксама на старонках Шчучынскага райвыканкама ў папулярных сацыяльных сетках (http://ok.ru/group/52189223059653, https://vk.com/club75053661) распачнецца электроннае галасаванне. Можна скарыстацца і традыцыйнай поштай, адправіўшы ліст у рэдакцыю «Дзянніцы» (г. Шчучын, вул. Гастэлы, 5), або патэлефанаваць у аддзел пісьмаў (тэл.: 27-8-00). На працягу месяца мы будзем вывучаць вашы меркаванні. Канчатковае рашэнне будзе прынята з улікам пажаданняў людзей. Сёння нашым чытачам мы прапануем эксклюзіўнае права першымі ўбачыць эскізы магчымых варыянтаў размяшчэння самалёта МіГ-19С у Шчучыне – горадзе авіятараў.
Аляксандр АМШЭЙ, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама.


Прыкладны варыянт 1: МіГ-19 на паўднёвым беразе Шчучынскага возера

Прыкладны варыянт 2: МіГ-19 на вуліцы Авіятараў ля спартыўнага комплексу