Які шчаслівы выпадак! | Дзяннiца

Які шчаслівы выпадак!

Версия для печатиВерсия для печати

Шчучынцы сустрэліся з народнымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам
Юбілейная канцэртная праграма пад назвай “Любоў – лёс” прайшла з сапраўдным фурорам. У зале раённага Дома культуры рабілася неверагоднае: публіка спявала “Малінаўку”, крычала “Брава!”, дарыла кветкі артыстам. Ад такога напалу эмоцый самі сабой зніклі апасенні наконт ВРВІ і грыпу (якія ў гэты тыдзень асабліва “разгуляліся”). “Добрая музыка знішчае вірус!” – супакоіла суседка.
Даўно я не адчувала такой лучнасці спевакоў і гледачоў, хаця канцэрты заезджых артыстаў стараюся не прапускаць. Іншы раз як ні стараецца артыст завесці публіку, нічога не атрымліваецца. Ветлівыя апладысменты – і толькі. А тут з такой шчырай радасцю, нібы дарагую госцю, сустракалі кожную песню. Для многіх гледачоў некаторыя песні дуэта былі трапяткой вестачкай з юнацтва, бо разам з новымі творамі гучалі любімыя старыя хіты – “Малінаўка”, “Завіруха”, “Белы ветразь”, “Я у бабушки живу” і іншыя, што ў свой час прынеслі поспех і папулярнасць спевакам.
– Вось гэта сапраўды народныя артысты, – дзяліліся ўражаннямі гледачы пасля канцэрта. Кожны з іх вынес  добрыя эмоцыі і надзею, што жыццё напоўніцца  прыгажосцю, дабрынёй, музыкай, чаго шчыра пажадалі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.

“Мы навучыліся разумець адзін аднаго, цаніць і любіць”
Асабіста я вельмі паважаю дуэт Паплаўская – Ціхановіч. Уражвае іх доўгі творчы і сямейны саюз. Яны дастойна прадстаўляюць нашу краіну на вялікіх музычных форумах, вядуць актыўную гастрольную дзейнасць, адпрацавалі больш за дзесяць тысяч канцэртных праграм. Высокі прафесіяналізм і талент – галоўныя складаючыя іх поспеху. А яшчэ, як мне здаецца, гледачоў вельмі падкупляе непадробная шчырасць іх адносін, якую яны перадаюць праз цудоўныя песні.
І ўсё ж на сустрэчу з артыстамі ішла з хваляваннем. Успомніла папярэджанне: “Не сатвары сабе куміра!” Бывае, створыш сабе вобраз і спадзяешся, што рэальны чалавек цалкам адпавядае яму. Калі атрымліваецца не так, прыходзіць расчараванне. Вось гэтага ў даны момант адчуць зусім не хочацца. Тым больш, што напярэдадні ўключыла ў абед радыё і пачула, як Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч заклікалі людзей дапамагчы хворым дзецям, дзецям-сіротам, якім неабходны лякарствы, зімовае адзенне, абутак. Артысты выступалі ў рамках акцыі “Прикосновение к жизни”, якую праводзіў першы нацыянальны канал. Хацелася шчыра падзякаваць ім за неабыякавасць, за адчуванне чужога болю.
Спевакі далі інтэрв’ю пасля канцэрта. Пераадолеўшы шлях у 220 кіламетраў, сумленна адпрацаваўшы дзве гадзіны на сцэне, яны яшчэ знайшлі сілы і жаданне адказаць на шматлікія пытанні журналістаў, адначасова даць аўтографы прыхільнікам іх таленту і выслухаць вершаваныя пажаданні юных паэтаў. Ядвіга Канстанцінаўна пакарыла мяне тактоўнасцю і добразычлівасцю, а яе моцная палавіна – шчырымі і прамымі адказамі на самыя далікатныя пытанні.
– Хто з вас падбірае рэпертуар?
– Гэта мы робім разам. Увогуле мы ўзялі за правіла не шукаць, хто галоўны. Працуем разам, і ўсё атрымліваецца. Стараемся выбіраць песню, якая закране сэрца слухача, падорыць добрыя эмоцыі. Невыпадкова на канцэртах гучыць шмат старых песень, іх любяць слухачы.
– Быць увесь час разам, дома і на рабоце – гэта ж неймаверна цяжка. Калі ж вы “адпачываеце” адзін ад аднаго?
– Мы навучыліся гэта рабіць і на рабоце, і дома. Мы не перашкаджаем адзін аднаму, паважаем інтарэсы, прывычкі. Мы даўно разам, і за гэты час навучыліся разумець адзін аднаго, цаніць, любіць. Ведаеце, як я ў свой час да Ядвігі падбіраўся? (Аляксандр усміхаецца). З яе сяброўкамі сустракаўся, праводзіў з танцаў, каб быць бліжэй да яе. А яна нікога не заўважала, для яе існавала толькі музыка. Мы сустракаліся больш за два гады, пакуль пажаніліся.
– Разам вы перажылі і … вельмі цяжкі перыяд. Калі вам балюча пра гэта ўспамінаць, то не трэба.
– Што было, тое было (адказаў Аляксандр). Калі цябе ў палон бярэ дрэнная звычка (хаця гэта мякка сказана), дакладней, хвароба духу, то трэба лячыць дух. Для гэтага існуе храм. Хто гэта зразумеў – выратаваўся і жыве. А многія пайшлі з жыцця з-за сваёй слабасці… Я сам папрасіў Бога аб дапамозе, канешне, побач былі і Ядвіга, і сябры. У нас шмат сапраўдных сяброў.
– Чым займаецца ваша дачка?
– Насця – прафесіянальны музыкант, акрамя таго, яна цудоўна спявае, удзельнічае ў розных фестывалях і конкурсах. Цяпер яна працуе над новымі песеннымі кампазіцыямі і праектамі ў прадзюсерскім цэнтры “ПрофіАртВілеон”.
У нас ёсць унук Іван, яму шэсць гадоў і ён вялікі паклоннік … камп’ютара.
– А праўду гавораць, што ўнукаў любяць больш за дзяцей?
– Да Івана мы ставімся вельмі пяшчотна і беражліва, бо ён жа маленькі. Тут асобыя адносіны, канешне.
– Як вы праводзіце водпуск? Дзе любіце адпачываць?
– З гэтым у нас цяжкавата. Але любім адпачываць усе разам. Сёлета, напрыклад, мы ўсе дзеля Івана паехалі ў Еўпаторыю і цудоўна там адпачылі.
– Хочацца даведацца пра вашы кулінарныя прыхільнасці. Якія вашы любімыя стравы?
– Нашы любімыя стравы – смачныя! (пажартаваў Аляксандр). Ядвіга любіць абсалютна ўсё, а я ем больш гародніны, рыбы, мяса ўжываю мала.
– Як магчыма есці ўсё і захаваць такую фігуру, як у Вас, Ядвіга?
– Проста даўно ўзяла за правіла штодзённа рабіць зарадку. А ў свой час сур’ёзна захаплялася ёгай. Але гэта было не дзеля фігуры, а дзеля здароўя.
– Што б вы пажадалі нашым чытачам?
– Здароўя, радасці, цеплыні ў доме, на доўгія гады захаваць уменне па-дзіцячы радавацца і здзіўляцца. Каб у кожнага ў жыцці быў свой шчаслівы выпадак.
* * *
Праз дзень дуэт даваў канцэрт у Слоніме, а сёння ён у Маскве, радуе сваім мастацтвам сталічную публіку. У планах на бліжэйшы час – паездкі ў Краснаярск і Улан-Удэ. Для музыкі любві няма адлегласцей.

У тэму
Аляксандр Ціхановіч закончыў аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Ядвіга Паплаўская – Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе фартэпіяна і аддзяленне кампазіцыі. Была ў ліку заснавальнікаў ВІА “Верасы”, удзельнікам якога стаў і Аляксандр Ціхановіч. Аляксандр пазнаёміўся з Ядвігай яшчэ да прыходу ў “Верасы”, аднак будучую сям’ю стварыла сумесная творчасць у калектыве.
У 1986 годзе Аляксандр і Ядвіга развіталіся з “Верасамі” і ў наступным годзе сталі ўдзельнікамі Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Пасля перамогі на конкурсе “Песня-88” з песняй “Шчаслівы выпадак” (муз. Э. Ханка, сл. Л. Рубальскай) Паплаўская і Ціхановіч стварылі дуэт з такой жа назвай, а пазней аднайменную групу. У 1988 годзе арганізаваўся Тэатр песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, у 1994 годзе Тэатр песні ператварыўся ў “Студыю А. Ціхановіча і Я. Паплаўскай”, праз якую прайшло шмат маладых выканаўцаў, там і цяпер робяць запісы маладыя спевакі.

Кветкі для Ядвігі
У зале побач са мной сімпатычная жанчына беражліва трымала цудоўны букет пунсовых руж.
–Як Вы думаеце, калі ўручыць кветкі? – спытала яна.
– Можа, пасля песні, якая Вам найбольш падабаецца? – параіла я.
– Тады пачакаю “Завіруху”, – абрадавалася жанчына. – Ведаеце, я жыву ў Арэнбургу, як пачую па тэлевізары “Завіруху” ў выкананні беларускага дуэта, усё кідаю, сядаю ля экрана, слухаю, а слёзы самі цякуць, міжволі.
Госцю з Арэнбурга завуць Вольга Мікалаеўна Пяшкова. Яна з сынам Уладзіславам, васьмікласнікам, прыехала ў Шчучын да цёці, бацькавай сястры, Галіны Рыгораўны Герасімчык. Усе разам пабывалі на радзіме бацькі Вольгі Мікалаеўны – у вёсцы Спуша. (На жаль, бацькі ўжо няма ў жывых). У вёсцы жыве бацькаў брат, а яшчэ адзін, старэйшы, там пахаваны.
У далёкі Арэнбург маці з сынам павязуць невялікую сасёнку і мяшочак са спушанскай зямлёй. Няхай беларуская сасна ўкараніцца на расійскай зямлі і будзе сімвалам яднання двух народаў.
– Муж мой родам з Самары – расіянін, – зазначыла Вольга Мікалаеўна. – А сын выбраў нацыянальнасць дзеда – беларус. Я нават здзівілася такому яго рашэнню, абсалютна самастойнаму.
Мы ад Шчучына ў захапленні, – дзялілася ўражаннямі жанчына, – горад чысты, прыгожы, людзі адкрытыя, добразычлівыя. І што нас яшчэ парадавала, дык гэта вёскі. Там дамы дагледжаныя, парадак кругом. Я вельмі задаволена, што паказала сыну радзіму яго дзеда.
А гэты канцэрт – нечаканы падарунак для нас.
Песню “Завіруха” Вольга слухала са слязамі на вачах. На апошніх акордах паспяшалася да сцэны і ўручыла ружы Ядвізе Паплаўскай.
Ала ФЯДОТАВА.
Фота Алы БІБІКАВАЙ.