“ДЗІЎНЫ СВЕТ” ЧЭСЛАВА НЕМЭНА | Дзяннiца

“ДЗІЎНЫ СВЕТ” ЧЭСЛАВА НЕМЭНА

Версия для печатиВерсия для печати

У нядзелю, 29 лістапада, у 16-45, гледачы тэлеканала “Лад” убачаць новы дакументальны фільм “Гэты дзіўны свет” (аўтары сцэнарыя - Вера Савіна і Аляксандр Нілаў, рэжысёр Валерый Гаравой).
Фільм распавядзе пра нашага знакамітага земляка з в. Старыя Васілішкі Чэслава Немэна - лепшага польскага музыканта XX стагоддзя, уладальніка непаўторнага голасу, які падарваў свет музычнай халтуры сваім пранізлівым “Dziwny jest ten swiat”.

“ТАМУ ШТО ЛЮБЛЮ…”
- Да зорак не варта набліжацца, - лічыць Вера Савіна, адзін з аўтараў сцэнарыя фільма “Гэты дзіўны свет” і прыхільніца таленту Чэслава Немэна. - Трэба проста паспрабаваць іх зразумець…
Вера Юр’еўна - прафесійны журналіст, трыццаць сем гадоў жыцця аддала любімай прафесіі. З 1990 года піша сцэнарыі фільмаў. На яе рахунку - 25 узрушаючых карцін. Ужо сёлета выйшлі дзве маштабныя работы - дакументальныя фільмы пра Аляксандра Пушкіна і народную артыстку СССР Галіну Макараву.
Чаму менавіта Чэслаў Немэн?
- Усе свае карціны я здымаю, таму што люблю. А тут - асаблівы градус. Бо ўсё, што звязана з гэтым чалавекам у маім жыцці, - не выпадкова. У 1976 годзе, напачатку сваёй творчай кар’еры, я была на канцэрце Чэслава Немэна ў Мінскім палацы спорту, і нават брала ў яго інтэрв’ю. Яно так і не ўбачыла свет, магчыма, па ідэалагічных меркаваннях. Але гэта сустрэча перавярнула маю свядомасць! Менавіта дзякуючы Чэславу, я, як і шматлікія прадстаўнікі майго пакалення, навучылася разумець і шанаваць добрую музыку, адкрыла для сябе паэзію Цыпрыяна Норвіда і іншых польскіх паэтаў. І чым бліжэй знаёмілася з яго ўнікальнай творчасцю, тым больш дзівілася, захаплялася веліччу творцы і асобы.
-Што Вас больш за ўсё здзіўляе ў гэтым чалавеку?
- Мяне вельмі кранае тое, што, стаўшы вядомым на ўвесь свет музыкантам (па колькасці залатых дыскаў спаборнічаў з “Бітлз”, неаднаразова ўздымаў парыжскую “Алімпію”, выступаў на адной сцэне з Марлен Дзітрых і Сціві Уандэрам, гастраляваў у найбуйнейшых заходніх краінах і пры жыцці выдаў тры альбомы з песнямі на магутнай фірме “CBS” (цяпер “Sony” - заўв. аўтара), ён памятаў, адкуль родам, любіў свае Васілішкі, прыязджаў, сустракаўся з землякамі, запрашаў іх на канцэрты, прымаў іх у сябе ў Польшчы. Пасля маёй паездкі на радзіму Чэслава і гутарак з яго землякамі я адчула, што сцэнарый фільм практычна склаўся…
- Вы зразумелі ў Васілішках штосьці важнае?
- Я зразумела, дзе крыніца духоўнасці і прыстойнасці Чэслава Немэна, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю ў свеце шоу-бізнэсу. Чысціня і святло, якія праз жыццё пранёс музыка, - адгэтуль, з дзіцячых мясцін. Шчырая вера ў Бога і любоў да малой радзімы - крыніца, якая падсілкоўвала яго ўсё жыццё.
У сваім фільме мы не замахваемся на польскі перыяд жыцця і творчасці Чэслава Немэна і не збіраемся пераасэнсоўваць яго веліч як артыста, мы проста спрабуем перадаць тую дзівосную атмасферу, дзе вырас Чэслаў Выджыцкі, дакрануцца да яго дзіўнага свету, у якім ён рос і сталеў, спасцігаў галоўныя ісціны…
“ГЭТА БЫЎ РАЙ НА ЗЯМЛІ…”
“Нягледзячы на розныя непрыемнасці, дзяцінства я ўспамінаю з настальгіяй… Гэта быў рай на зямлі”, - казаў Чэслаў Немэн у адным з інтэрв’ю. Паколькі вялікі польскі музыка - выхадзец з вёскі Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна, матэрыял для фільма здымалі менавіта тут. Рэалізавала задумку Веры Савінай і Аляксандра Нілава творчая група студыі дакументальнага кіно Белтэлерадыёкампаніі. Цудоўны рэжысёр Валерый Гаравой, які да здымак фільма быў мала знаёмы з творчасцю Чэслава Немэна, шчыра прасякнуўся ідэяй.
Па словах Валерыя Міхайлавіча, здымаць было складана, а манціраваць 26-мінутны фільм, - яшчэ складаней. Таму што не хацелася банальшчыны, таму што датыкацца да іншага, тонкага свету, - заўжды рызыкоўна і адказна. А перадаць сутнасць на ўзроўні адчуванняў і эмоцый - няпроста…
Узнавіць малюнкі дзяцінства Чэслава членам творчай групы дапамог старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта, які, дарэчы, з’яўляецца кансультантам фільма, і мясцовыя жыхары. Ролю маленькага Чэслава іграе Дзіма Вашчыла, а ўладальнік цудоўнага голасу Саша Ашмянчук – пяе за кадрам. У фільме прагучаць успаміны Соф’і Мухляда, Яніны Паўловіч, Веранікі Маркевіч. Мы ўбачым дом, дзе вырас Чэслаў, касцёл, дзе быў ахрышчаны, яго любімыя дзіцячыя мясціны. Аўтары будуць гаварыць з гледачом мовай прыгожых вобразаў. Эмацыянальнае напружанне створыць музыка Чэслава Немэна і яго ашаламляльны голас.
Дзякуючы фільму “Гэты дзіўны свет” хтосьці адкрые для сябе вялікага земляка, а хтосьці проста лепей зразумее, чаму, стаўшы вядомым музыкантам, ён пісаў:
“Ёсць дзесьці тое, што сэрцу ўсяго бліжэй,
Тое, пра што ніколі не забудуся.
Ёсць такі дом далёка-далёка,
За ім поле і лес,
 а за лесам, там над ракою растуць кветкі,
якіх ужо ніколі не ўбачу…”

Ала БІБІКАВА.
На здымках: дом у Старых Васілішках, дзе нарадзіўся і вырас Чэслаў Немэн (фота аўтара); аўтар сцэнарыя фільма Вера Савіна бярэ інтэрв’ю ў Чэслава Немэна пасля канцэрта ў Палацы спорту ў 1976 годзе (фота Канстанціна Нетылева).