І паляць сэрца маладосці дні | Дзяннiца

І паляць сэрца маладосці дні

Версия для печатиВерсия для печати

Таісія Сцяпанаўна і Аляксандр Іванавіч Капіцы“Едем мы, друзья, в дальние края,
Станем новосёлами и ты, и я”
Нячаста гучыць цяпер песня цаліннікаў. Хіба што ў старым фільме пачуеш, або ў радыёперадачы. А для шчучынскага ваеннага пенсіянера Аляксандра Іванавіча Капіцы гэтая песня – як вестачка з маладосці.
Ён быў у ліку тых юнакоў і дзяўчат, якія адпраўляліся на далёкія цалінныя землі з упэўненасцю, што менавіта там больш за ўсё патрэбныя іх малады запал і энергія. Пяцьдзесят чатыры гады прайшло, а ў памяці захавалася ўсё да дробязі з таго “цаліннага” перыяду. І Аляксандр Іванавіч ахвотна падзяліўся сваімі ўспамінамі.

“Ой, ты, дорога длинная,
Здравствуй, земля целинная!”

Хвілінка адпачынку перад перагонкай тэхнікі– Родам я з вёскі Шынкаўцы. Бацька быў дырэктарам школы ў Андрушоўцах. Потым наша сям’я пераехала на ст. Ражанка, бацька працаваў на чыгунцы, мама даглядала нас, траіх хлопцаў, я быў самы малодшы. Пасля заканчэння Ражанкаўскай сярэдняй школы я нейкі час працаваў на бурачным пункце ў мястэчку. Тады якраз партыя і камсамол актыўна заклікалі моладзь ехаць на асваенне цалінных земляў. Па радыё песні гучалі, камсамольскія сходы праходзілі. І ў мяне з’явілася жаданне паехаць на цаліну, але не ведаў, як бацькам сказаць, баяўся, што не пусцяць – “зялёны” зусім быў, у войску яшчэ не служыў. А тут двое ражанкаўскіх хлопцаў сабраліся, і адзін з іх – муж маёй дваюраднай сястры, тут і я да іх далучыўся.
Праводзілі нас урачыста. Першы сакратар райкама камсамола Шыхавец, франтавік, уручыў нам камсамольскія пуцёўкі,  мы паехалі ў Гродна. А там сфарміраваўся цалінны эшалон, каля трохсот маладых энтузіястаў ехалі ў далёкі край. А ў Маскве яшчэ дабавіліся. Нас, гродзенскіх юнакоў і дзяўчат, суправаджалі ажно да месца работнікі абкама камсамола. Добра запомніў прозвішча аднаго з іх – Фамічоў.
У дарозе мы былі сем сутак. На восьмыя прыбылі ў канцавую кропку нашага маршруту – Какчатаўскую вобласць, саўгас “Раздольны”. Нас сустрэў дырэктар саўгаса, яго прозвішча – Саракавумаў, яшчэ былі галоўны інжынер і парторг. Вось і ўсе работнікі. Нас размясцілі ў вёсцы Лінееўка, дзе жылі паволжскія немцы. Там былі тры доўгія вуліцы. Адразу пасялілі ў клубе, а потым па кватэрах размеркавалі.
Хутка нашы рамантычныя ілюзіі разбіліся аб суровыя выпрабаванні. Вясна 1955 года выдалася жудасна халоднай. На дварэ – завіруха, мароз. У нас адзення зімовага не было.
Давялося праявіць і вытрымку, і сілу волі. У нас тады свая “гартавалася сталь”. Сфарміравалі брыгады па 30-40 чалавек. Жылі ў вагончыках, трактары перацягвалі іх з месца на месца. Яшчэ добра, што чыгуначная станцыя знаходзілася недалёка, за дванаццаць кіламетраў ад саўгаса. Хутка дастаўляліся прадукты і паліва. Спачатку не было ні магазіна, ні палявой кухні. Прыцягнуць вагончык з прадуктамі – а там мерзлы хлеб, кансервы. Бярэш бляшанку, кашу або боршч, разаграваеш і падсілкоўваешся. Дарэчы, усё было пабудавана на сумленні. Ніхто не браў лішняга, нікому не прадаваў, ні ад каго не хаваў. Захочаш есці – бяры, усё ў вагончыку. Пазней ужо з’явіліся палявыя кухні, будаваліся фінскія домікі, быт цаліннікаў наладжваўся.
Я працаваў на трактары. У час сяўбы або жніва выхадных не было. Завяршалі работу – тады адпачывалі. Танцы ладзілі, розныя вечарыны. І гучалі тады рускія, беларускія, украінскія песні.
У першы год не ўдалося добры ўраджай сабраць. Згарэла пшаніца, дажджоў не было ажно да жніва. А прыйшоў час уборкі – ліўні зарадзілі, не было як убіраць. Толькі на наступны год сабралі багаты ўраджай. Асабліва прыемна было бачыць горы пшаніцы на элеватарах. Адгружалі зерне і ў Гродзенскую вобласць. Я тады хацеў паехаць дамоў, мне ж у войска трэба было ісці, а дырэктар саўгаса ўпрасіў застацца, зерне трэба было вывезці, і суседняму саўгасу дапамагчы. Так што ў войска я трапіў толькі на наступны год.
На цаліне я прабыў два гады, і ўспамінаю той перыяд з цеплынёй і радасцю, хоць гэта быў час выпрабаванняў на трываласць, час фізічнай і духоўнай загартоўкі. Але гэта была маладосць,і ўсё было па сіле.
Дарагая рэліквія
Пасля арміі, а служыў Аляксандр у войсках супрацьпаветранай абароны ажно ў г. Арджанікідзе, на Каўказе, вярнуўся ён дамоў у Ражанку, уладкаваўся працаваць вадзіцелем. На выхадныя наведваўся да дваюраднага брата ў мястэчка Ражанка. Там шмат моладзі, танцы ў клубе, весела. Брат пакідаў яго начаваць у інтэрнаце. Аднойчы на танцах Аляксандр пазнаёміўся з дзяўчынай па імені Таіса, якая стала яго спадарожніцай на ўсё жыццё. Таіса родам з Полацка, у Ражанку прыехала працаваць па накіраванні, яна – зубны ўрач.
Быццам учора было вяселле, а вось ужо сорак пяць гадоў разам крочаць па жыцці Аляксандр Іванавіч і Таісія Сцяпанаўна Капіцы. Як адзін дзень прамільгнула жыццё. Капіцы шмат гадоў жывуць у Шчучыне. Вырасцілі дачку і сына. Наталля выкладае англійскую мову ў мінскім ліцэі, а Максім застаўся жыць і працаваць у родным горадзе. Хаця родным, па месцы нараджэння, ён можа лічыць польскі горад Шчэцін. Там Капіцы пражылі з 1975 па 1980 год. А трапілі яны туды вось як. Напачатку сямейнага жыцця Аляксандр Іванавіч працаваў вадзіцелем у раённым камітэце партыі. Праз некаторы час яму прапанавалі пайсці на службу ў Шчучынскі гарнізон. Як галава сям’і ён паразважаў і прыняў прапанову. На той час зарплата прапаршчыка была дастойная, а да дысцыпліны нашаму герою было не прывыкаць. Праслужыў ён у авіяцыі дваццаць восем гадоў. Армейскія дарогі прывялі яго і ў польскі горад Шчэцін, дзе стаяла дывізія савецкіх войскаў.
Аляксандр Іванавіч – чалавек сціплы, і ў гутарцы сябе не выстаўляў. Дзякуй суседцы М.І. Вінчэўскай, якая па-настаўніцку дакладна дала аб’ектыўную характарыстыку былому цалінніку і вайскоўцу і раскрыла некаторыя сакрэты. Аказваецца, у свой час Аляксандр цудоўна спяваў і іграў на гармоніку. Яшчэ ў яго залатыя рукі і добрая душа, ён ніколі ні пра каго не сказаў дрэннага. Заўсёды гатовы выручыць і дапамагчы. І што важна, ён не здраджвае сваім маральным каштоўнасцям. Як доказ, Аляксандр Іванавіч беражліва захоўвае свой камсамольскі білет. Для яго – гэта дарагая рэліквія, сведка часу, дзе было шмат чаго добрага і светлага.
Ала ФЯДОТАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА
 і з “цаліннага архіва” А.І. Капіцы.