”І гора хапіла, і шчасцем не абдзелены” | Дзяннiца

”І гора хапіла, і шчасцем не абдзелены”

Версия для печатиВерсия для печати

— Чым прывабіла мяне Броня? – паўжартам, паўсур’ёзна перапытвае Антон Людвікавіч. – Прыгажосцю сваёй ды працавітасцю, у яе ўсё ў руках гарэла. Ды і цяпер, хоць і паўвека мінула, яна не сядзіць на месцы. Паглядзіце, і ў хаце парадак, і на падворку, і ў агародзе. Ды і гаспадарку яшчэ трымаем – ёсць карова, свінні, куры.
Сапраўды, дагледжаны дом Касперчукоў у Амбілеўцах патанае ў кветках. Нават не падумаеш, што жывуць тут пажылыя людзі, якія вось-вось адзначаць “залатое” вяселле. Гаспадыня вельмі любіць кветкі, з пяшчотай іх даглядае, як, зрэшты, і ўвесь агарод.
Антон Людвікавіч і Браніслава Іванаўна злучылі свае лёсы ў далёкім  1958 годзе. “Знайшоў” сваю палавінку Антон у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, у калгасе “Бальшавік”, куды быў накіраваны на работу пасля заканчэння Шчучынскага заатэхнікума. Калі Антон і Браніслава зразумелі, што толькі разам пойдуць па жыццёвай дарозе, распісаліся ў сельсавеце. Вяселле не ладзілі, не той быў час, цяжка жылося. Дарэчы, шлюб Касперчукі ўзялі праз 25 гадоў, вянчаліся ў Гродзенскім касцёле. Вось ужо сапраўды іх пачуцці былі правераны часам.
У 1960 годзе Антон прывёз маладую жонку на сваю радзіму. Спачатку жылі ў бацькоўскай хаце, а потым пабудавалі сваю. Антон працаваў у мясцовай гаспадарцы заатэхнікам, потым загадваў фермай. Браніслава таксама працавала, была і касірам, і рахункаводам, потым – намеснікам галоўнага бухгалтара. Працавалі, будаваліся, расцілі дзяцей. Нялёгка было, але маладосці ўсё па сіле.
Гаспадар у размове зазначыў: “Усё ў нас было, і гора хапіла, і шчасцем не абдзелены”. Зразумела гэтыя словы, калі даведалася, што Касперчукі пахавалі дваццацідвухгадовую дачку, у яе было хворае сэрца. Боль страты прыглушыў час, работа ды клопат пра дзяцей – трэба было паднімаць двух сыноў і дачку. Цяпер у дзяцей свае сем’і. Бабуля і дзядуля ганарацца сваім асноўным багаццем – унукамі. Іх у Касперчукоў шасцёра: пяць унукаў і адна ўнучка. Старэйшыя ўнукі ўжо працуюць, а маленькаму Сашку ўсяго паўтара гадочка.
Шкада, што дзеці раз’ехаліся. Віктар жыве ў Валожыне, Юрый і Ганна – у Гродне. І хоць не за край свету жывуць, але не так часта, як хацелася б бацькам, могуць да іх наведацца. Работа, свае турботы і клопаты, іх у гарадскіх жыхароў хапае. “Каб бліжэй былі дзеці і ўнукі, і нам лягчэй было б, і ім таксама, — разважае Браніслава Іванаўна.
Хутка ў доме Касперчукоў будзе весела і гаманліва. Збяруцца дзеці і ўнукі, суседзі і знаёмыя. Падзея ж значная – залатое вяселле. Шчырыя віншаванні будуць заслужана гучаць у адрас людзей, якія праз жыццё пранеслі светлыя пачуцці, дзялілі на дваіх гора і радасць, умелі быць шчаслівымі насуперак капрызам лёсу.

Ала ФЯДОТАВА.