“Ваша “Дзянніца” – як падарунак!” | Дзяннiца

“Ваша “Дзянніца” – як падарунак!”

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў жыхар Слоніма Генрых Альбінавіч Янкоўскі. Падумалася: напэўна, хоча аб’яву ў “Дзянніцу” змясціць… Ажно не. Пацікавіўся сланімчанін асобай аднаго з нашых супрацоўнікаў. Маўляў, нешта не бачна яго прозвішча на старонках газеты. Патлумачыла Генрыху Альбінавічу, што ды як, а ён размову не спыняе. Больш таго – пра раёнку нашу ды журналістаў, як пра добрых знаёмых, распавядае. І нахвальвае.
“Дзякуй, – кажу, – Генрых Альбінавіч, за добрыя словы, але адкуль такая дасведчанасць? Вы ж у Слоніме жывяце…”
Аказваецца, 82-гадовы спадар Янкоўскі стаў жыхаром Слоніма толькі пару гадоў назад. Пераехаў да дачкі Даніелы, калі стала складана ўпраўляцца дома аднаму. А ў душы, як быў, так і застаўся шчучынцам. Тут прайшлі яго лепшыя гады, тут працаваў на “Аўтапровадзе”. “У Шчучыне – мае сябры, – падзяліўся Генрых Альбінавіч. – А каб не сумаваў па іх, дачка падарунак зрабіла – выпісала “Дзянніцу”. Цяпер я з такім задавальненнем яе атрымліваю. Газета вельмі харошая! І вы ўсе – таленавітыя!”
Спытала ў суразмоўцы, ці не мае нараканняў на дастаўку. “Раней, – кажа, – часам здараліся затрымкі, а цяпер усё ў парадку”.
Як шчырыя сябры, развіталіся з Генрыхам Альбінавічам. А калі паклала тэлефонную трубку, падумала, што жыццё параскідала нашых верных падпісчыкаў па ўсіх гарадах і вёсках. І разам з імі “пераехала” па новых адрасах і настальгія: не ідуць з галавы родныя мясціны і сябры-таварышы. А каб пазбавіцца ад яе, можна зрабіць так, як родныя нашага паважанага чытача – выпісаць раёнку. Навіны з газетных старонак “вылечаць” усе душэўныя перажыванні.
А Генрыху Альбінавічу Янкоўскаму са Слоніма зычым здароўя, каб як мага даўжэй заставаўся чытачом нашай “Дзянніцы”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.